На скрыню прыйшоў ліст з тэмай «Асьвятленьне парлямэнцкіх выбараў 2016 г. у беларускіх СМІ». Раптам зразумеў, што з усёй млявай летняй плыні інфармацыі пра блізкія парлямэнцкія выбары вока зачапілася толькі за адну навіну – «У Бярозаўскім раёне вяскоўцы прыгразілі байкотам выбараў, калі ня будзе чыстай вады».
Пачынаю гугліць падобнае. 2012 год: «Жыхары невялікай вёскі Стаўры, што ў Аршанскім раёне, напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Папярэдзілі, што ня пойдуць на выбары, пакуль ужо дзейныя дэпутаты ня вырашаць набалелыя праблемы вяскоўцаў».
2010 год, мястэчка Малеч, зноў Бярозаўскі раён: «Жыхары дому прыгразілі, што ня пойдуць на выбары, калі каналізацыю не адрамантуюць і на гэты раз. Праз два дні была цалкам замененая каналізацыйная сыстэма».
Тры выпадкі за шэсьць гадоў. Можа хто ведае падобнае – пішыце ў камэнты. Тры выпадкі, за якімі стаіць сьмеласьць і рацыяналізм адначасова. Пагражаць уладам – сабе даражэй, але можа быць даражэй і ў пазытыўным сэнсе, з плюсавым вынікам.
А вось адносна сьвежае ад Лукашэнкі: «Ваяваць (як у Турэччыне, супраць прэзыдэнта і ўлады) можна толькі на выбарах». Гэта з паездкі на «Магілёўтрансмаш».
Аляксандар Класкоўскі жартуе з нагоды:
– «Наверсе, мусіць, адрэагавалі на допісы (я таксама пісаў), што на сустрэчах з правадыром у народу змрочныя, каменныя твары. Цяпер прэзыдэнцкая прэс-служба дае фота патыліц».
А вось дакумэнт, створаны перад прыездам Лукашэнкі на «Магілёўтрансмаш». Усе ахвочыя могуць узяць сабе адгулы. Альбо на погляд начальства – адправіць у адгул каго трэба. Гадоў дваццаць таму ці шмат хто адмовіўся б павітаць свайго куміра? Магілёў быў абсалютным лідэрам сярод гарадоў па галасаваньні за першага прэзыдэнта.
А ўявіце, што з часам ад сустрэчы з Лукашэнкам пачнуць адмаўляцца калектыўна. Маўляў, «не заплаціце заробак – ня пойдзем». Кумір ужо ня той, абяцанкі – кату пад хвост. Людзі могуць быць ня надта адукаванымі, зь мінімальным сацыяльным досьведам, з засьмечанымі прапагандай галовамі, але ніяк ня дурнямі.
Рацыянальны погляд на жыцьцё паказвае, што кіно пад назвай «Працьвітаніе» скончылася. Раней адміністрацыя заводу ці сельсавету магла прыгразіць скасаваньнем прэміі за няўдзел у «важным мерапрыемстве». А прэмія магла перабольшваць заробак у разы. Гэта быў сур'ёзны аргумэнт для прагматычнага рабочага ці селяніна. А цяпер чым можна прыгразіць? Звальненьнем? Дык дэ факта скарачэньні/звальненьні крочаць па Беларусі. Дый усіх ня звольніш.
Прыйсьці на сустрэчу з Лукашэнкам і прыйсьці на выбары – тое самае.
Здавалася б – нашто табе тыя людзі? Карцінку для БТ зробяць у кожным выпадку. «Палічаць» галасы. Але не – патрэбная яўка. Лукашэнка і, адпаведна, ягоная вэртыкаль як выканаўца, вядуць барацьбу не за галасы. Барацьба ідзе за факт прыходу на выбарчы ўчастак. Навошта?
Удзел у выбарах – гэта рытуал, гэта акт падданасьці.
Гэта як ставаць на калена перад лордам і цалаваць яму руку. «Праграма» лорда ня мае значэньня. Прыход на выбары – пацьвярджэньне прысягі на вернасьць.
Сяляне ведаюць, што ад іх прынцыпова нічога не залежыць, але ў як мінімум трох населеных пунктах намацалі ахілесавую пятку «вэртыкалі».
Сяляне, якія шантажуюць мясцовыя ўлады сваім няўдзелам у выбарах, дакладна ведаюць, што ўладам яўка на выбарах для чагосьці патрэбная.
Магчыма, Лукашэнка дагэтуль бачыць перад сабою шчасьлівыя твары са сьлязьмі замілаваньня сваіх прыхільнікаў, як было калісьці. Толькі гэта ўжо «пацёмкінскія» прыхільнікі. Дый твары на здымках сапраўды каменныя. Ня можа адміністрацыя заводу прымусіць акторстваваць сваіх рабочых. Нават прафактыў, які адбіраецца для пастаноўкі відовішча.
Раз-пораз сустракаю інфармацыю ад грамадзкіх актывістаў пра тое, што насельніцтва трэба інфармаваць пра віды і формы парушэньняў на выбарах, інструкцыі, як зрабіць, каб ваш голас ня скралі, апэляваньне да грамадзкай самасьвядомасьці. Вартая справа. Але лякальна і з пэрспэктывай на будучыню.
Тут і цяпер можна проста ўзяць мапу выбараў 1994 году, і там, дзе самыя густыя плямы вынікаў «за», проста сказаць: «Бачыш, цябе падманулі. Навошта падтрымліваць падман? Не гуляйся з катом у мышкі. Не хадзі абы куды. У цябе столькі спраў дома».
Што яшчэ можна зрабіць, калі не апэруеш паліталягічнымі паняцьцямі «дыктатура», «узурпацыя», «аўтарытарызм», але разумееш, што на вынікі выбараў не ўплываеш? Пры гэтым разумееш, што штосьці з сытуацыі можаш для сябе выйграць? Бо для чагосьці камусьці ты ўсё яшчэ патрэбны. Пакуль што.
А пустыя ўчасткі па ўсёй краіне не схаваеш.