Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без Алімпіяды


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Нацыянальная хакейная зборная прайграла вызначальны матч зборнай Славеніі за выхад на Алімпіяду 2018.

Прайграла ў прысутнасьці Лукашэнкі, у апошнім драматычным матчы кваліфікацыі.

Па сутнасьці мы засталіся без найбольш відовішчнага зімовага віду спорту на гульнях, віду, што даўно намінаваны кіраўніцтвам краіны на спорт нумар 1.

Прайгралі, хоць на посьпех былі кінутыя ўсе магчымыя рэсурсы: бюджэтныя грошы, прабіваньне кваліфікацыйнага турніру менавіта ў Менску, карт блянш заакіянскім трэнэрам, натуралізацыя майстравітых амэрыканцаў і расейцаў, але…

Нейкія славенцы, якія ня маюць нічога, апроч жаданьня гуляць у хакей, другі раз запар пакідаюць нас за бортам галоўнага турніру чатырохгодзьдзя.

І нельга сказаць, што каманда не змагалася. Выцягнуць гульню пры ліку 0-2 у такім матчы – такое само сьведчыць, што з характарам у каманды праблем няма.

Нельга сказаць, што натуралізаваныя замежнікі аказаліся бескарыснымі. У гэтым самым матчы іх унёсак важкі. Сцяпанаў закінуў дзьве шайбы, у адной асыстэнтам быў Бэйлен. Нападнікі Плат і Лінгле, брамнік Лаланд таксама не былі статыстамі на працягу турніру, але…

Чаму здараецца такое – але.

У матчах такога рангу мусіць быць нешта, што дазваляе выціснуць зь сябе апошнія сілы. Умоўна кажучы, памерці, але перамагчы. Гэтае нешта ня мае дачыненьня да рэчаў матэрыяльнага характару.

І тут мы падыходзім да галоўнага, тая мадэль узаемінаў з грамадзтвам, якую прапануе ўлада народу, назавем яе «чаркай і скваркай», у сытуацыях, калі трэба асаблівае натхненьне на перамогу, не працуе.

Няхай табе была забясьпечана, як у выпадку з хакейнай зборнай, найлепшая чарка й найсмачнейшая скварка.

Ці магчыма за тыя чаркі й скваркі закрыць сабой амбразуру?

Пытаньне, якое не патрабуе адказу.

Як напісана на скрыжалях: па веры вашай будзе дадзена вам.

Амбразуру закрываюць сабой, калі безаглядна вераць у сваю краіну, у сваю мову, у свой сьцяг, у свой герб. Нарэшце, у свой народ пад гэтым сьцягам і гербам.

У тое, што глыбока-глыбока сядзіць у сэрцы. У тое, што натхняе на апошні пераможны крок.

Якія сымбалі, такая й вера, такі й вынік.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG