У Кёльне завяршыўся суд на пяцьцю расейскімі футбольнымі фанатамі, якія абвінавачваліся ў зьбіваньні трох гішпанскіх турыстаў. Чацьвярых прысудзілі да ўмоўных тэрмінаў, яшчэ адзін мае намер даказваць, што ня ўдзельнічаў у сутыкненьні, паведамляе «Нямецкая хваля».
Адзін з абвінавачаных асуджаны да году ўмоўна, яшчэ трое атрымалі па 10 месяцаў. Пяты расеец, Цімур П., заявіў у судзе, што ня ўдзельнічаў у бойцы, а толькі назіраў за ёю збоку, і будзе асобна даказваць гэта ў судзе 17 жніўня.
Суд адзначыў, што расейскія фанаты ўпяцёх напалі на двух турыстаў, і выказаў надзею, што хуліганы «ў бліжэйшы час вернуцца ў Расею».
У чацьвярых зь пяці абвінавачаных у момант затрыманьня ў крыві выявілі ад 0,42 да 0,92 праміле алькаголю.
Пракурор адзначыў, што напад фанатаў быў палітычна матываваны, і гаворка ідзе пра правы радыкалізм. Паводле дадзеных сьледзтва, гішпанскія турысты раздавалі антыфашысцкія стыкеры, і расейскія заўзятары накінуліся на іх пасьля таго, як адзін з гішпанцаў сказаў «Антыфа».
Адзін з фанатаў біў нагой у твар ляжачага на зямлі гішпанскага актывіста.
Напад на гішпанскіх турыстаў адбыўся ў сярэдзіне чэрвеня непадалёк ад галоўнага чыгуначнага вакзалу Кёльна. Трое гішпанскіх турыстаў (два мужчыны і жанчына) раздавалі антыфашысцкія стыкеры. Падчас бойкі абодва мужчыны былі сур’ёзна зьбітыя, аднаму зь іх зламалі нос.
У затрыманых за напад расейцаў былі квіткі на матчы чэмпіянату Эўропы па футболе ў Францыі. Сьледзтва выявіла, што яны вярталіся з Марсэлю ў Маскву. У судзе ня сталі высьвятляць, ці датычныя расейцы да масавых беспарадкаў і сутыкненьняў з ангельскімі фанатамі ў Марсэлі перад гульнёй Расея — Ангельшчына.
Самае папулярнае
1