Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі будуць патрабаваць фота пры падключэньні да мабільнага апэратара?


mts logo
mts logo

Пры рэгістрацыі абанэнтаў мабільны апэратар МТС будзе патрабаваць фатаздымак абанэнта, распавялі Свабодзе чытачы.

У салёне апэратара пацьвердзілі: пры заключэньні пагадненьня (напрыклад, падключэньні sim-карты ці хатняга інтэрнэту) ад 17 верасьня будуць патрабаваць зрабіць фота. Хутчэй за ўсё, тое будзе рабіцца на месцы, у салёне. Гэта зьвязана з новымі патрабаваньнямі Міністэрства ўнутраных спраў, сказаў карэспандэнту Свабоды кансультант МТС.

Кіраўніцтва МТС адказала Свабодзе, што «будзе дзейнічаць згодна з заканадаўчымі актамі, якія набываюць сілу 18 верасьня». Прэс-сакратары іншых беларускіх мабільных апэратараў ня чулі пра абавязковае фатаграфаваньне абанэнтаў.

У прэс-службе МУС зьдзівіліся такому патрабаваньню і параілі зьвярнуцца да пастановы МУС, ААЦ і Мінсувязі № 211/11/9 ад 5 жніўня (PDF), дзе пра фатаздымкі нічога не гаворыцца.

«Пытаньне не ў фатаздымку. Пытаньне ў тым, што яны будуць правяраць сапраўднасьць пашпарта, — тлумачыць Свабодзе прэс-сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч. — У іх усталяваная спэцыяльная сыстэма, як на памежным пункце, якая будзе пацьвярджаць сапраўднасьць дакумэнта паводле зьвестак нашай аўтаматызаванай сыстэмы „Пашпарт“».

Пастанова, пра якую вядзецца гаворка, прынятая на падставе ўказу Лукашэнкі № 98 ад 15 сакавіка, які быў скіраваны найперш на барацьбу зь нелегальнай IP-тэлефаніяй — але ледзь не забараніў Skype і Viber.

У згаданым указе №98 утрымліваецца наступная фармулёўка:

«Арганізацыі, якія выконваюць ад імя апэратараў электрасувязі юрыдычна значныя дзеяньні ў дачыненьні да абанэнтаў і (або) карыстальнікаў паслугаў электрасувязі, ажыцьцяўляюць <...> ідэнтыфікацыю абанэнта і (або) карыстальніка паслугаў электрасувязі з ужываньнем сродкаў фота- і відэафіксацыі пры аказаньні яму паслугаў і захоўваньне названых зьвестак ня менш за 6 месяцаў».

Такім чынам, МТС, магчыма, прыраўняў свае ўласныя салёны да «арганізацыяў, якія выконваюць ад імя апэратараў электрасувязі юрыдычна значныя дзеяньні ў дачыненьні да абанэнтаў», а «ідэнтыфікацыю з ужываньнем сродкаў фота- і відэафіксацыі» — як патрабаваньне мець уласны здымак абанэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG