Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пацыент быў фактычна мёртвы, гэта была сьмерць мозгу», — фінскі нэўрахірург пра тое, як ратавалі Карымава


Вядомага лекара Юху Хэрнэсьніемі даставілі ва Ўзбэкістан на прыватным самалёце, каб ён ратаваў прэзыдэнта краіны. Па словах Хэрнэсьніемі, 27 жніўня яму патэлефанаваў былы вучань з Казахстану ў вельмі тэрміновай справе.

Ён паведаміў, што дапамога Хэрнэсьніемі патрэбная ва Ўзбэкістане, дзе прэзыдэнт Карымаў ляжыць у шпіталі пасьля інсульту.

«Я рабіў шмат апэрацыяў за мяжой, у гэтай просьбе не было нічога незвычайнага», — адзначыў Хэрнэсьніемі. Як ён кажа, па яго ў Хэльсынкі прыслалі прыватны самалёт і ён паляцеў празь Нямеччыну ва Ўзбэкістан. Акрамя яго, паводле Хэрнэсьніемі, у краіну прыляцелі мэдычныя групы з Расеі і Нямеччыны.

Калі Хэрнэсьніемі прыляцеў ва Ўзбэкістан, для прэзыдэнта, як ён кажа, было ўсё ўжо скончана, і стала зразумела, што працягваць лячэньне ня мае сэнсу.«Апэрацыя ўжо ня мела на тым этапе сэнсу, я не лічыў разумным працяг лячэньня. Пацыент быў фактычна мёртвы, гэта была сьмерць мозгу. Групы спэцыялістаў-мэдыкаў далі свае заключэньні, і пасьля гэтага пачаліся гульні ва ўладзе», — заявіў фінскі лекар і дадаў, што ўжо нічога немагчыма было зрабіць.

Пад «гульнямі» ён мае на ўвазе сытуацыю, калі пра сьмерць падлучанага да апарату штучнага дыханьня лідэра пэўны час не абвяшчаецца. У якасьці аналягічных прыкладаў Хэрнэсьніемі прывёў сытуацыі з былым прэмʼер-міністрам Ізраілю Арыелем Шаронам і гішпанскім дыктатарам Франсыска Франка, якія доўгі час знаходзіліся ў коме.

Хэрнэсьніемі вядомы ў сьвеце як адзін з вядучых нэўрахірургаў. Летась ён выйшаў на пэнсію з пасады начальніка нэўрахірургіі клінікі Цэнтральнага унівэрсытэцкага шпіталю Хэльсынкі, але выкладніцкую і хірургічную працу прадоўжыў. За сваю карʼеру фінскі нэўрахірург удзельнічаў у лячэньні больш як 70 тысячаў пацыентаў.

Іслам Карымаў памёр на 79 годзе жыцьця. Першыя паведамленьні пра ягоную сьмерць зьявіліся яшчэ ў панядзелак, 29 жніўня.У пятніцу, 2 верасьня, сьмерць Карымава пацьвердзілі дыпляматычныя крыніцы, Reuters і Associated Press. І толькі ўвечары 2 верасьня пра сьмерць Карымава было абвешчана афіцыйна ў тэлебачаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG