Справа ў тым, што да 1969 году вёска Знаменка называлася Падонкі. І калі камуністы вырашылі ўтвараць тут першы калгас, дык, ня доўга думаючы, скарысталіся модным на той час рэвалюцыйным чырвоным колерам, дадаўшы яго да назвы вёскі. У калгас «Чырвоныя Падонкі» ў 1931 годзе ўвайшлі 55 сялянскіх гаспадарак.
Сёньня Знаменка пераўтварылася ў вёску лецішчаў. Блізкасьць гарналыжнага курорту Сілічы і недалёкая адлегласьць (каля 40 км) ад Менску прываблівае сюды менчукоў, якія набываюць сабе лецішчы. Мясцовых людзей сёньня ў Знаменцы ўсё меней і меней.
Сустракаем аднаго тутэйшага жыхара, які цягне на вазочку каністры з вадой. Мужчына кажа, што нерухомасьць тут стала нятаннай:
«Вучыўся тут, рос, во бацькоўскі дом. Цяпер купляюць у нас хаты, во тут пераехалі былі людзі ў Жодзіна, прадалі дом за 17 тысяч даляраў».
У ХІХ стагодзьдзі тутэйшыя землі належалі лагойскім графам Тышкевічам. Паводле паданьня, пасьля зямельнай рэформы 1861 году графу шкада было аддаваць добрую зямлю сялянам, ён выбраў горшую — балоцістую ды лясістую, а сялянаў перасяліў у вёску, якую назваў Падонкі.
«Назва Падонкі, як гаварылі старыя, — таму што пан жыў там наверсе (на горцы — заўвага РС), а тут паддонак... У нас і ў пашпарце напісана, што нарадзіліся ў Падонках. На кнігах школьных стаялі штампы — «Падонкаўская школьная бібліятэка», — распавядае мясцовы жыхар.
Пытаемся яго, што гэта за каністры ён цягне. Кажа, што набіраў у суседзяў ваду з калодзежу, бо ў вадаправодзе брыдкая:
«Сьмярдзючая. Кампоты прыгатавалі, то слоікі ўзрываюцца. Вада ёсьць, але яе ўжываць немагчыма, хіба памыць нешта можна. Прыехала з Лагойску санэпідэмстанцыя, праверылі, павесілі аб’яву, што піць ваду нельга, толькі для тэхнічных патрэбаў. Можа 4 тысячы даляраў былі аддалі некалі, каб ваду правесьці...»
Сёньня з інфраструктуры ў Знаменцы засталася крама. За савецкім часам, узгадвае спадар, тут былі і школа, і сельсавет, і клюб, і бібліятэка.
«А сёньня школы няма. Крышку дзяцей возяць у суседняе Косіна ды ў Лагойск. Сёньня там, дзе была школа, стаіць фабрыка, дзе плітку робяць, слупы. Дзе быў кароўнік, прыватнік цяпер адчыніў фірму, дзе зямлю для пасадкі насеньня вырабляе і прадае. Было, што жонка паехала ў Менск і купіла пакет зямлі, прывезла — а там напісана, што зроблена ў Знаменцы», — сьмяецца спадар.
«Няма і сельсавету ўжо, — распавядае мужчына, — перанесьлі ў Лагойск. Тут жа і цэнтар калгасу імя Леніна быў раней. Цяпер і калгасьнікаў ужо тут не засталося, прыяжджаюць з Аўгустова дзяўчаты ды мужыкі. Летам яшчэ дачнікаў шмат, а зімой — тут увогуле адзічэць...»
Калгас з двухсэнсоўнай назвай «Чырвоныя Падонкі» праіснаваў тут да вайны. У 1944 годзе ў Падонках быў адноўлены калгас ужо з новай назвай «Сталінскі шлях», які пасьля ўзбуйненьня ў 1959 стаў калгасам імя Леніна.
Праз паўстагодзьдзя жыцьця пры савецкай ўладзе, у 1969 годзе, вёска Падонкі была перайменаваная ў Знаменку, адну зь дзясяткаў на абсягах колішняга СССР.
Кажуць, што мясцовыя жыхары самі тады хадайнічалі, каб вёсцы далі прыгажэйшую назву. Аднак дагэтуль старэйшыя жыхары навакольных вёсак называюць Знаменку Падонкамі.