Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даляры — добра, але ежа — яшчэ лепей


Чаму беларусы масава здаюць валюту?

Удзельнікі: Ўладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык

Карбалевіч: Паводле дадзеных Нацбанку, беларусы ў жніўні прадалі рэкордны ў гэтым годзе абʼём валюты наяўнымі: 670,4 млн даляраў, што на 16% больш ліпеня. Зразумела, адначасова беларусы і куплялі валюту. Аднак чысты продаж наяўнай валюты склаў 319,3 млн даляраў. З пачатку году беларусы прадалі на чыстай аснове ўжо 1,5 млрд даляраў у эквіваленце.


Ці шмат засталося яшчэ валюты ў беларускіх грамадзян? Паводле афіцыйных дадзеных, валютныя ўклады фізычных асобаў на банкаўскіх дэпазыты складаюць 7,65 млрд. даляраў.

У грамадзян упалі рублёвыя даходы і магчымасьці купляць валюты зьменшыліся. А зь іншага боку, у насельніцтва пры зьніжэньні ўзроўню даходаў захоўваецца звычка да ранейшага ўзроўню спажываньня

Колькі грошай хаваюць людзі дома, пад матрацам ці ў панчохах дакладна ніхто ня ведае. Па прыблізных ацэнках гэта яшчэ некалькі мільярдаў даляраў. Дык вось прыкладна палову здадзенай валюты грамадзяне здымаюць з банкаўскіх рахункаў, а палову — з хатніх запасаў. Нагадаю, што мінулыя гады беларусы больш куплялі валюты, чым здавалі. Бо былі вялікія дэвальвацыйныя чаканьні. І людзі хацелі захаваць, ашчадзіць свае даходы і куплялі валюту.

Чаму беларусы гэтым годам больш здаюць валюту, чым купляюць? Экспэрты тут называюць дзьве прычыны. Па-першае, зьменшыліся дэвальвацыйныя чаканьні, панічныя настроі. Бо цьвёрдая манэтарная палітыка Нацбанку, пэўная стабілізацыя абменнага курсу трохі супакоілі людзей. Другая прычына і самая галоўная. У грамадзян упалі рублёвыя даходы і магчымасьці купляць валюты зьменшыліся. А зь іншага боку, у насельніцтва пры зьніжэньні ўзроўню даходаў захоўваецца звычка да ранейшага ўзроўню спажываньня. Таму трацяцца старыя зьберажэньні.

То бок, значная частка беларусаў прызвычаілася жыць лепш, чым рэальна зарабляць. У пэўным сэнсе ўлады прывучылі. Доўгі час краіна жыла не па сродках. І па сутнасьці працягвае так жыць, бо цяперашні ўзровень жыцьця ўлады падтрымліваюць за кошт крэдытаў. І мяняць узровень спажываньня беларусы ўпарта ня хочуць. Да добрага лёгка прызвычайваюцца.

Магчыма, беларусы вераць запэўніваньню ўладаў, што цяперашнія цяжкасьці ў эканоміцы — часовыя, што хутка крызыс закончыцца, што ўжо зьявіліся першыя прыкметы эканамічнага падʼёму. Усьведамленьне таго, што крызыс у Беларусі — гэта ўсур’ёз і надоўга, пакуль не прыйшло, ня стала дамінантай грамадзкіх настрояў. Таму, каб перачакаць цяжкія часы, людзі і здаюць валюту.

Глод: Ёсьць такі папулярны жарт пра тры стадыі дачыненьняў беларусаў з грашыма. Першая стадыя — няма грошай. Другая — зусім няма грошай. Трэцяя — трэба ісьці ў абменьнік здаваць валюту. Падобна, што зараз бальшыня насельніцтва ўжо дасягнула трэцяй стадыі. І таму самы просты адказ на пытаньне спадара

Карбалевіч: Даляры здаюць таму, што не хапае на ежу.

Гэтая першая думка, якая прыходзіць. Але ці можа яна быць адзінай прычынай таго, што беларусы масава пайшлі ў абменьнікі? Фінансавыя аналітыкі болей схіляюцца да думкі, што валюту здаюць дзеля таго, каб падтрымаць ранейшы ровень жыцьця. І сапраўды, прыбыткі насельніцтва зьнізіліся як у рэальным выражэньні, так і ў даляравым эквіваленце. У такой сытуацыі спажывецкія выдаткі людзей таксама павінны былі б зьнізіцца. Статыстыка Нацыянальнага банку такі працэс пацьвярджае. Але ў ім ёсьць адна асаблівасьць — ровень спажываньня падае не так хутка, як зьніжаюцца рэальныя даходы. Значыць, многія людзі трацяць валюту, каб захаваць свой дакрызісны ровень жыцьця.

Дэпазыты ў рублях ужо не даюць былога прыбытку

Тут, як мне падаецца, спрацоўвае і псыхалёгія. Людзі памятаюць, як у 2009 і 2011 гадах заробкі рэзка зьніжаліся. Але праз нейкі час яны вярталіся на звыклы ровень. Таму многія спадзяюцца, што былыя прыбыткі хутка вернуцца. Пакуль людзі ня могуць ці ня хочуць зразумець, што падзеньне даходаў будзе насіць зацяжны характар. Да таго ж і Лукашэнка, і Кабякоў, і іншыя высокія чыноўнікі раз за разам абяцаюць: засталося пачакаць яшчэ крышачку, у эканоміцы пачынаюцца станоўчыя зрухі. Насельніцтва пакуль гэтаму верыць.

А вось у што людзі ўжо бадай спыніліся верыць, гэта ў тое, што рублёвы ўклад дасьць большыя дывідэнды за валютны. Дэпазыты ў рублях ужо не даюць былога прыбытку. І таму вэрсія, што людзі нясуць валюту ў абменьнік, каб купіць на яе рубель і адразу пакласьці яго ў банк, мне падаецца, адпадае.

Глябальная прычына — гэта эканамічны крызыс і адсутнасьць разуменьня таго, што гэты крызыс не на месяц, не на два, не на год, а сыстэмны крызыс — гэта вынік той палітыкі, якая ўвесь час праводзілася

Спадар Карбалевіч слушна казаў, што беларусы нясуць валюту ў абменьнікі ўжо не адзін месяц запар. Я памятаю, напрыканцы вясны многія казалі: улетку ўсё зьменіцца. Гэта быў такі традыцыйны погляд. Маўляў, спрацуе так званы фактар летніх адпачынкаў. Беларусы пачнуць езьдзіць на мора за мяжу, а там патрэбная валюта. Аднак падзеньне прыбыткаў прывяло да таго, што адпачываць сёлета паехала істотна меней жыхароў Беларусі. Былога ажыятажнага попыту на валюту ўжо няма. Вось яшчэ адна прычына цяперашняй сытуацыі з валютай.

Навумчык: Галоўная прычына — абсалютна зразумелае жаданьне людзей захаваць ранейшы ўзровень жыцьця, якім бы ён сьціплым для шмат якіх катэгорый насельніцтва ня быў. Канешне, спрацоўваюць пэўныя сэзонныя фактары. Падчас адпачынкаў людзі, здаецца, павінныя былі б купляць валюту, а не здаваць. Зараз верасень, трэба выпраўляць дзяцей у школу. Глябальная прычына — гэта эканамічны крызыс і адсутнасьць разуменьня таго, што гэты крызыс не на месяц, не на два, не на год, а сыстэмны крызыс — гэта вынік той палітыкі, якая ўвесь час праводзілася, у тым ліку і падвязкі да расейскіх энэрганосьбітаў, і можна чакаць, што гэты працэс будзе працягвацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG