Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паседжаньні выбарчых камісіяў сталі даўжэйшымі, але характар іх не зьмяніўся»


Ілюстрацыйнае фота. Пасежаньне ЦВК
Ілюстрацыйнае фота. Пасежаньне ЦВК

Да такой высновы прыйшлі назіральнікі з грамадзкай кампаніі «Праваабаронцы — за свабодныя выбары», якія правялі 15 жніўня ў Менску прэсавую канфэрэнцыю з нагоды выбарчай кампаніі па абраньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня.

Як сказаў адзін з каардынатараў кампаніі Ўладзімер Лабковіч, Цэнтральная выбарчая камісія перад пачаткам выбарчай кампаніі адмовілася зьмяняць адпаведнае заканадаўства. Але міжнародным структурам паабяцала, што палепшыць сытуацыю на практыцы. У прыватнасьці, пры фармаваньні выбарчых камісіяў усіх роўняў рэкамэндавалася дапускаць на паседжаньні назіральнікаў, абмяркоўваць кожнага прэтэндэнта. Цяпер, калі ўсе камісіі ўжо створаныя, можна сказаць, што зьмянілася ў параўнаньні, напрыклад, з папярэднімі парлямэнцкімі выбарамі.

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч

Лабковіч лічыць, што розьніца ёсьць толькі ў працягласьці пасяджэньняў — яны сталі даўжэйшымі. Больш істотных зьменаў няма. Напрыклад, прадстаўнікі палітычных партыяў — галоўнага суб’екта выбарчай кампаніі — складаюць толькі 13% ад усіх сябраў камісіяў. Галоўнае месца тут традыцыйна аддадзенае вылучэнцам пяці праўрадавых грамадзкіх арганізацыяў — прафсаюзаў, «Белай Русі», БРСМ, жаночай і вэтэранскай.

Алег Гулак, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту — гэтая арганізацыя ўваходзіць у кампанію «Праваабаронцы — за свабодныя выбары» — заявіў, што актывісты кампаніі ахопяць сваім назіраньнем 150 участкаў ад пачатку датэрміновага галасаваньня і дзесьці 400–500 — у дзень асноўнага галасаваньня.

Алег Гулак
Алег Гулак

Таксама на прэс-канфэрэнцыі зьвярнулі ўвагу на тое, што сёлета чарговым разам арганізатары выбараў адмовіліся зрабіць адмысловыя пячаткі для кожнай камісіі. Такім чынам, усе шэсьць тысяч камісіяў будуць карыстацца пячаткай аднаго і таго ж узору — што, у сваю чаргу, стварае глебу для фальсыфікацыяў.

Праваабаронцы выказалі жаль, што сёлета Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў ня будзе праводзіць статыстычныя дасьледаваньні па выніках выбараў.

«Ускласьці на сябе гэтыя функцыі праваабаронцы ня могуць, бо заканадаўства забараняе нам праводзіць экзыт-полы», — патлумачыў Алег Гулак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG