Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прымусіла ўлады прызнаць падзеньне рэактара


Чаму ўлады пачалі даволі падрабязна тлумачыць інцыдэнт на будоўлі АЭС, чаму спрабавалі перакласьці адказнасьць на расейскага падрадчыка?

Карбалевіч: Рэакцыя беларускай грамадзкасьці, а таксама Літвы прымусілі беларускія ўлады неяк рэагаваць, апраўдвацца. Спачатку на тэлеканале ОНТ у нядзелю вядучы Ільля Коласаў задаў Міністэрству энэргетыкі тыя пытаньні, якія задавалі у незалежных мэдыях.

У панядзелак 1 жніўня на сайце расейскай карпарацыі «Росатом», якая зьяўляецца генэральным падрадчыкам будаўніцтва Беларускай АЭС, было надрукаванае інтэрвію першага намесьніка кіраўніка кампаніі Аляксандра Лакшына, які курыруе гэты праект. Ён патлумачыў сытуацыю, спрабаваў ўсіх супакоіць. Маўляў, рэактар нават ня ўпаў, а павіс і толькі зьлёгку дакрануўся да зямлі. Лакшын заявіў, што «Росатом» нават гатоў памяняць рэактар, калі беларускі бок будзе на гэтым настойваць.

Потым у той жа дзень зьявіўся камэнтар намесьнікі міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіла Міхадзюка. Паводле ягонай інфармацыі, мантаж рэактара прыпынены. Была праведзеная экспэртыза, але расейскім бокам. Праблема ў тым, ці можна давяраць генпадрадчыку. Бо, як ужо вядома, расейская кампанія можа маніць.
Узгадаем яе першую рэакцыю на аварыю, маўляў, нічога не было.

Абавязкова патрэбная незалежная экспэртыза.

Таму абавязкова патрэбная незалежная экспэртыза. А вось пра яе намесьнік міністра нічога не сказаў. І тут, я думаю, шмат будзе залежыць ад грамадзкай думкі.

Таксама Міхадзюк адрэагаваў на прэтэнзіі Літвы. Маўляў, яны няслушныя. Бо, паводле Канвэнцыі МАГАТЭ, краіна павінна паведамляць аб нейкіх здарэньнях на дзейнай АЭС, калі там ўжо ёсьць атамнае паліва. Тут жа пакуль ідзецца толькі пра будаўніцтва, ядзерных матэрыялаў там няма. Паводле намесьніка міністра, Беларусь замовіла ацэначную місію МАГАТЭ яшчэ ў 2014 годзе.

Але тут узьнікае пытаньне: што прымусіла беларускія ўлады, а таксама расейскую кампанію «Росатом» апраўдвацца? Здаецца, мы назіраем рэдкую сытуацыю, калі публікацыі ў незалежных мэдыях і сацыяльных сетках прымусілі беларускія ўлады неяк рэагаваць.

Ці калі б не было рэзкай заявы прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце, то ўлады плявалі б на тое, што пішуць незалежныя мэдыі і сацыяльныя сеткі? Дакладна адказаць на гэта цяжка. Але, зразумела, што пытаньне АЭС для беларускай грамадзкасьці балючае. Таму ўлады і вымушаныя неяк варушыцца.

Дракахруст: Ня раз бывала, што нейкі шум, абурэньне, якое адбывалася выключна ў сацсетках, не выклікалі ніякай рэакцыі ўладаў. Але вось у такіх сытуацыях, як з атамным рэактарам, мэханізм спрацаваў крыху інакш.

Першапачаткова інфармацыя распаўсюджвалася ў незалежных медыях і сацыяльных сетках, але потым яна пайшла далей — да «маўклівай большасьці». Пра гэта сталі гаварыць людзі, далёкія ад інтэрнэту. Я мяркую, што ўлады гэта адчулі тым ці іншым шляхам.

Шмат хто параўноўваў рэакцыю ўладаў з рэакцыяй савецкай улады на Чарнобыль.

Тут шмат хто параўноўваў рэакцыю ўладаў з рэакцыяй савецкай улады на Чарнобыль. Мне прыйшлі ў галаву больш блізкія аналёгіі — «плюшавы» дэсант і сьвіны грып. Абедзьве тэмы спачатку спрабавалі схаваць, а потым прызналі.

Есьць тэмы, якія турбуюць толькі прасунутыя колы грамадзтва, а ёсьць такія, якія турбуюць усіх. І вось калі ўсе пачынаюць варушыцца, турбавацца, абмяркоўваць, тады нават беларускія ўлады вымушаныя на гэта рэагаваць.

Цыганкоў: Мантаж корпусу беларускай АЭС прыпынены, астатнія работы вядуцца ў штатным рэжыме — пра гэта паведаміў 1 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк. Паводле яго, рашэньне аб прыпыненьні мантажу корпуса прынятае замоўцам і органам рэгуляваньня адразу пасьля пазаштатнай сытуацыі.

Варта прааналізаваць, чаму ўлады вымушаныя былі рэагаваць менавіта так. Цікава назіраць, як адбывалася адфутбольваньне праблемы ад беларускага міністэрства энэргетыкі да расейскага падрадчыка. Калі зьявілася інфармацыя пра магчымы інцыдэнт на АЭС, спачатку не было ніякай рэакцыі, а потым была забаўная рэакцыя — заява, што беларускі бок запытаўся ў падрадчыка, што ж там адбылося.

Гэта быў чыста інфармацыйны ход — скінуць адказнасьць на расейцаў.

Гэта было няўклюдна, бо гэтыя структуры паказалі, што яны нібыта зусім не валодаюць сытуацыяй і ня маюць ніякага дачыненьня да таго, што там адбываецца. На што адмыслоўцы адразу заявілі, што гэта наўрад ці адпавядае рэальнасьці, бо любая больш-менш значная апэрацыя робіцца пры ўдзеле беларускага боку. Таму гэта быў чыста інфармацыйны ход — скінуць адказнасьць на расейцаў.

Улада паказала, што ёсьць тэмы, якія абмінаць яны не могуць. Матэрыялы пра АЭС на сайце Свабоды былі ў пяцёрцы самых папулярных некалькі дзён. У выніковай праграме АНТ у нядзелю прагучалі нават такія нязручныя пытаньні наконт АЭС. Нябачаная раней сьмеласьць дзяржаўных журналістаў на самой справе ініцыяваная дзяржаўнымі структурамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG