У менскім офісе Партыі БНФ прайшоў форум «Свабоду палітзьняволеным», у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі палітычных партыяў, грамадзкія актывісты, праваабаронцы: Мікалай Статкевіч, Аляксей Янукевіч, Аляксандар Дабравольскі, Валер Шчукін, Алег Воўчак, Мікалай Аўтуховіч, Мікалай Пастухоў. Мадэратарам форуму быў сустаршыня БХД Павал Севярынец.
«Кожны раз, як толькі мы даведваемся, што ў краіне пачалася новая хваля рэпрэсіяў, мы зьбіраемся, каб даць рады гэтай сытуацыі. Цяпер становішча парадаксальнае, бо ў краіне ідзе перадвыбарчая кампанія, адбываецца лібэралізацыя, але ў той жа момант новыя людзі трапляюць за краты», — зазначыў Севярынец.
На форуме прагучала прамова экс-кандыдата ў прэзыдэнты і былога палітзьняволенага Мікалая Статкевіча.
«Неабходна дакладна вызначыць крытэры, па якіх мы прызнаём чалавека вязьнем па палітычных матывах. Таксама трэба ўплываць на праваабарончую супольнасьць, праводзіць акцыі падтрымкі тых, хто трапіў у турму за свае погляды», — падкрэсьліў Статкевіч.
Падчас адкрытага галасаваньня ўдзельнікі форуму зацьвердзілі сьпіс асобаў, якіх, паводле меркаваньня часткі грамадзкай супольнасьці, варта прызнаць палітзьняволенымі. Сьпіс складаецца з 16 чалавек: Эдуард Пальчыс, Зьміцер Паліенка, Аляксей Жалноў, Алеся Садоўская, Андрэй Бандарэнка, Уладзімер Кондрусь, Міхаіл Жамчужны, Ірына Моцная, Кірыл Сілівончык, Аляксандар Лапіцкі, Аляксандар Юркойць, Тарас Аватараў, Зьміцер Цехановіч, Ільля Валавік, Вадзім Бойка і Філіп Іваноў.
На форуме таксама прысутнічалі назіральнікі ад місіі АБСЭ, якія працуюць у Менску падчас сёлетніх выбараў у Палату прадстаўнікоў.
Як заявіла доўгатэрміновы назіральнік Гільдэгард Крыстынэ Роглер-Машэль, 23 жніўня будзе прадстаўленая ўнутраная справаздача АБСЭ па выніках перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі, а 12 верасьня адбудзецца выніковая прэсавая канфэрэнцыя пры ўдзеле парлямэнтароў АБСЭ і Рады Эўропы.