Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абрынуліся заробкі, і аўтарынак стаў калом», — гандляры забываюцца, як выглядаюць пакупнікі


«Перад уніфікацыяй мыта з Расеяй „жалеза“ нагналі столькі, што машыны даводзіцца прадаваць удвая таньней, чым набывалі». Аўтамабільныя рынкі ў ступары: прапановы і фінансавыя магчымасьці кліентаў разыходзяцца кардынальна.

Найвялікшая пляцоўка, дзе гандлююць новымі і ўжыванымі аўто — «Малінаўка», што за менскай кальцавой дарогай, — сустракае напалову пустым паркінгам. І гэта ў выходны дзень, калі выбіраць транспарт выяжджалі, бывала, цэлымі сем’ямі. Як прызнаецца адзін з гандляроў, які сумуе ля начышчанага да бляску «Нісана», колькасьць наведнікаў немагчыма параўнаць з «тлустымі часамі» сярэдзіны нулявых:

«Стаю тры гадзіны, і толькі адзін чалавек зірнуў на цэньнік. Людзей няма, бо няма грошай. Прадаю практычна без маржы, абы ня ў мінус. Тут ужо амаль усе адзін аднаго ведаюць, тырчым на адным пятаку месяцамі...», — кажа мянчук Сяргей.

Напаўпусты паркінг «Малінаўкі»
Напаўпусты паркінг «Малінаўкі»

На размову падыходзіць гаспадар шыкоўнага чорнага «Рэндж ровэра» з «шостым рэгіёнам» на транзытных нумарах. Кажа, што ў ягоным Магілёве прадаць такую машыну немагчыма, таму ў выходныя ганяе ў Менск — пакуль, праўда, безвынікова. Удакладняе, што пару гадоў таму пазадарожнік у аналягічнай камплектацыі каштаваў 40 тысяч даляраў. Ён свой аддае ўдвая таньней. Але і на такую цану пакупнікі не знаходзяцца.

Рэдкія наведнікі аўтарынку
Рэдкія наведнікі аўтарынку

Такі «Рэндж ровэр» каштуе меней за $10 000
Такі «Рэндж ровэр» каштуе меней за $10 000

Ля бальшыні машын нікога няма — клопат па продажы бяруць на сябе камэрцыйныя аўтахаўзы, якія падзялілі паміж сабой большую частку тэрыторыі рынку. Каб завабіць патэнцыйнага пакупніка, мэнэджэры пускаюць у ход «жалезныя аргумэнты»: паказваючы 10-гадовы «Паршэ Каен», малады чалавек расказвае, што гэты «монстар на колах» належаў «даішнаму начальніку» з Бабруйску. Статусна і ўсяго толькі за 10 тысяч даляраў.

Гандляры пераважна сумуюць
Гандляры пераважна сумуюць

Пакупнікі збольшага манітораць цэны
Пакупнікі збольшага манітораць цэны

Побач яшчэ адзін шыкоўны «Рэндж ровэр», гэтым разам зялёны, за 9,5 тысяч даляраў з «разумным торгам». Аб’ектыўна нядорага для аўто 2007 году выпуску.

Аднак ажыятажу вакол такіх прывабных варыянтаў няма. Сямейная пара нясьпешна шпацыруе паміж шэрагамі аднолькавых белых «Опэляў». Мужчына кажа, што калі-небудзь зоркі, можа, і сыдуцца як трэба, але пакуль яны з жонкай проста прыцэньваюцца:

«Хацелася б „абнавіцца“, але не хапае „драбязы“ — пары тысяч даляраў», — сьмяецца суразмоўца.

Паводле ягоных словаў, паход у банк не абнадзеіў: крэдытная стаўка на спажывецкія патрэбы ў сярэднім сягае 40%, што азначае неапраўданыя дадатковыя траты.

Патэнцыйныя кліенты на вагу золата
Патэнцыйныя кліенты на вагу золата

Бавячы час, групка гандляроў гуляе ў нарды. Ляніва тлумачаць, што сёньня вымушаныя «расхлёбваць» наступствы ўласнай хцівасьці. У 2011 годзе, калі стала вядома, што ў Мытным саюзе беларускае аўтамабільнае мыта зраўнаецца з расейскім, беларусы масава кінуліся купляць аўтамабілі за мяжой: «На справе аказалася, што кошт „растаможкі“ ў некаторых выпадках перавышаў кошт самога аўто. Ясна, што народ вырашыў перастрахавацца і як дурны пагнаў у Польшчу, Нямеччыну», — кажа адзін зь перагоншчыкаў.

За паўгода ў Беларусь увезьлі транспартных сродкаў у 10 разоў больш, чым звычайна. Каб зарабіць на перапродажы, прадавалі нерухомасьць, улазілі ў крэдыты. І ў выніку прагарэлі: абвал беларускага рубля і замарожваньне заробкаў ператварылі аўтапарк у мёртвы баляст.

Аўтахаўсы прапануюць «пасадзіць на колы»
Аўтахаўсы прапануюць «пасадзіць на колы»

Рынкавы шэраг з новымі «Опэлямі»
Рынкавы шэраг з новымі «Опэлямі»

Летась гісторыя паўтарылася: рэзкае абясцэньваньне расейскага рубля спрычынілася да масавых вылазак беларусаў у расейскія аўтацэнтры. У выніку да і без таго перапоўненага аўтарынку дадаліся новыя дзясяткі тысяч адзінак неліквіднай тэхнікі. «Прадаваць гэты мэталалом будзем яшчэ гадоў дзесяць, калі не згніе», — канстатуе адзін з гульцоў у нарды.

Гандлёвы цэнтар запрашае па запчасткі
Гандлёвы цэнтар запрашае па запчасткі

Ля павільёну з аксэсуарамі
Ля павільёну з аксэсуарамі

Гуляюць скразьнякі і пад дахам вялізнага цэнтру, дзе гандлююць аўтазапчасткамі і аксэсуарамі. Гаспадары заваленых таварам павільёнаў раскладаюць пасьянсы ці заглыбіліся ў інтэрнэт. Па калідорах ходзяць рэдкія наведнікі, якіх завабліваюць цэнамі. Пры гэтым гандляры наракаюць, што некалькі гадоў таму іх сілком загналі пад дах, дзе даводзіцца плаціць немалую арэнду, ня маючы стабільнага прыбытку. Праўда, адміністрацыя пайшла насустрач і скінула стаўку да мінімуму. Бясплатны і паркінг для наведнікаў, які раней у эквіваленце каштаваў больш за даляр.

Бюджэтныя аўтамабілі амаль па сабекошце
Бюджэтныя аўтамабілі амаль па сабекошце

10-гадовы «Фольксваген» у добрыя рукі
10-гадовы «Фольксваген» у добрыя рукі

А вось у Ждановічах «броўнаўскі рух» заўважна большы. Гэта другі па памеры аўтарынак, які адпачатку пазыцыянаваў сябе месцам для больш сьціплай публікі — машыны, як правіла, ад масавых вытворцаў і ня першай сьвежасьці. Але, як паказала невялікае апытаньне, да рэальных зьдзелак практычна не даходзіць — няма грошай нават на аўтамабільны шырспажыў.

Прэміюм-кляс зь мінімальнай маржой
Прэміюм-кляс зь мінімальнай маржой

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG