Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі нарастае расслаеньне людзей па ўзроўні даходаў?


У Беларусі расьце эканамічнае няроўнасьць сярод розных слаёў насельніцтва. У прыватнасьці, пачынаючы з 2013 году павялічваецца розьніца ва ўзроўні даходаў у жыхароў розных рэгіёнаў. Чаму так адбываецца? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч і Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: У Беларусі расьце эканамічнае няроўнасьць сярод розных слаёў насельніцтва. У прыватнасьці, пачынаючы з 2013 году павялічваецца розьніца ва ўзроўні даходаў у жыхароў розных рэгіёнаў. Да такіх высноў прыйшоў у сваім дасьледаваньні «Няроўнасьць у аплаце працы ў Беларусі: рэгіянальны аспэкт» экспэрт Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Алег Мазоль.

«Няроўнасьць пачала расьці з 2013 году. Узровень заробкаў у раёнах Беларусі ўсё больш прыкметна адрозьніваецца ад сярэдняга ўзроўню. Калі ў Менску, у абласных цэнтрах і буйных гарадах зарплата ня падае або падае нязначна, то ў раёнах яна прыкметна зьніжаецца», — распавёў Алег Мазоль, які назваў гэта даволі трывожнай тэндэнцыяй.

Ён мяркуе, што падзеньне ўзроўню даходаў у рэгіёнах зьвязана са зьніжэньнем эканамічнага росту, якое назіраецца ў апошнія гады, а таксама з шэрагам асаблівасьцяў эканамічнага жыцьця ў раёнах. «Асноўная крыніца заробкаў у рэгіёнах — дзяржпрадпрыемства. У сувязі са складанай фінансавай сытуацыяй дзяржава ня можа падтрымліваць у ранейшых абʼёмах дзяржпрадпрыемства, у яго больш няма магчымасьцяў індэксаваць зарплату», — лічыць экспэрт. У буйных гарадах падтрымліваць зарплаты на больш-менш высокім узроўні атрымоўваецца за кошт больш разьвітай і запатрабаванай у іх сфэры паслуг.

Сярэдні заробак за ліпень 745 рублёў, але Менск — 1037 рублёў, большасьць абласьцей — каля 650 рублёў. Пры тым у гэтым сэнсе паміж абласьцямі няма вялікай кардынальнай розьніцы.

Калі пасажырскі паветраны транспарт 2200 рублёў, але інфармацыйныя тэхналёгіі 3400 рублёў. Гэта тыя самыя, як кажуць у народзе. Інтэрнэтчыкі, кампутаршчыкі, — то бок такі астравок высокіх даходаў, пацёмкінская вёска рынку і капіталізму. Інфармацыйныя тэхналёгіі 35 мільёнаў. Адукацыя 510 рублёў, творчая дзейнасьць 471 рубель, дзейнасьць бібліятэк 428 рублёў. То бок бачым розьніцу ў 10 разоў. Вядома, і ў ЗША ёсьць розьніцы ў аплаце паміж настаўнікам і IT-спэцыялістам, але не такая.

Высокі ўзровень заробкаў, такім чынам, зьвязаны з экспартам паслуг. А там, дзе ёсьць дзяржаўнае фінансаваньне, там заробак нізкі і ён падае

Высокі ўзровень заробкаў, такім чынам, зьвязаны з экспартам паслуг. А там, дзе ёсьць дзяржаўнае фінансаваньне, там заробак нізкі і ён падае. І эканамічны крызыс, і строгая манэтарная палітыка дзяржавы, калі даходы не напампоўваюцца — няма росту ВУП, няма і росту даходаў.

Найбольшыя пратэстныя настроі зараз менавіта ў рэгіёнах — пра гэта кажуць і апазыцыйныя палітыкі, якія прымаюць удзел у выбарах.

Гурневіч: Для мяне сярэдні паказьнік заробку — гэта таямніца, якую ніхто ніколі не разгадае. Як у анэкдоце, што адзін есьць ікру, другі хлеб, але ў сярэднім усе ядуць бутэрброды з ікрой. Я вырас у беларускай вёсцы і хачу сказаць, што расслаеньне паводле даходаў было заўсёды актуальнае, асабліва ў вёсцы, бо ўзровень і стандарт жыцьця ў горадзе, нават у раённым цэнтры, мой раённы цэнтар — Стоўбцы, гэта зямля і неба. Памятаю, што мы марылі жыць так, як жывуць у Стоўбцах ці Івянцы, гэта найбліжэйшае мястэчка, або гарадзкі пасёлак, як кажуць у Беларусі, таму што заробкі заўсёды адрозьніваліся амаль што ў два разы. Мая мама да гэтай пары яшчэ працуе, на пэнсіі, у краме прадавачкай. Яна зарабляе менш за 100 даляраў. Так было амаль што заўсёды. У сярэдзіне 2000-х гадоў, калі была залатая эра ў Беларусі, тады ўзровень дабрабыту быў трошкі большы. А за такі заробак фактычна ўжо нічога ня купіш — бяз пэнсіі вельмі цяжка пражыць. Апрача таго, у рэгіёнах адбылася газыфікацыя, людзі лічылі, што гэта будзе ўзрост якасьці жыцьця, а насамрэч цэны вельмі вялікія, і людзі ўзімку ледзь-ледзь зьвязваюць канцы з канцамі. Таму гэтае расслаеньне для мяне не навіна.

Сёньня яно канешне абвастрылася ў сувязі з крызысам у Расеі, а беларуская эканоміка завязаная на Расею, апрача таго яна адміністратыўная, дзяржаўнакіраваная і абсалютна ня гнуткая. Маю шмат прыкладаў зь беларускіх мястэчак і вёсак, дзе людзі ўвогуле ня маюць працы. Яны едуць у Расею, дзе таксама людзі атрымліваюць заробкі ў разы меншыя з-за ўнутранага крызысу ці пагаршэньня адносін з захадам, але людзі згодныя нават на такую працу, і яны, выяжджаючы ў Расею і працуючы там, атрымліваюць яшчэ меншы заробак, чым яны мелі раней у Беларусі. Гэта велізарная трагедыя. Дзяржаўнакіраваная эканоміка завяла ў страшны тупік.

За мінулы год у Горацкім раёне амаль што ўсе галіны гаспадаркі былі датаваныя. Цэлы раён можна было б зачыніць, людзей перавезьці ў іншае месца і даваць грошы і без вытворчасьці, якая там існуе

За мінулы год у Горацкім раёне амаль што ўсе галіны гаспадаркі былі датаваныя. Цэлы раён можна было б зачыніць, людзей перавезьці ў іншае месца і даваць грошы і без вытворчасьці, якая там існуе. Сытуацыя з кожным тыднем пагаршаецца. Большасьць маіх знаёмых уцякаюць з вёсак — там ужо ўвогуле працы не засталося, працаваць на будоўлях, зьяўляецца чорны рынак на гэтую працу, вяртаюцца старыя часы заробкаў у капэрце. Менск заўсёды дбаў пра добры ўзровень жыцьця, і людзі якія добра зараблялі будуць далей так жыць, бо там жыве амаль 3 мільёна чалавек, любыя пратэсты гэта перш за ўсё Менск, увесь лёс Беларусі будзе заўсёды вырашацца ў Менску. А правінцыя паволі памірае.

Цыганкоў: Новай зьявай гэтай выбарчай кампаніі было тое, што апазыцыйныя палітыкі ўсе ў адзін голас сьцьвярджаюць, бо яны на гэта раз шмат езьдзілі па рэгіёнах, што пратэстныя настроі, узровень адчаю менавіта ў рэгіёнах намнога больш рэзка выказваецца, і людзі не саромеюцца казаць пра свае настроі.

Глод: Сацыяльнае расслаеньне грамадзтва гэта ня выключна беларуская зьява. Гэта — адна з найбольш вострых сучасных праблем. І зь ёй сутыкаюцца шмат якія краіны. У той жа Расеі значнае адрозьненьне роўняў даходаў насельніцтва асабліва моцна праяўляецца ў рэгіянальным разрэзе. Але там ёсьць гэтаму зразумелае тлумачэньне — вялікая па памерах краіна, фэдэральная пабудова, розныя кліматычныя рэгіёны.

У Беларусі падобных фактараў няма. Таму тут няма і такой разьбежкі прыбыткаў, як, напрыклад, у Цюмені і Смаленску. Хоць і ў нас існуюць свае фэномэны, кшталту Салігорску альбо Наваполацку, дзе высокія заробкі атрымліваюць за кошт калійных угнаеньняў і перапрацоўкі нафты. Але гэта толькі выключэньне з правілаў. А само правіла ў тым,

больш-менш сацыяльная роўнасьць у Беларусі выцякае з элемэнтаў сацыялістычнай эканомікі, якія былі ўласьцівыя Савецкаму Саюзу, і якія ў моцнай ступені праяўляюцца і цяпер у Беларусі

што больш-менш сацыяльная роўнасьць у Беларусі выцякае з элемэнтаў сацыялістычнай эканомікі, якія былі ўласьцівыя Савецкаму Саюзу, і якія ў моцнай ступені праяўляюцца і цяпер у Беларусі. У нас у буйных гарадах усё ж існуе, хоць і невялікі, прыватны сэктар. А вось у рэгіёнах, дзе дабрабыт падтрымліваецца працай на дзяржаўных прадпрыемствах, сытуацыя горшая. Яна пагаршаецца апошнім часам больш істотна. Таму і сацыяльная няроўнасьць тут больш значная.

Яшчэ адзін істотны фактар, які ўплывае на сацыяльную няроўнасьць, гэта — вялікая колькасьць нізкааплатных работнікаў. У якіх раёнах Беларусі найменшыя заробкі? У тых, дзе пераважна сельскагаспадарчая вытворчасьць, дзе няма ні то што буйных, але нават сярэдніх па памерах прамысловых прадпрыемстваў.

Існуе яшчэ адна прычына расслаеньня, пра якую, здаецца, не казаў Алег Мазоль. Але на яе зьвяртаюць увагу іншыя навукоўцы. Яны адзначаюць, што існуе цесная ўзаемасувязь паміж няроўнасьцю і роўнем беспрацоўя. Чым вышэй беспрацоўе ў рэгіёне, тым вышэй няроўнасьць заробкаў. Тлумачэньне тут такое — у рэгіёнах з высокім беспрацоўем многія людзі, якія шукаюць працу, пагаджаюцца фактычна на любую нізкааплатную працу.

Відавочна, што розьніца ў заробках, калі яна будзе і надалей узрастаць, павінна стымуляваць міграцыйныя патокі ў краіне. Людзі зь бедных рэгіёнаў, ня маючы магчымасьці знайсьці годную па аплаце працу, вымушаныя шукаць сабе працу ў больш багатых рэгіёнах. З аднаго боку, гэта нядрэнна, так як мабільнасьць працоўных рэсурсаў — адзін са слупоў разьвітых эканомік. Кажуць, што менавіта так стваралася амэрыканская эканоміка. Але, мне падаецца, Беларусь да гэтага часу мала прыстасаваная для масавага руху сваіх грамадзян. Нават ні столькі з пункту гледжаньня інфраструктуры, колькі з-за мэнтальнасьці беларусаў.

Таму ліквідаваньне разрыву ў прыбытках, мабыць, павінна адбывацца не за кошт міграцыі, а за кошт інвэстыцыяў і інавацыяў. Туды, дзе прыбыткі меншыя, трэба накіроўваць больш сродкаў. Аднак складанасьці зь бюджэтам не дазваляюць на гэта спадзявацца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG