Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНДР правяла выпрабаваньне самага магутнага ядзернага боезараду


Выпрабаваньне паўночнакарэйскай балістычнай ракеты, запушчанай з субмарыны 24 красавіка 2016 году
Выпрабаваньне паўночнакарэйскай балістычнай ракеты, запушчанай з субмарыны 24 красавіка 2016 году

У пятніцу раніцай Паўночная Карэя правяла пятае па ліку выпрабаваньне ядзернай зброі.

Паўночная Карэя правяла ў пятніцу чарговае, пятае па ліку і самае магутнае ядзернае выпрабаваньне, паведамляюць афіцыйныя паўднёвакарэйскія прадстаўнікі.

Сэйсьмічная актыўнасьць магнітудай 5,3 бала была зафіксаваная ў тым жа раёне, дзе былі ажыцьцёўленыя чатыры папярэднія выпрабаваньні, апошняе зь iх — у студзені гэтага году.

Як заявіла прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе, выпрабаваньне ядзернай зброі зьяўляецца парушэньнем рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, якое прывядзе да ўзмацненьня жорсткасьці санкцыяў і далейшай ізаляцыі Пхэньяну: «Падобныя правакацыі толькі паскараюць рух паўночнакарэйскага рэжыму да самаразбурэньня». Паўднёвакарэйскі прэзыдэнт назвала паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына «фанатычным і безадказным» чалавекам.

Магутнасьць пятнічнага выпрабаваньня — 10 кілятонаў, што амаль удвая больш за сілу папярэдніх выбухаў. Магутнасьць атамнага выбуху, які зьнішчыў Хірасіму, была роўная 15 кілятонаў.

Паводле словаў прэм’ер-міністра Японіі Сіндза Абэ, дзеяньні Пхэньяну, калі факт ядзернага выпрабаваньня пацьвердзіцца, зусім непрымальныя.

Злучаныя Штаты і Японія накіравалі да берагоў Паўночнай Карэі свае самалёты-выведнікі для ўзяцьця пробаў паветра і праверкі ўзроўню радыяцыі паблізу раёну выпрабаваньняў.

Студзеньскае выпрабаваньне ядзернай зброі прывяло да асуджэньня Паўночнай Карэі Радай Бясьпекі ААН і ўвядзеньня новых санкцыяў. Неспакой міжнароднай супольнасьці выклікае паскарэньне КНДР гонкі ўзбраеньняў, што выяўляецца ў частых выпрабаваньнях і ядзерных боезарадаў, і здольных несьці іх балістычных ракет, уключаючы сродкі падводнага базаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG