Вядомы беларускі дызайнэр Іван Айплатаў стварыў спартыўную форму для прэзыдэнта Чачні Рамзана Кадырава, ягоных сваякоў, а таксама для байцоў клюбу кікбоксінгу «Ахмат».
Пра гэта паведамляе TUT.by.
Неўзабаве форму дашыюць, і праз тры дні яна трапіць да заказчыка. Якой будзе форма Кадырава, Іван Айплатаў пакуль ня кажа.
Дызайнэр распавёў, што ў асяродзьдзі Кадырава ён мае асабістыя кантакты, таму форму замовілі яму.
«Там вельмі правільна выбудаваны адміністрацыйны ланцужок, і калі яны прымаюць рашэньне абраць прафэсіянала ў нейкай галіне, спачатку яго правяраюць, а потым давяраюць цалкам. Былі выказаныя пажаданьні: мы абгаварылі колер, набор сымбаляў і знакаў. Потым я зрабіў дызайн-праект, які зацьвердзілі», — распавёў ён.
Паведамляецца, што з Кадыравым асабіста Айплатаў не сустракаўся, перамовы вяліся з кіраўніком клюбу «Ахмат» Забітам Самедавым.
38-гадовага Рамзана Кадырава абвінавачваюць у карупцыі, масавым парушэньні правоў чалавека, забойствах палітычных апанэнтаў, асабістым удзеле ў катаваньнях.
Падчас Першай чачэнскай вайны (1994–1996 г.) Рамзан Кадыраў ваяваў за сэпаратыстаў, а падчас Другой чачэнскай вайны перайшоў на бок фэдэральнага ўраду — яму нават было прысвоена званьне Героя Расеі. Перш чым стаць прэзыдэнтам Чачні, Кадыраў быў кіраўніком службы бясьпекі прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі і прэм’ер-міністрам Чачні.
У 2014 годзе Кадыраў падпаў пад санкцыі ЭЗ і ЗША ў сувязі з украінскімі падзеямі.