Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім, Канапацкая і беларускае кола сансары


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Першы дзень пасьля выбараў у Беларусі традыцыйна пачынаецца з сумных жартаў. Лента фэйсбуку пераўтвараецца ў глябальнае спаборніцтва іранічных і саркастычных камэнтароў, поўных ці то адчаю (усё зноўку кепска) ці то ганарлівасьці (мы ж казалі, што ўсё так і будзе). Здаецца, ніводны сцэнар разьвіцьця падзеяў ужо не можа нас сапраўды парадаваць, бо ў кожным з варыянтаў нам бачыцца тэорыя змовы.

«Усю дарогу» Тацьцяну Караткевіч абвінавачвалі ў змове з уладамі, у тым, што яна стане «кішэннай кандыдаткай». Але яна ня трапіла ў Палату прадстаўнікоў. Гэта не надта сканфузіла ейных апанэнтак і апанэнтаў, — цяперака ёсьць новыя пэрсоны, якіх, я ўпэўнена, апэратыўна абвінавацяць у супрацоўніцтве са спэцслужбамі. Сёньняшнія гераіні — адзіныя дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў новага скліканьня, не ляяльныя да дзеючай улады, Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

Алена Анісім і Ганна Канапацкая
Алена Анісім і Ганна Канапацкая

Абмяркоўваючы той факт, што ў Палаце прадстаўнікоў цяперака будуць жанчыны, якія крытычна ставяцца да сытуацыі ў краіне, удзельніцы і ўдзельнікі дыскусій збольшага спрабуюць адказаць на пытаньне «Навошта гэта ўладам?». Паверыць у справядлівасьць і адкрытасьць гэтых выбараў досыць цяжка — варта ўзгадаць хоць бы масавы прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні. Студэнцтва, вайскоўцаў, зьняволеных і іншыя «катэгорыі грамадзянаў» заахвочвалі галасаваць датэрмінова — альбо подкупам (студэнтам абяцалі вызваленьне ад заняткаў на 1 альбо 2 дні) альбо шантажом (пагрозы аб праблемах на працы і інш.).

Дэпутацкія мандаты Ганны Канапацкай і Алены Анісім могуць дапамагчы ўладам дабіцца прызнаньня гэтых выбараў.

Дэпутацкія мандаты Ганны Канапацкай і Алены Анісім могуць дапамагчы ўладам дабіцца прызнаньня гэтых выбараў. Бо апазыцыя прадстаўлена ў парлямэнце — і больш за тое, прадстаўлена жанчынамі. Шырока крочым мы ў сьветлую будучыню, дзе ёсьць і дэмакратыя, і гендэрная роўнасьць. Дакладней, ужо прыйшлі. Я б нават сказала, дагналі і перагналі. Іншае пытаньне, наколькі фармальныя квоты дапамагаюць рэальнаму разьвіцьцю, калі альтэрнатыўныя галасы ўсё адно блякуюцца праўладнай маскулінна арыентаванай большасьцю.

У адпаведнасьці з традыцыямі жанру, у гэтым месцы павінна быць выснова пра бессэнсоўнасьць квотаў для жанчын і пра бясплённасьць іншых формаў так званай пазытыўнай дыскрымінацыі. Але гэты лягічны крок вядзе ў пустэчу і бясконцае беларускае кола сансары, зь якога ніколі не выбрацца, таму лепей і не спрабаваць.

Я прапаную зрабіць іншы лягічны крок і якой бы незвычайнай ні падалася гэтая прапанова, парадавацца. Не наіўнай радасьцю, поўнай ілюзій пра глябальную перамогу, але радасьцю як вынікам працы. З намі вымушаны пачынаць лічыцца.

Сёньня Беларусь вымушана гуляць па сусьветных правілах, і ўлады ўжо прызнаюць гэта як факт.

Сёньня Беларусь вымушана гуляць па сусьветных правілах, і ўлады ўжо прызнаюць гэта як факт. Заяўленая «жаночая квота» ў нашым Парлямэнце — 30%. У Палаце прадстаўнікоў новага скліканьня прысутнічаюць 36 жанчын (агульная колькасьць месцаў — 110). 30% лічыцца добрым паказчыкам, але відавочна, што гэта далёка ад справядлівасьці ў краіне, дзе жанчыны складаюць 54% ад агульнай колькасьці насельніцтва.

Як і шматлікія іншыя беларускі і беларусы, я маю слабасьць да тэорыяў змовы. Як кажуць, калі ў вас параноя — гэта ня значыць, што за вамі не сочаць. Калі прааналізаваць палітычныя дзеяньні жанчын, што займаюць высокія дзяржаўныя пасады ў Беларусі, то зьяўляецца адчуваньне, нібыта іх прызначылі, каб у шырокіх мас склалася агульнае адмоўнае ўражаньне ад жанчын ва ўладзе. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляе, што нармальны чалавек палітыкай цікавіцца ня стане, міністарка працы і сацыяльнай абароны заклікае мужчын «круціцца» і працаваць у некалькіх месцах адначасова.

Калі прааналізаваць палітычныя дзеяньні жанчын, што займаюць высокія дзяржаўныя пасады ў Беларусі, то зьяўляецца адчуваньне, нібыта іх прызначылі, каб у шырокіх мас склалася агульнае адмоўнае ўражаньне ад жанчын ва ўладзе.

Наяўнасьць жанчын ва ўладзе яшчэ ня значыць, што заканадаўства рэзка стане больш гуманным, што зьнікне гендэрная дыскрымінацыя, выбары стануць празрыстымі, адкрыюцца новыя прадпрыемствы, зарплаты вырастуць, цэны ўпадуць, знойдуцца лекі ад ВІЧ і сьнег узімку будзе сам сябе прыбіраць з дарог.

Анісім і Канапацкая не пабудуць новую Беларусь у чатыры рукі. Хутчэй за ўсё, Няміга ўсё так жа будзе затапляцца падчас залеваў, танкі ўсё так жа будуць руйнаваць асфальт у цэнтры Менску, жыхары памежных з Польшчай і Літвой раёнаў усё так жа будуць перавозіць за мяжу кантрабандныя цыгарэты.

Мы жывем у краіне, дзе спасылкі на Канстытуцыю ўспрымаюцца з горкай і крыху гістэрычнай усьмешкай, супрацоўнікі дарожных службаў беспакарана «пасылаюць» кіроўцаў аўто, бацькі фінансуюць рамонты ў дзіцячых садах і школах, а пэнсіі па інваліднасьці хапае хіба што на лекі. Мне здаецца, нам усім вельмі патрэбны маленькі цуд. Хай новыя кандыдаткі нас парадуюць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG