Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ! Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com.
Камэнтуе пошту апошніх двух тыдняў вядучы Валер Дранчук.
Вітаю, сябры! Да заканчэньня другога, апошняга туру, гэта значыць, каб даслаць здымкі і не спазьніцца стаць удзельнікам фотаконкурсу, застаецца 23 дні, апошні тэрмін 22 жніўня. Нас чакаюць тры конкурсныя галерэі: чарговая — 13 жніўня, вынікова-пераможная — 25 жніўня і апошняя — «25 лепшых фотаздымкаў «Незалежнасьць — гэта...» — 27 жніўня. Запрашаем усіх, хто сачыў за нашымі выпускамі, скарыстацца форумам і адрасам фотаконкурсу, каб выказаць сымпатыі аўтарам і іх працам, а таксама пажаданьні рэдакцыі. Загадзя ўдзячны.
Сёньняшнія ўдзельнікі:
Юрась Астроўскі
Юры Малярэўскі
Ільля Копыл
Кастусь Сырэль
Воля Дольная-Валошка
Уладзімер Бакаў
Дзень 27 ліпеня быў чарговай нагодай павіншавацца. Гэтым днём у 1990 годзе Вярхоўны Савет Беларусі большасьцю галасоў прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Як пісалі выданьні, гэтае рашэньне адкрыла Беларусі шлях да сапраўднай незалежнасьці; і — скажам сёньня — той даты, набліжэньне якой адзначаецца фотаконкурсам «Незалежнасьць — гэта...»
У Дэклярацыі, сярод іншага, гаварылася, што дзяржаўнай мовай на тэрыторыі Беларусі зьяўляецца выключна Беларуская Мова. Да гонару нашых аўтараў, гэты ці ня самы галоўны НАЦЫЯСТВАРАЛЬНЫ складнік быў адразу ўважаны, кожным па-свойму, як супрацьстаяньне сродкамі фатаграфіі палітыцы сёньняшняй русыфікацыі. Нагадаю імёны — Вольга Дайлід, Кастусь Сырэль, Тацяна Трухановіч, Воля Дольная-Валошка, Арцём Гусеў, Ільля Копыл.
Дзень прыняцьця Дэклярацыі цягам гадоў адзначаўся як галоўнае дзяржаўнае сьвята — Дзень незалежнасьці; на жаль, пасьля «рэфэрэндуму» быў прыбраны, лепш сказаць — выдраны зь беларускага каляндара і зьменены на дату 3 ліпеня. Беларусы «падзяліліся». Вялікая частка суайчыньнікаў, не ўспрымаючы іншай сьвяточнай даты, апроч 27 ліпеня, ігнаруе афіцыйна прызначанае сьвята, за якім стаяць чужыя, антыбеларускія інтарэсы.
І яшчэ — зь віншавальнага ліста нашага актыўнага і найстарэйшага ўдзельніка Ільлі Копыла, якому днямі споўніцца 82 гады.
«27 лiпеня, — піша ён, — чарговая гадавiна зь дня прыняцьця Дэклярацыi аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусi. Я не заўважыў, каб улада хоць бы нейкiм чынам адзначыла гэты дарагі для нас дзень. Вялiкi дзякуй „Маладому фронту“ i яго сустаршынi Зьмiтру Дашкевiчу, што сваёй сьмелай патрыятычнай акцыяй напомнiлi беларускай грамадзе пра гэтую дату і гэты дзень у найноўшай гiсторыi Беларусi. Калi я быў крыху маладзейшы, такія акцыі не прапускаў, браў удзел. На жаль, цяпер, маючы за 80 (больш дакладна, калi дажыву, 2 жнiўня мне споўнiцца 82), я шмат не пасьпяваю, больш сачу за хадою наступнікаў-аднадумцаў. Жадаю ім розуму, пасыянарнай пільнасьці і нязьменнай грамадзянскай еднасьці... Усіх — з Днём незалежнасьці!»
У сьвежай пошце я таксама пашукаў адпаведнік — так бы мовіць, сюжэт з нагоды. Назавём яго ўмоўна, па-летняму «Перад навальніцай...»
Маланкі ад К. Сырэля: «Каб атрымаць гэтыя тры здымкі, мне давялося зрабіць восемдзесят сем»
Кастусь Сырэль з Вушачаў — адзін зь першых удзельнікаў фотаконкурсу, аўтар пэйзажных, сюжэтных і рэпартажных кампазыцый, якія ён дапаўняе расповедам, лірычным роздумам. Гэтым разам Кастусь дакладае ў свой ліст і гукавы файл. «Тое, што ніхто не рабіў. Але я паспрабую. Гэта „Часіны году“ — Вівальдзі, лета, „Шторм“. Музыка, як падаецца, надзвычай пасуе маім фотаздымкам», — напісаў аўтар «Маланак».
Шаноўны Кастусь, мне пасьля «навальнічнага» аўдыя-сэансу падумалася пра цёплае добрае лета, з залевамі і грыбамі, з туманамі і рыбалкай, але найперш — з чыстым і сьвежым паветрам у двух значэньнях і сэнсах. Экалягічна-ашчаджальным, без разбуральных тарнада, і зь пераможным подыхам на перамены ў цёмных і душных закутках беларускай рэальнасьці... Дзякуй за добры ліст, Кастусь, у якім Вы сябе выяўляеце не адно як фатограф, але як паэт і філёзаф.
«Што такое навальніца не ў фізычным, а ў духоўным сэнсе?» — пытаецца Кастусь Сырэль.
«Навальніца — гэта ачышчальны агонь і жыватворнае сьвятло, гэта вада — крыніца жыцьця, гэта адмаўленьне зла і ўсталяваньне дабра. У рамане Булгакава „Майстар і Маргарыта“ Воланд, сымбаль зла, сыходзіць з навальніцай. Мітычныя Зэўс, Юпітэр, Пярун — сьветлыя, добрыя багі. Валадары маланак і гаючага дажджу, яны прыходзяць з навальніцай».
«Што такое незалежнасьць у духоўным сэнсе?» — разважае далей спадар Сырэль.
«Незалежнасьць і свабода — гэта сымбалі жыцьця. Ачышчальны агонь і жыватворнае сьвятло, адмаўленьне зла і ўсталяваньне дабра. Вось чаму я дасылаю на конкурс фотаздымкі маланак. Разумею, што гэта не шэдэўры. Маланка наогул вельмі няўдзячны аб’ект для фотаздымкаў. Яе не пасадзіш у крэсла, ня скажаш: „Усьміхніся, зараз вылеціць птушачка“. Маланка — свабодная і незалежная. Яна зьяўляецца ў кадры дзе хоча і калі хоча. Яна можа і зусім не зьявіцца. Каб атрымаць гэтыя тры здымкі, мне давялося зрабіць восемдзесят сем. Таму прымайце маю гераіню такой, якая яна ёсьць».
Адметныя людзі Гарадзеншчыны ў фотахроніках Уладзімера Бакава
«Што такое незалежнасьць бяз тых людзей, якія 27 ліпеня 1990 прынялі Дэклярацыю ВС „Аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь“ і праз год, 25 жніўня 1991, надалі дакумэнту вартасьць Канстытуцыйнага Акту?» — задае, бадай, рытарычнае пытаньне аўтар дасланых партрэтаў вядомых людзей Гарадзеншчыны. І на адным з гэтых здымкаў бачым Міколу Маркевіча, менавіта «з тых людзей» — вядомага дэпутата, журналіста, палітвязьня, рэдактара знакамітай газэты «Пагоня».
Тое, што даслаў спадар Бакаў — не «студыйныя» партрэты вядомых людзей, скажам, з пэўнай рэжысурай, загадзя сплянаванай прадуманай пастаноўкай дзеля адметнай кампазыцыйнай задумы, прыгожага запамінальнага вобраза, а хутчэй вулічна-рэпартажныя, зь месца той або іншай імпрэзы, падзеі, сустрэчы. Таму і выбіраю з калекцыі стрымана-асьцярожна, нягледзячы на конкурсныя «прэтэнзіі» аўтара (кажу не пра Уладзімера, а ў прынцыпе), каб часам не пакрыўдзіць героя здымка.
Зь мінулых выпускаў хораша сьвеціць рэпартажны партрэт віцебскага дэмакратычнага актывіста Барыса Хамайды ў выкананьні Ігара Матвеева, які быў ганараваны прызам па выніках І туру.
На жаль, агулам кажучы, партрэт у нашай фотагалерэі несправядліва, незаслужана згубіўся ці, хутчэй, не пасьпеў выявіцца, вырасьці ў высакародную фотамэтафару, надаць конкурсу зьместу чалавечага ўчынку — менавіта мастацкі, творчы партрэт «чалавека незалежнасьці», працаўніка і рупліўца нашых дэмакратычных беларускіх гоняў. Але. Яшчэ ня позна, ніколі ня позна, сябры!
Дзеці ў Вечным крузе
Сталая ўдзельніца фотаконкурсу — пэдагог, выкладніца роднай мовы і літаратуры ў сельскай школе Воля Дольная-Валошка, піша: «Аднойчы, едучы паўз палетак — прыбраны і застаўлены саламянымі рулёнамі-кругамі, у зьзяньні сьвежага золата, заўважыла сваіх вучняў. Спынілася — і да іх, павітацца, спытаць, як адпачываюць, як справы. Прыемна запэўнілася, што ім добра дыхаецца, вольна пачуваецца. Прыгожыя і дагледжаныя, усьміхаюцца, размаўляюць па-беларуску, поўныя адкрытага захапленьня хараством навакольля... А мой вечны настаўніцкі клопат — якая будучыня іх чакае пасьля школы, якія „залежнасьці“ падпільноўваюць? І ці вырастуць яны грамадзянамі, ці стануць сапраўднымі шчырымі беларусамі? Ці будуць цаніць, шанаваць роднае? Ці змогуць сказаць пра сябе словамі Ніла Гілевіча: „Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе: Мы — дзеці роднае сям’і, І — дзеці Маці-Беларусі, І — дзеці Матухны-Зямлі“? Гэтыя пытаньні я задаю сабе зараз, калі з усяе фотасэсіі выбрала самыя „круглыя“ здымкі».
«Незалежнасьць — гэта... беларускія дзеці»
Што на форуме? Фотаконкурс абмяркоўваюць
Iльля Копыл
04.07.2016 13:16
Наколькi НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ нашай краiны моцная, трывалая, незваротная, — у рэшце рэшт залежыць ад дзейнасьцi (цi бяздзейнасьцi) кoжнага чалавека, грамадзянiна краiны.
На дубе
04.07.2016 18:15
Ахвотна згаджуся. Але як шмат у нас грамадзян? «Кожных» мільлёны і безліч, а грамадзян? Адзінкі.
А-А-Ах-ххх!
04.07.2016 18:10
Фотаздымак з лідэрам БНФ — поўны залік. Добра што конкурсы, як гэты на Свабодзе, выяўляюць такія моцныя кадры для гісторыі. Для незалежнай гісторыі. Я ў гэта веру.
Вольцік
17.07.2016 21:05
Сапраўдны жах, акрамя васількоў (на мой погляд). Асабліва могілкі — скроліў з заплюшчанымі вачыма.
Константін
18.07.2016 12:48
Васильки классные, это да. Но зачем было выкладывать фотографии современных памятников?
Артём
19.07.2016 23:48
Васильки — заурядная трафаретная лирика, не более. Вас восхищает. Ладно. А то, что на беларуских кладбищах сплошь руцкоязычность — Вас не возмущает? Проблема достаточно «в теме». И выложено спокойно, как пример достойный подражания, к месту.
Сапраўдны жах
20.07.2016 00:03
2 Вольцік. Гаворка пра мову на помніках. Вас гэта жахае? Рэжа вочы? Бедны.
Марыя
20.07.2016 17:24
Сёньня, у дзень гібелі Паўла Шарамета, праглядзела 12 выпуск і крыху запозьнена даю каментар. Ці так атрымалася выпадкова, а хутчэй праз выдатную кампазіцыю, выпуск атрымаўся прысвечаны нашай ПАМЯЦІ. Сказала б так: неЗАЛЕЖнасць ЗАЛЕЖыць ад нашага ўменьня памятаць. М.Капычка — выдатна! Якія прыгожыя людзі, родныя твары! Геніяльная краязнаўчая ідэя такіх згуртаваных магілёўцаў. ... І трэба ж было адшукаць пад беларускімі нябёсамі такі ліст памяці (могілкі ў Гарадзеі). Дзякую. Будзем памятаць. Кажу гэта ў дзень, калі ня стала яшчэ аднаго Беларуса.
Фотаконкурс «Незалежнасьць — гэта...»: застаецца 23 дні, апошні тэрмін 22 жніўня
Наступны выпуск-агляд плянуем 13 жніўня, субота; дасылайце працы да 11 жніўня ўлучна, чацьвер.
22 жніўня мы вымем з фотаскрыні апошнюю пошту, каб 25 жніўня падвесьці вынікі ІІ туру.
Згодна з рашэньнем журы, усе ўдзельнікі першага і другога тураў (статус удзельніка замацоўваецца за аўтарамі здымкаў, якія паказаныя ў галерэі) атрымаюць заахвочвальныя прызы — кнігі з бібліятэкі Радыё Свабода. Хто не даслаў, дашліце свой паштовы адрас; хто дасылае, паклапаціцеся пра гэта наперад.
Жадаю спрыяльнага лета! Вясёлкавага сьвятла ў вашы камэры!