Пра гэта ён заявіў сёньня ў сваім дакладзе на партыйным зьезьдзе.
«Фактычна цяпер ідзе змаганьне паміж прыхільнікамі беларускай нацыянальнай ідэі і расейскім шавінізмам. Ствараецца ўражаньне, што расейцы хочуць, каб Беларусь падпарадкоўвалася Крамлю наўпрост, мінаючы Аляксандра Лукашэнку. І вось гэта змаганьне становіцца самым галоўным. Іншага — няма. Альтэрнатывай захадам расейскіх шавіністаў ёсьць пабудова беларускай дзяржавы, дзе гаспадарамі будуць самі беларусы», — заявіў лідэр Партыі БНФ.
Што тычыцца парлямэнцкай кампаніі, то, паводле Янукевіча, вынікі этапу фармаваньня выбарчых камісій сьведчаць пра тое, што беларускія ўлады будуць праводзіць выбары як і раней, паводле свайго сцэнару.
«Таму разьлічваць на тое, што хтосьці з прадстаўнікоў Партыі БНФ патрапіць у склад Палаты прадстаўнікоў, было б наіўна і нерэальна. У свой час мы вырашылі ісьці на гэтыя выбары асобна, і гэта правільнае рашэньне. Ісьці разам можна было б, калі б быў сапраўдны падлік галасоў. Тады б усе дэмсілы маглі згуртавацца і змагацца за аднаго кандыдата. Калі ж сапраўдных выбараў няма, то няма сэнсу ісьці ў нейкай кааліцыі», — заявіў ён.
Янукевіч назваў дзьве задачы Партыі БНФ на выбарчы пэрыяд: павелічэньне колькасьці прыхільнікаў партыі і ўмацаваньне партыйных структураў.