Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэха аварыі на АЭС: місія МАГАТЭ і хада выбарчай кампаніі


Якія наступствы будзе мець аварыя на Астравецкай АЭС? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Ігар Карней.

Дракахруст: 10 ліпеня на будаўнічай пляцоўцы беларускай АЭС адбыўся небясьпечны інцыдэнт. Першапачатковая інфармацыя пра гэта зьявілася 25 ліпеня ад актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міколы Ўласевіча, які жыве ў Астраўцы, і ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі.

Ён заявіў у Фэйсбуку: «Ня менш за дзесятак незалежных адна ад адной крыніц, на ўмовах ананімнасьці падчас правядзеньня мной пікетаў па зборы подпісаў, пацьвердзілі факт абвальваньня рэактара пры яго ўсталяваньні ў рэактарным аддзяленьні АЭС. 330-тонны агрэгат па невядомых прычынах сарваўся і паваліўся ўніз з вышыні ад 2 да 4 мэтраў»

26 ліпеня літоўскі прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце выступіла з заявай, што асьцярогі Літвы з нагоды бясьпекі будаўніцтва атамнай станцыі былі абгрунтаваныя. Яна таксама заявіла, што калі Беларусь ня прыме меры, каб гарантаваць міжнародныя стандарты бясьпекі, то Літва разам з міжнароднай супольнасьцю пастараецца перашкодзіць яе дзейнасьці.

І нарэшце у той жа дзень, 26 ліпеня, міністэрства энэргетыкі Беларусі прызнала , што «няштатная сытуацыя здарылася на пляцоўцы захаваньня корпусу рэактара пры правядзеньні такеляжных працаў па яго перасоўваньні ў гарызантальнай плоскасьці».

Учора стала вядома што ў Беларусі працуе экспэртная група МАГАТЭ. Яны рыхтуюць прыезд поўнамаштабнай місіі агенцтва па ацэнцы пляцоўкі будаўніцтва АЭС.

Калі аварыя сапраўды здарылася 10 ліпеня, то ня выключана, што экспэртная група была тэрмінова запрошаная пасьля здарэньня

Гэтая апошняя інфармацыя можа сьведчыць пра тое, што беларускія ўлады ўсё ж рэагуюць на падзеі не адно маўчаньнем. Калі аварыя сапраўды здарылася 10 ліпеня, то ня выключана, што экспэртная група была тэрмінова запрошаная пасьля здарэньня. Выглядае, што станоўчая выснова МАГАТЭ — хіба не адзіны аргумэнт, якім афіцыйны Менск можа абараніцца ад крытыкі і папрокаў з боку Вільні.

Ці ўстане МАГАТЭ на бок Беларусі, ці скажа, што аварыя не паказала згубнасьць і небясьпеку праекту наагул? Можа і сказаць, МАГАТЭ ў прынцыпе станоўча ацэньвае будаўніцтва Беларускай АЭС. У дадзеным выпадку, выглядае, што выснова агенцтва будзе вырашальнай што да рэакцыі на інцыдэнт Эўразьвязу, да якога апэлюе Вільня.

Ну і некалькі словаў пра ўнутрыбеларускую рэакцыю. Многія мяркуюць, што выбары ў Беларусі ні на што не ўплываюць і нічога не вырашаюць. Але невыпадкова, што астравецкі актывіст АГП даведаўся пра інцыдэнт падчас уласных выбарчых пікетаў. Выбары, нават несвабодныя — гэта камунікацыя з народам. Зараз пра здарэньне даведаліся ўсе.

І яно само па сабе, і двухтыднёвае маўчаньне ўладаў абвастрыла і без таго немалыя чарнобыльскія перасьцярогі ў беларускім грамадзтве. Як гэтая новая сытуацыя паўплывае на хаду выбараў? Ня ў тым справа, што яны раптам стануць свабоднымі, што спадарыня Ярмошына страціць свае ўнікальныя падлічальныя здольнасьці. Але ня ўсё ў сьвеце адбываецца з ласкі і дазволу начальства. Дык праявіцца неяк рэакцыя грамадзтва на здарэньне на гэтых выбарах?

Глод: Нейкім чынам гэта можа праявіцца. Магчыма ў грамадзкасьці (нават не апазыцыі) ёсьць шанец ініцыяваць рэфэрэндум. Ёсьць жа досьвед літоўцаў, якія менавіта на рэфэрэндуме прагаласавалі супраць будаўніцтва Вісагінскай АЭС.

пакуль беларускія ўлады вядуць сябе прыкладна так, як паводзілі савецкія ўлады пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС

Цяпер, калі ў Астраўцы адбываецца ўжо ня першы трывожны інцыдэнт, людзі могуць прагаласаваць і супраць атамнай станцыі. Бо пакуль беларускія ўлады вядуць сябе прыкладна так, як паводзілі савецкія ўлады пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Толькі пасьля таго, як пра аварыю гучна загаварылі за мяжой, яны паведамляюць, што нешта адбылося. І абавязкова запэўніваюць — усё ў парадку, сытуацыя пад кантролем. Цяпер бачна, што ня ўсё ў парадку і пад кантролем.

Але, я думаю, пакуль апазыцыя будзе зьбірацца да дзеяньняў, Аляксандар Лукашэнка першым адрэагуе на трывожныя падзеі. Зьяўленьне тут эмісараў МАГАТЭ таксама пра гэта сьведчыць. Ягоную рэакцыю можна прагназаваць — толькі ён адзін можа тут навесьці парадак. Ён усё ж перахопіць ініцыятыву ў дэмакратычных сіл.

Але актывісты ня проста могуць скарыстацца інцыдэнтам, асабліва ў Гарадзенскай вобласьці, падчас выбараў, яны павінныя гэта зрабіць.

Карней: Беларуская АЭС крытыкуецца і ставіцца пад сумнеў, пачынаючы ад агучваньня ідэі і падрыхтоўкі праектнай дакумэнтацыі. Пазыцыя апанэнтаў простая і досыць зразумелая: нельга ўзводзіць падобны аб’ект на тэрыторыі, якая найбольш пацярпела ад найбуйнейшай тэхнагеннай аварыі ХХ стагодзьдзя, выкліканай якраз «мірным атамам».

І калі б быў праведзены адпаведны рэфэрэндум, пра што ўвесь час гаварылі праціўнікі АЭС, наўрад ці грамадзтва падзяліла б аптымізм уладаў. Гэта першае.

Па-другое, узмацняў занепакоенасьць выбар генэральнага падрадчыка: расейскі «Атамбудэкспарт» усё абставіў такім чынам, што беларускі бок застаўся толькі староньнім назіральнікам, практычна ня маючы магчымасьці ўплываць на вытворчы працэс. Яно і зразумела: хто крэдытуе, той і кантралюе.

Па-трэцяе, выбар месца: калі на першапачатковым этапе разглядаліся пляцоўкі ў магілёўскіх балотах, то ўрэшце «уткнулі» аб’ект падвышанай рызыкі на дзяржаўнай мяжы зь Літвой, па-сутнасьці, з Эўразьвязам.

ні згаданы «Атамбудэкспарт», ні беларускае міністэрства энэргетыкі нават ня меліся абнародаваць, што менавіта здарылася на пляцоўцы падчас перасоўваньня корпусу рэактара

Што вынікае зь цяперашняй надзвычайнай сытуацыі? Як і трэба было чакаць, ні згаданы «Атамбудэкспарт», ні беларускае міністэрства энэргетыкі нават ня меліся абнародаваць, што менавіта здарылася на пляцоўцы падчас перасоўваньня корпусу рэактара. Толькі пасьля таго, як Мікола Ўласевіч напісаў у сацыяльных сетках пра пазаштатную сытуацыю, у расейскай дзяржкарпарацыі «Расатам» запэўнілі: усё пад кантролем. Беларускі замоўшчык у асобе прадпрыемства «Беларуская АЭС» толькі і змог, што запатрабаваць у генпадрадчыка зьвесткі пра інцыдэнт. А гэта толькі пацьвярджае: Беларусі ў гэтым сцэнары адведзеныя эпізадычныя ролі, ні пра якую адкрытасьць працэсу гаворкі няма, засьцярогі апанэнтаў небеспадстаўныя.

Тым часам незалежныя экспэрты выказваюць адназначнае меркаваньне: калі больш чым 300-тонная канструкцыя сапраўды завалілася, яе мусяць паўторна праверыць спэцыялісты заводу-вытворцы — гэта «Атаммаш». Бо калі ўтварыліся нават мікрашчыліны, у будучым гэта абернецца непрадказальнымі наступствамі.

Пры гэтым вышыня, зь якой мог зваліцца корпус рэактара — а называлася лічба ад 2 да 10 мэтраў — прынцыповага значэньня ня мае: з-за велізарнай масы нават падзеньне з паўмэтровай вышыні магло выклікаць істотную дэфармацыю.

Некалькі аўтарытэтных адмыслоўцаў ужо заявілі: калі корпус сапраўды сутыкнуўся зь зямлёй, яго ўсталёўваць нельга. Ну, а калі будзе зроблена наадварот, аўтаматычна становіцца пад пытаньне бясьпека ўсёй АЭС. А таму, патрабуюць экспэрты, неабходна стварыць адкрытую і незалежную камісію па ўстанаўленьню прычынаў і наступстваў інцыдэнту.

Тым часам завод «Атаммаш» робіць другі рэактар для Беларускай АЭС. Плянуецца, што ён будзе гатовы сёлета ў кастрычніку. А значыць, шчыльнасьць небясьпекі на квадратны мэтар падвоіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG