Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея на парозе вялікай вайны, я не хачу ўдзельнічаць» — журналіст з Краснадара ўцёк у Вільню


Яўген Цітоў
Яўген Цітоў

Незалежны расейскі журналіст з Краснадара Яўген Цітоў вымушана зьехаў з Расеі і хоча ўладкавацца ў Літве.

У інтэрвію, якое Яўген Цітоў даў Свабодзе ў кастрычніку 2015 году, ён адзначаў, што пастаянна фіксуе факты перасьледу і сачэньня. Пасьля няўдалых зваротаў у паліцыю з просьбай высьветліць асобы людзей, якія за ім сочаць, журналіст вырашыў пакінуць Расею.

Яўген Цітоў — стваральнік і вядучы ток-шоў на прыватным youtube-канале «НоГа», яго гасьцямі былі і беларусы — экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Мікола Статкевіч і журналіст Свабоды Валер Каліноўскі.

«Вы ўбачыце тое, чаго ніколі не пакажуць на расейскім тэлебачаньні: сапраўдную Расею, Эўропу, Прыбалтыку, Каўказ, Амэрыку, Аўстралію. Госьці з розных краін кажуць у жывым эфіры нязвыклыя для расейскага вуха рэчы. І кожнаму вы можаце патэлефанаваць, каб задаць пытаньне, паспрачацца ці ўвогуле сказаць што душы заўгодна», — так прадстаўляе сябе тэлеканал «НоГа» на галоўнай старонцы свайго сайта.

Пра забойства Паўла Шарамета, ціск на незалежных журналістаў і кантроль за грамадзянамі ў Расеі Яўген Цітоў расказаў у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды.​

— Яўген, у кастрычніку вы казалі, што за вамі ў Расеі сочаць, але ж настрою зьяжджаць з краіны не было. Што здарылася, чаму вы пакінулі Краснадар?

— Пасьля таго як пачасьціліся выпадкі сачэньня за мной, «Новая газета», зь якой я супрацоўнічаў, зьвярнулася ў праваахоўныя органы, а я сам зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт і ва УУС Краснадара. У выніку пасьля некалькіх месяцаў мяне выклікалі ў паліцыю і паведамілі, што ўласьнікаў аўто, зь якіх вялося сачэньне, выявіць немагчыма. Выходзіць, нумары машын вядомыя, а выявіць іх уласьнікаў немагчыма. Пасьля гэтага мне стала зразумела, што змагацца далей няма сэнсу, што адміністрацыйны рэсурс прыкрывае асобаў, якія за мной сачылі. Як калісьці фашысцкую Нямеччыну, інтэлігенцыя цяпер пакідае Расею. І я таксама зьехаў на гэтай хвалі.

— Як вы для сябе тлумачыце тое, што адбываецца ў Расеі? Чаму менавіта ў гэты момант вы вырашылі зьехаць?

— Я лічу, што Расея на парозе вялікага ўзрушэньня: ці маштабнай вайны, ці маштабнай рэвалюцыйнай хвалі. Я не хачу ў гэтым удзельнічаць. Мой сын перайшоў у 6 кляс. І я ўжо цяпер бачу, як працуе прапаганда. У іх усюды вісяць партрэты Пуціна, губэрнатара. Дзецям пагалоўна навязваюць георгіеўскія стужкі. З 1 верасьня ў школе будуць дзяжурыць казакі. Чаму мой сын павінен цярпець, што за ім прыглядае казак — па сутнасьці, тупы мужык, які атрымлівае заробак зь дзяржбюджэту?

Гэта імкненьне дзяржавы кантраляваць кожную сфэру, улучна з інтымнай. Гэта сьведчыць пра тое, што хутка сарве накрыўку.

Увогуле, цяпер сытуацыя ў Расеі вызначаецца будучымі выбарамі ў Дзяржаўную Думу. Адчуваецца ўзмацненьне рэпрэсіяў. Створаная Нацыянальная гвардыя, асабіста адданая Пуціну. Яна атрымала павышаныя паўнамоцтвы — яны могуць страляць і выкарыстоўваць сабак у выпадку масавых акцыяў. Апроч гэтага, прыняты «пакет Яравой», які ўзаконьвае паўнамоцтвы спэцслужбаў сачыць за грамадзянамі. Насамрэч, сачылі і дагэтуль. Апроч гэтага, назіраецца безьліч забаронаў — лекі ў аптэках толькі па рэцэптах, нельга карыстацца Фэйсбукам на працоўным месцы, блогераў арыштоўваюць за нейкія лайкі і рэпосты, хочуць забараніць званкі праз скайп. Гэта імкненьне дзяржавы кантраляваць кожную сфэру, улучна з інтымнай. Гэта сьведчыць пра тое, што хутка сарве накрыўку.

— Ну вось вы лічыце, што Расея ўжо апярэдзіла Беларусь што да аўтарытарнасьці.

— Так, раней у Беларусі было горш з дэмакратыяй, але цяпер Расея стараецца не адставаць. Але ўвогуле я лічу, што Пуцін, а таксама і Лукашэнка, стараюцца адпавядаць запыту большасьці. Яны аналізуюць інфармацыю, разумеюць тэндэнцыі. Таму справа ня толькі ў Пуціну ці Лукашэнку, але і ў нашых народах.

— Вы пакуль у Літве адзін, ваша сям’я засталася ў Краснадары?

Я хачу, каб мае дзеці былі грамадзянамі адкрытага грамадзтва, а ня той Паўночнай Карэі, якую будуюць у Расеі. Вяртацца туды не зьбіраюся.

— Так, я прыехаў два дні таму ў Вільню. Але пляную перавезьці сюды і сям’ю. Я хачу, каб мае дзеці былі грамадзянамі адкрытага грамадзтва, а ня той Паўночнай Карэі, якую будуюць у Расеі. Вяртацца туды не зьбіраюся.

— Што будзе з вашым праектам «НоГа TV»? Ці маеце магчымасьць працягваць журналісцкую дзейнасьць у Літве?

— Відэапраект я буду працягваць, але цяпер ён будзе з балтыйскім акцэнтам. Увогуле, у Расеі мала хто ведае, як жыве Балтыя. Мы нічога ня ведаем, як жыве літоўская правінцыя, як жывуць людзі ў Латвіі, у Эстоніі. Расейская прапаганда дае вельмі скажоную карціну. Апроч гэтага, я пляную супрацоўнічаць з расейскамоўнымі парталамі і выданьнямі ў Літве.

— Вы зьехалі з Расеі неўзабаве пасьля забойства журналіста Паўла Шарамета. Гэта супадзеньне?

— Я для сябе сытуацыю з Шараметам тлумачу наступным чынам. Вось давайце прааналізуем рэакцыю на яго сьмерць розных СМІ. Мы зараз ня маем дастаткова інфармацыі для таго, каб адназначна сьцьвярджаць пра датычнасьць Расеі. Але мы можам паглядзець, як адрэагавалі расейскія СМІ, найперш фэдэральныя тэлеканалы.

Павал Шарамет выступіў супраць анэксіі Крыму і супраць дзяржаўных злачынстваў Расеі ва Ўкраіне. Чалавек павярнуўся і сказаў расейскім калегам, што яны ня маюць рацыі, і парваў зь імі. І раптам тыя самыя яго калегі пачынаюць кранальна распавядаць пра яго забойства, раптам у іх прачынаецца голас журналісцкай калегіяльнасьці.

Мае Расея дачыненьне да гібелі журналіста ці ня мае, але гэтая сьмерць аказалася вельмі выгадная расейскай прапагандзе, і яна скарыстала яе, каб паказаць Украіну як крымінальную дзяржаву.

Такога ў Расеі не бывае. Чаго гэта раптам расейскія СМІ так расчуліліся з-за сьмерці Паўла Шарамета, які біў па самым балючым месцы Расеі — анэксіі Крыму і часткі Данбасу? Мае Расея дачыненьне да гібелі журналіста ці ня мае, але гэтая сьмерць аказалася вельмі выгадная расейскай прапагандзе, і яна скарыстала яе, каб паказаць Украіну як крымінальную дзяржаву.

Разам з тым тыя самыя дзяржаўныя каналы ня ўзгадваюць пра забойства Ганны Паліткоўскай і Ігара Домнікава, пра атручваньне Юрыя Шчакачыхіна. І раптам такі кранальны клопат пра Шарамета. Нават у Беларусі афіцыйныя СМІ амаль што цалкам прамаўчалі пра забойства, а ў Расеі гэты сюжэт ішоў некалькі дзён на самых галоўных каналах. Забойства Шарамета супала з кірункам расейскай прапаганды. Гэта факт.

— Як забойства Паўла Шарамета паўплывае на стан незалежнай журналістыкі ў нашым рэгіёне?

— Безумоўна, кожнае забойства журналіста ўплывае на стан прафэсіі і вельмі абмяжоўвае дзейнасьць. У Расеі ўвогуле існуе нэгатыўны стэрэатып у дачыненьні да журналістаў. Напрыклад, я калі прыходжу ў суд, чую ад судзьдзі просьбу не высьмейваць, ня кпіць і не рабіць шоў. Чаму так адбываецца? Таму што цяпер часта журналіст успрымаецца як блазан, жоўтая прэса. На жаль, незалежныя журналісты ня могуць пераламіць гэты стэрэатып. Але разам з тым забойства кожнага з такіх незалежных журналістаў прымушае грамадзтва задумацца пра тое, што журналістыка — гэта ня толькі кпіны і сьмешныя відэаролікі, але і сур’ёзная праца і сур’ёзны выклік сыстэме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG