Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвалюцыя МФ: дзецюкі зьмянілі дыджэяў


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Гляджу на экспрэсіўныя фатаграфіі, як «Малады Фронт» на чале са Зьмітром Дашкевічам шыбуе разьбірацца з аматарамі «русского мира» байкерамі-гандлярамі на рынку «Экспабел».

На фатаграфіях ёсьць энэргія, рашучасьць і нават кураж.

Гляджу і думаю пра эвалюцыю «Маладога Фронту», пра ягоны шлях ад дыджэяў адраджэньня ды прапаведнікаў-эвангелістаў да... да такіх вось дзецюкоў, што рашуча крочаць разьбірацца на стрэлку.

Часы мяняюцца, мяняюцца ўмовы, мяняюцца людзі.

Паходы «Маладога Фронту» па менскіх вуліцах з шарыкамі й намаляванымі на іх сэрцайкамі у рамках кампаніі «Люблю Беларусь» бясконца далёкія ад гэтай падзеі ня толькі ў часе. Яны зусім розныя паводле энэргетыкі, мэсыджу, візуальнай карцінкі.

Гэтаксама як далёкія адно ад аднаго музычная стылістыка Данчыка ад стылістыкі «Brutto», моладзевая дыскатэка ад «танцаў з ваўкамі».

Расейская дактрына «русского мира» і захоп Крыму сталіся водападзелам, які паставіў пытаньне выбару ня толькі перад чальцамі гэтай моладзевай суполкі, але й перад самой беларускай уладай і беларускім грамадзтвам.

Кожны зрабіў для сябе высновы.

Ці можна было «Маладому Фронту» заставацца ранейшай летуценнай суполкай, калі хлопцы зь ягоных шэрагаў, як, да прыкладу, Алесь Чаркашын ды Эдуард Лобаў пайшлі добраахвотнікамі бараніць Украіну ад «русского мира».

Ці магчыма было беларускай уладзе й надалей заставацца фактычна на пазыцыях «русского мира», калі ён прыйшоў з вайной ва Ўкраіну? Ці засталося ранейшым беларускае грамадзтва пасьля вайны на Данбасе? Пытаньні рытарычныя.

Улада адчула ўсю сур’ёзнасьць моманту. Раней лёс арганізацый кшталту «Края» ці «Белага легіёну» было перадвызначаным, бо ўлада бачыла ў іх сваіх моцных і небясьпечных супернікаў і рабіла ўсё, каб такія арганізацыі перасталі існаваць.

Сёньня тая ж улада нічога ня можа адкрыта зрабіць з існаваньнем суполак такіх вось байкераў-гандляроў, розных «казакоў», ваенізаваных клюбаў пры прыходах Расейскай праваслаўнай царквы, з паўставаньня якіх разгайдалася крымская авантура, і таму ўладзе неабходна калі не змагацца з імі, дык хоць бы абмежаваць іх дзейнасьць і ўплыў. І зрабіць гэта яна прагне пажадана недзяржаўнымі рукамі ці з ініцыятывы неабыякавых грамадзянаў. Маўляў, мы ні пры чым, гэта народ так хоча.

Улада вызваліла трошкі месца й прасторы пад такія рукі і такія ініцыятывы.

І гэтая ніша пачала запаўняцца разнастайнымі патрыятычнымі суполкамі кшталту клюбу «Ваяр», які выйшаў з шэрагу «Маладога Фронту» й чальцы якога, па ўсім відаць, калі што, здольныя ня толькі на прамэнад з шарыкамі.

У гэтым зьвязку эвалюцыя «Маладога Фронту» паказальная.

Гісторыя з байкерамі-гандлярамі красамоўная. Прыхільнікі прыпуцінскіх «Начных ваўкоў» скарысталіся колькаснай перавагай, але калі прыйшлі хлопцы, шырэйшыя ў плячох і вышэйшыя ростам, нічога ўцямнага, апроч лепятаньня пра «фашысцкія сімвалы» і сваіх зачыненых латкоў, прадэманстраваць ня здолелі.

Акцыя была добра падрыхтаваная ў тым ліку й мэдыйна, што сьведчыць пра наяўнасьць галавы на плячох, а ня проста прагі сымэтрычнага адказу.

Здаецца, мэта была дасягнутая. І ня толькі «Маладым Фронтам».

Як падсумаваньне рэакцыі грамадзтва – адна са шматлікіх і прыкладна аднолькавых па сэнсу эмацыйная рэпліка ў фэйсбуку з гэтае нагоды рэжысэра Валерыя Мазынскага: «Нарэшце зьявілася новае пакаленьне, пра якое ніколі ўжо не скажуць – цярпілы, «талерантныя», бульбашы… Жыве Беларусь!!!»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG