Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплываў на Беларусь год «палітычнай адлігі»


Абмяркоўваюць: Ігар Ільяш, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.


Ільяш: Ужо дзесьці год палітычная сытуацыя ў Беларусі экспэртамі характарызуецца ў тэрмінах «адлігі» і «лібэралізацыі». Самі гэтыя тэрміны, трэба прызнаць, нярэдка аспрэчваюцца ў палітычных і каляпалітычных колах. Ды і наконт таго, ад якой падзеі, ад якой даты весьці адлік гэтага палітычнага пэрыяду, таксама адзінага меркаваньня няма. Большасьць схіляецца да таго, каб весьці адлік ад вызваленьня Статкевіча і іншых палітвязьняў (гэта адбылося ў канцы жніўня 2015 году). Хаця калі казаць пра нейкае зьмякчэньне падыходаў да апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, то мае сэнс пачынаць адлік ад пачатку прэзыдэнцкай кампаніі. Але для мяне калі не пачаткам, то, прынамсі, прадвесьнікам «адлігі» стаў зварот Лукашэнкі да Нацыянальнага сходу ў красавіку 2015 году — мяне тады ўразіла беспрэцэдэнтна мяккая рыторыка прэзыдэнта, без узгадаваньня «адмарозкаў», «пятай калённы» ды і наогул шматлікіх зьнешніх і ўнутраных ворагаў.

На працягу прыкладна году мы пабачылі спыненьне палітычных рэпрэсій, зьмену стаўленьня да вулічных акцый, пэўную «амністыю» нацыянальных сымбаляў і лёзунгаў, зьмякчэньне рыторыкі ўлады адносна апазыцыі.

У любым выпадку на працягу прыкладна году мы пабачылі спыненьне палітычных рэпрэсій (калі пад гэтым разумець палітычна матываваны крымінальны перасьлед), зьмену стаўленьня да вулічных акцый, пэўную «амністыю» нацыянальных сымбаляў і лёзунгаў, зьмякчэньне рыторыкі ўлады адносна апазыцыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.

Вядома, ніхто пры гэтым не спрабуе гаварыць аб глыбінных зьменах палітычнай мадэлі ў Беларусі ці пра тое, што Аляксандр Лукашэнка ўзяў курс на пасьлядоўную дэмакратызацыю — тут якраз усё відавочна. Аднак у астатнім аднадушнасьці няма. Скептыкі лічаць, што нічога значнага ня здарылася, і бачаць у тым, што адбываецца, выключна часовую зьмену дэкарацый, за якой рушыць усьлед новы віток рэпрэсіяў. Аптымісты ж мяркуюць, што адмова ад рэпрэсій сама па сабе немалаважная, а ўнутраная лёгіка цяперашніх палітычных і эканамічных працэсаў падштурхне беларускае кіраўніцтва да далейшых саступак.

Асабіста я ня думаю, што ўся гэта адліга мае ці будзе мець вялікія наступства для беларускай палітычнай сыстэмы і прывядзе да яе трансфармацыі. Думаю, што цяперашняя сыстэма трансфармавацца ня можа ніяк — яна можна толькі аднойчы зьнікнуць. Я далёкі і ад той думкі, што «адліга» прывяла да вялікіх зрухаў у грамадзтве (тым больш, што большасьць насельніцтва, я ўпэўнены, нічога і не заўважыла).

Але якія б спрэчкі не адбываліся вакол таго, як ацэньваць і як называць той палітычны пэрыяд, асноўныя рысы якога я толькі што агучыў, я перакананы, што яго можна назваць пэўнай зьявай у сучаснай гісторыі Беларусі. Для мяне дык відавочна, што сёньняшняя грамадзка-палітычная атмасфэра ў краіне і атмасфэра ў краіне 2011-2012 гадоў — гэта ўсё ж розныя рэчаіснасьці. Вось тое сапраўднае сьвята, якое мы пабачылі на пікеце-канцэрце Вольскага ў Сухараве — гэта ж такая відавочная і эксклюзіўная адзнака часу, што б хто ні гаварыў. Некалькі гадоў таму канцэрт Вольскага нават у Сухараве дакладна б сарвалі, а тых, хто б прыйшоў, часткова расьцягнулі па аўтазаках. І вось такая, безумоўна, больш пазытыўная атмасфэра ў грамадзтве — гэта ўжо вынік «адлігі».

А як вы лічыце, калегі, як гэтая так званая адліга паўплывала на Беларусь, на грамадзтва і на саму ўладу? Ці сапраўдная гэта адліга, і чым яна можа скончыцца?

Глод: Канечне, казаць, што ў Беларусі прынцыпова нічога не зьмянілася ад вызваленьня Міколы Статкевіча і іншых палітвязьняў, было б няправільна. Вось Ігар Ільяш прывёў некалькі прыкладаў, якія, сапраўды, былі б немагчымыя пару гадоў таму. І гэта ёсьць прыкмета пэўнай адлігі.

Але тады ўзьнікае пытаньне: чаму Лукашэнка ідзе на пэўныя саступкі? Усё ж гэта не ў ягоных правілах. Казаць, што да гэтага яго прымусіла апазыцыя не выпадае, яна ня стала апошнім часам мацнейшай. Казаць пра ціск з боку эўрапейскіх структураў таксама немагчыма, бо стаўленьне Брусэля да кіраўніка Беларусі, наадварот, стала мякчэйшым. Прычыны гэтага няма сэнсу цяпер абмяркоўваць, пра іх казалася ўжо неаднаразова.

Навошта Лукашэнку такая адліга? Я бачу тут дзьве асноўныя прычыны. Першая — палітыка «рускага сьвету», якую праводзіць Крэмль. Другая — эканамічныя складанасьці.


Тады трэба вяртацца да пытаньня: навошта Лукашэнку такая адліга? Я бачу тут дзьве асноўныя прычыны. Першая — палітыка «рускага сьвету», якую праводзіць Крэмль. Падзеі ва Ўкраіне паказалі, што Пуцін рашуча ступіў на шлях вяртаньня Расеі яе імпэрскай велічы. І ягоныя словы, сказаныя ў пачатку 2000-х гадоў, пра ўваход Беларусі ў склад Расеі цалкам альбо шасьцю губэрнямі зноў актуалізуюцца. Але раней расейскі прэзыдэнт спадзяваўся на анэксію Беларусі з дапамогай Лукашэнкі. Менавіта празь яго ў Маскве хацелі ажыцьцявіць свой імпэрскі плян.

Аднак Украіна паказала, што Пуцін цяпер можа паспрабаваць завалодаць Беларусьсю і без Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі становіцца фактычна ўжо непатрэбным Крамлю. Лукашэнка гэта і адчувае, і разумее. Адсюль і гэтыя элемэнты адлігі, якія скіраваныя на ўзнаўленьне, зразумела, паступовае і ў пэўных межах, адчуваньня нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў. Гэта Лукашэнку сёньня патрэбна, і як дасьведчаны палітык ён прытрымліваецца такой тактыкі.

Другая галоўная прычына пэўнай адлігі — эканамічныя складанасьці. Цяпер няма ніякай гарантыі, што Расея будзе, як і раней, крэдытаваць беларускую эканоміку. Прычыны зьмяненьня пазыцыі Крамля ў гэтай сфэры мы таксама ўжо аналізавалі раней. Але Лукашэнку зараз надзвычай патрэбныя крэдыты. І, як мне падаецца, праз такую «кропкавую» адлігу ён дае сыгнал Захаду: дапамажыце з грашыма, і тады я працягну курс на адлігу.

Але ўсё гэта толькі палітычныя разьлікі Лукашэнкі, якія яму патрэбныя, каб і надалей захаваць сваю ўладу. Гэта такая гульня з грамадзтвам: і беларускім, і заходнім. Таму я згодны са спадаром Ільяшом, што ўся гэтая адліга ня будзе мець вялікіх наступстваў для беларускай палітычнай сыстэмы і, тым болей, не прывядзе да яе трансфармацыі.

Карбалевіч: У мяне свая вэрсія прычын адноснай палітычнай лібэралізацыі. Так званая палітычная адліга абумоўлена двума чыньнікамі: нармалізацыяй адносінаў афіцыйнага Менску з Захадам і слабасьцю пратэстнага руху ў краіне, які пагражаў бы рэжыму. Таму вось тут мы можам казаць пра мяжу.

Як толькі ўлады адчуюць нейкую пагрозу ці з боку апазыцыі, з боку нейкіх сацыяльных хваляваньняў у грамадзтве, то адразу з адлігай будзе скончана.

Вось глядзіце, калі была прыпыненая мінулая палітычная лібэралізацыя, якая цягнулася з 2008 па 19 сьнежня 2010 году. Тады таксама рэалізоўвалася палітыка дыялёгу з Захадам, але як толькі ў дзень галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня 2010 году народ масава выйшаў на вуліцу, Лукашэнка спужаўся. І ўся палітыка лібэралізацыі была адрынута, пачаліся самы жорсткія ў гісторыі незалежнай Беларусі палітычныя рэпрэсіі. Тады рэжым ахвяраваў нармалізацыяй адносін з ЗША і ЭЗ, дзеля захаваньня ўлады. Так і цяпер: як толькі ўлады адчуюць нейкую пагрозу ці з боку апазыцыі, з боку нейкіх сацыяльных хваляваньняў у грамадзтве, то адразу з адлігай будзе скончана.

А пакуль грамадзтва маўчыць, апазыцыя слабая, можна дазволіць сабе і жыць без палітзьняволеных, апазыцыянэраў ня біць, не садзіць за краты, а толькі штрафаваць. Сапраўды, і з вуснаў самога Лукашэнкі, і зь дзяржаўных мэдыяў ня ладзіцца брутальная крытыка апазыцыі. Яе прадстаўнікі раз-пораз нават зьяўляюцца на тэлеэкранах. Але на мяжы допуску апазыцыянэраў у палітычную сыстэму, сыстэмную палітку па-ранейшаму ставяцца непераадольныя бар’еры. Што мы назіраем цяпер, калі адбываецца парлямэнцкая выбарчая кампанія

Як паўплывала на краіну гэтая палітычная адліга? Вось чэрвеньскае апытаньне НІСЭПД паказала, што рэйтынг апазыцыі вырас. Цяжка сказаць, што на гэта паўплывала: ці то эканамічны крызіс, ці то гэтая адносная палітычная лібэралізацыя. Мусіць, і тое, і другое.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG