Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошук каханьня ліпеньскім ранкам


«Uriah Heep» у першай палове 1970-х.
«Uriah Heep» у першай палове 1970-х.

На даляглядзе над морам выбліскваюць першыя промні сьвітаньня. На бераг аб шарай гадзіне сыходзяцца людзі. Пераважна маладыя. Іх усё большае.

І раптам паветра скаланаюць уладарныя гукі электрычнага аргану, а пасьля іх чуваць голас сьпевака:

There I was on a July morning

Looking for love,

With the strength of a new day dawning

And the beautiful sun...

Гэткае зборышча адбываецца штогод на досьвітку 1 ліпеня на беразе Чорнага мора ў Баўгарыі, каля мясцовасьці «Камен бряг», якая першая ў краіне бачыць узыход сонца. Дзень 1 ліпеня — неафіцыйнае «Сьвята Джулая» ў Баўгарыі, якое маладыя людзі адзначаюць сьпевамі і танцамі ды супольным слуханьнем «July Morning» — клясычнай песьні брытанскага рок-гурта «Uriah Heep». Гучыць неверагодна, але гэта праўда! Калі ня верыце, пачытайце артыкул «Джулай» у баўгарскай Вікіпэдыі. З артыкулу можна дазнацца, сярод іншага, што ў 2007 годзе ў сьвяткаваньні «Джулая» ўзяў удзел Джон Лоўтан, колішні вакаліст «Uriah Heep», і тады сабраныя каля мора людзі маглі паслухаць «July Morning» ня толькі з запісу, але і ў жывым выкананьні.

Песьня «July Morning» — 10-хвілінны інструмэнтальны і вакальны tour de force прагрэсіўнага року — зьявілася ў 1971 годзе на трэцім альбоме «Uriah Heep», які мае назву «Look at Yourself». Аўтарства песьні афіцыйна прыпісваецца Дэйвіду Байрану і Кэну Генсьлі, тагачасным вакалісту і клявішніку «Uriah Heep». Першы накід песьні зрабіў Кэн Генсьлі ў 1970 годзе, калі, паводле ягоных словаў, ён чакаў сваіх калегаў у аўтобусе пасярод турнэ па Англіі ды, каб ня нудзіцца, стаў брынкаць на гітары. Тое, дадае Генсьлі, сапраўды адбывалася ліпеньскім досьвіткам, недзе а 3 гадзіне раніцы... Песьню «July Morning» гурт запісаў у складзе: Дэйвід Байран (вакал), Кэн Генсьлі (клявішныя, гітара, бэк-вакал), Мік Бокс (гітара), Пол Ньютан (бас-гітара), Іэн Кларк (бубны). У запісе прыняў удзел і вядомы ў той час клявішнік Манфрэд Ман, які зайграў на сынтэзатары Муга.

«Uriah Heep» ў сваёй амаль 50-гадовай кар’еры запісалі кучу вельмі добрых песьняў, але «July Morning» — іхная абсалютная вяршыня. Акрамя студыйнай вэрсіі песьні я тут далучаю і канцэртную, з альбому «Uriah Heep Live» з 1973 году. Мне асабіста канцэртная вэрсія падабаецца больш, чым студыйная. Канцэртная вэрсія песьні з 1973 году «падкладзеная» пад відэзапісы і здымкі выступаў гурта ў першай палове 1970-х, калі «Uriah Heep» перажывалі сваю зорную часіну. Дарэчы, гурт існуе і па сёньняшні дзень, хоць з зорнага складу 1970-х застаўся ў ім толькі гітарыст Мік Бокс. Але на ўсіх сваіх канцэртах гурт абавязкова выконвае «July Morning». Бо гэтая песьня — сьвята, якое з табою заўсёды, ня толькі ў Баўгарыі.

Студыйная вэрсія 1971 году:

Канцэртная вэрсія 1973 году:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG