Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар НАТО: Расея мусіць спыніць падтрымку сэпаратыстаў у Данбасе


Енс Столтэнбэрг
Енс Столтэнбэрг

Енс Столтэнбэрг паведаміў аб узмацненьні абстрэлаў сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны і заявіў, што Масква мусіць спыніць аказваць ім палітычную, ваенную і фінансавую падтрымку.

З прычыны росту напружанасьці ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг раскрытыкаваў дзеяньні расейскага ўраду. «Я заклікаю Расею ўжыць захады для дээскаляцыі канфлікту і спыніць сваю ваенную, палітычную і фінансавую падтрымку сэпаратыстаў», — сказаў ён у інтэрвію групе выданьняў мэдыяканцэрну Funke, апублікаваным у нядзелю, 4 верасьня. Столтэнбэрг выказаў скрайнюю занепакоенасьць у сувязі з працягам ваенных дзеяньняў ў Данбасе.

«Апошнім часам мы назіраем рост колькасьці абстрэлаў, перш за ўсё з боку падтрымоўваных Расеяй баевікоў», — паведаміў ён і заклікаў усе бакі канфлікту вярнуцца за стол перамоваў і распрацаваць захады для дасягненьня замірэньня. Акрамя таго, кіраўнік Паўночнаатлянтычнага альянсу падкрэсьліў, што АБСЭ павінна атрымаць «бясьпечны і свабодны доступ на ўсе ўкраінскія тэрыторыі».

Столтэнбэрг зноў заявіў, што НАТО прытрымліваецца двайной стратэгіі ў дачыненьні да Расеі: з аднаго боку — умацаваньне захадаў абароны і стрымліваньня, а з другога — гатовасьць да канструктыўнага дыялёгу. «Кантакт з Расеяй дазваляе нам данесьці свой пункт гледжаньня і пазьбягаць інцыдэнтаў і непаразуменьняў», — растлумачыў генэральны сакратар НАТО.

Эўропе патрэбныя новыя прынцыпы бясьпекі ў сувязі зь дзеяньнямі Расеі

Разам з тым ён зьвярнуў увагу на тое, што эўрапейская сыстэма бясьпекі мае патрэбу ў пераглядзе ўласных правілаў і нормаў. «Гэта зьвязана з тым, што Расея парушыла шэраг сваіх міжнародных абавязаньняў», — сказаў Столтэнбэрг.

На саміце G20 у Ханчжоў Нямеччына і Францыя маюць намер распачаць чарговую спробу ўрэгуляваць ваенны канфлікт на ўсходзе Ўкраіны. Выкананьне менскіх пагадненьняў ў гэты момант не забясьпечвае патрабаванага прагрэсу, заявіла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам 2 верасьня. Парыж і Бэрлін маюць намер дамагчыся аднаўленьня заведзеных у тупік перамоваў аб мірным урэгуляваньні. Міністар замежных справаў Францыі Жан-Марк Эйро плянуе разам з кіраўніком МЗС Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам наведаць Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG