Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры посьпехі і чатыры правалы замежных інвэстараў на Берасьцейшчыне


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Сёньня на Берасьцейшчыне каля 400 прадпрыемстваў з замежным капіталам. Чыноўнікі рапартуюць пра прыток інвэстараў, але пляны аблвыканкаму, якія прымаюцца на кожны год, ніколі не выконваюцца. Для параўнаньня: толькі ў Менску, як сьведчыць Белстат, замежныя прадпрымальнікі інвэставалі ў больш як паўтары тысячы кампаніяў.

Чатыры посьпехі

Большасьць кампаніяў, якія пасьпяхова працуюць у вобласьці, зьявіліся ў 90-х — на пачатку 2000-х гадоў. Амэрыканскі капітал: «Палескія акумулятары»

У Пінску з 2000 году з удзелам капіталу міжнароднай кампаніі з ЗША Exide Technologies створаны і існуе па сёньня завод «Палескія акумулятары». Сума інвэстыцыяў з ЗША не агучваецца. У Польшчы ж, як паведамляе сайт кампаніі, Exide Technologies уклала ў стварэньне аналягічнай вытворчасьці 36,5 мільёна эўра. Вядома, што амэрыканскі канцэрн Exide Technologies дадаткова інвэставаў у 2010 годзе ў Пінскае прадпрыемства па вытворчасьці акумулятараў паўтара мільёна даляраў. У выніку доля ўласнасьці амэрыканцаў у кампаніі была павялічана да 75% акцыяў. Сёньня прадпрыемства выпускае вядомыя ня толькі ў нашай краіне акумулятары пад маркай «Зубр».

Амэрыканскі капітал: «КамСіл»

«КамСіл» — сумеснае прадпрыемства холдынгу «Інтэграл», а ў прыватнасьці — мясцовай даччыной кампаніі «Камэртон» і Silicon Materials Inc. Прадпрыемства займаецца вытворчасьцю крэмніевых пласьцінаў. Цягам бліжэйшых пяці гадоў замежныя прадпрымальнікі маюць намер інвэставаць у вытворчасьць яшчэ каля 3 мільярды даляраў.

Нямецкі капітал: «Сарыя»

Даволі прыбыткова разьвіваецца ў Бярозаўскім раёне бізнэс зь нямецкім капіталам. У 2005 годзе тут была створана кампанія «Сарыя Бія-Індастрыс», якая сёлета ў лютым стала называцца «Сарыя». Прадукцыя кампаніі — харчовая мука, жывёльны і тэхнічны тлушч, таксама тут перапрацоўваюць адкіды жывёльнага паходжаньня. У 2012 годзе нямецкая кампанія інвэставала 40 мільярдаў рублёў у стварэньне новага заводу па перапрацоўцы адкідаў.

Польскі капітал: «Інка-фуд»

Пасьпяхова працуюць польскія прадпрымальнікі. Найбольш вядомая кампанія, якая стварыла вытворчасьць на Берасьцейшчыне, — «Інка-Фуд». Ад пачатку сваёй дзейнасьці ў 2001 годзе кампанія інвэставала ў асноўны капітал каля 20 мільёнаў даляраў. З 2011 году створана вытворчасьць шклопакетаў, пенаплясту.

І чатыры правалы

Швэды працаваць у Баранавічах не змаглі

Швэдзкая інвэстыцыйная кампанія WH International Trading AB пазалетась гатовая была набыць стратнае ААТ «Баранавічыдрэў». Урадоўцы паабяцалі завяршыць продаж стратнага прадпрыемства як мага хутчэй, а ў адказ на гэта швэды павінны былі распачаць працу і абяцалі ўкласьці ажно 40 мільёнаў даляраў. Неўзабаве пасьля вусных дамоўленасьцяў швэдзкія прадпрымальнікі завезьлі на тэрыторыю заводу абсталяваньне, меркавалася стварыць вытворчасьць каркасных дамоў. Але ў выніку дакумэнт аб продажы «Баранавічыдрэва» быў падпісаны кіраўніком дзяржавы ажно праз год.

Адной з умоваў, якая раней не абмяркоўвалася, стала тое, што замежных прадпрымальнікаў абавязвалі за шэсьць месяцаў сплаціць ранейшыя запазычанасьці прадпрыемства. Сума выплаты адрозьнівалася ад агучанай раней больш як у два разы: ня 9, а ажно 20 мільярдаў беларускіх рублёў. Далейшыя перамовы аб перасоўваньні тэрміну выплатаў не прынесьлі плёну.

У выніку інвэстар проста адмовіўся ад сваіх плянаў. Пры гэтым прадстаўнікі швэдзкай кампаніі заяўлялі, што патрацілі на няўдалы праект каля 70 мільярдаў рублёў. У выніку цяпер прадпрыемства ліквідоўваецца. Маёмасьць, якая засталася, — а гэта састарэлае абсталяваньне і нікому не патрэбныя вытворчыя памяшканьні, — беспасьпяхова выстаўляецца на продаж, але ахвотных яе набыць пакуль няма.

Заснавальніка «Мэдтэхнікі» пасадзілі ў турму

На працягу амаль дваццаці гадоў адным з найбуйнейшых у краіне было сумеснае нямецка-беларускае прадпрыемства «Мэдтэхніка». Стварыў кампанію прадпрымальнік зь Пінску Станіслаў Нарывончык. Яго мэдычнае абсталяваньне пастаўлялася ў большасьць шпіталяў і мэдычных установаў Беларусі. Але ў 2007 годзе бізнэсоўца арыштавалі.

Нарывончыка абвінавацілі ў тым, што ён набываў за мяжою ўжыванае абсталяваньне, а ў Беларусі абнаўляў яго і прадаваў. Суд пастанавіў канфіскаваць у шпіталях усё пастаўленае «Мэдтэхнікай» абсталяваньне, хоць лекары пратэставалі і прасілі не рабіць гэтага. Працэс цягнуўся некалькі гадоў. Цяпер фірма «Белмэдматэрыялы» працягвае працу. Надалей кампанію ўзначальвае яе стваральнік Станіслаў Нарывончык. Пра ход і заканчэньне судовага перасьледу прадпрымальнік не жадае распавядаць.

Ізраільскую кампанію абвінавацілі ва ўхіленьні ад падаткаў

Бярозаўскі раён на Берасьцейшчыне — лідэр па колькасьці ізраільскіх інвэстыцыяў. У 2012 годзе на тэрыторыі раёну зьявіўся завод па перапрацоўцы сродкаў хімічнай абароны расьлінаў «Франдэса». Нават на першапачатковым этапе, у 2008 годзе, ізраільскія прадпрымальнікі інвэставалі ў вытворчасьць у Бярозаўскім раёне каля 5 мільярдаў рублёў. Праўда, з моманту ўтварэньня кампанія вывела зь Беларусі і схавала ад падаткаабкладаньня каля 45 мільёнаў даляраў ЗША. На кіраўніцтва кампаніі заведзена сем крымінальных спраў. Праваахоўнікі канфіскавалі пры ператрусах каля 1,7 мільёна даляраў наяўнымі. Мэнэджэры цяпер за кратамі. Але прадпрыемства працягвае працаваць.

Гішпанскія красоўкі «Белькельмэ» збанкрутавалі

Сумна завяршыўся інвэстыцыйны праект аднаго з найбуйнейшых банкаў Барсэлёны — Banco Bilbao. Фінансавая кампанія яшчэ ў 1993 годзе падтрымала гішпанскую кампанію «Кельмэ», якая ў Белаазёрску, што ў Бярозаўскім раёне, арганізавала вытворчасьць спартовага абутку «Белкельмэ». Праўда, у 2004 годзе гішпанская кампанія зьмяніла ўласьніка, ім стала маскоўская фірма «Арэса». А сёлета «Белкельмэ» канчаткова зьліквідавана. На заводзе прадпрыемства распачынае працу віцебская абутковая фабрыка «Марко».

Патэнцыял для інвэстыцыяў не выкарыстоўваецца

На думку Валянціна Лазарэнкава, эканаміста, сябра партыі БСДП(Г), Берасьцейскі рэгіён мае досыць вялікі патэнцыял для таго, каб тут зьяўляліся і разьвіваліся замежныя інвэстыцыі. Праўда, пакуль гэты патэнцыял не выкарыстоўваецца напоўніцу:

«Тут досыць шмат працоўнай сілы, высокакваліфікаванай, а галоўнае, што вельмі істотна для інвэстараў, — таннай. На пачатку дзевяностых у нас проста чарга была зь нямецкіх прадпрымальнікаў, якія былі гатовыя ўкладваць тут свае сродкі. Але што маем у выніку? Вось прыклад — Берасьцейскі машынабудаўнічы завод гатовыя былі мадэрнізаваць і абсталяваць бізнэсоўцы з Бэрліну. Але ўмова, якую ім паставілі — яны ўкладваюць сродкі, робяць прадукцыю, а вось продажам тавараў павінен быў займацца выключна беларускі бок. Для інвэстараў такія ўмовы ня тое што непрымальныя, а наагул незразумелыя.На жаль, час таксама губляецца. Тое, што выстаўляецца сёньня на аўкцыён дзяржаўнымі чыноўнікамі, — гэта састарэлыя прадпрыемствы зь нікому не патрэбнай інфраструктурай. Час прайшоў, і памяшканьні ўжо нявыгадна перабудоўваць, прасьцей стварыць нешта новае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG