Бэрнард Шоў калісьці трапна заўважыў: «Хто ўмее, той робіць; хто ня ўмее, той вучыць». Гэты выраз стаў папулярным, бо побач зь любой ініцыятывай заўжды зьяўляецца цэлае войска «настаўніц і настаўнікаў».
Яны ведаюць, што ты ўсё робіш няправільна і ўвогуле займаесься не тым. У цябе няправільныя мэты і задачы, ты выкарыстоўваеш няправільныя мэтады і працуеш з няправільнымі тэмамі. Яны б усё зрабілі іначай, і ўвогуле любы нармальны чалавек усё зрабіў бы ня так.
Некалькі гадоў таму я ўпершыню адкрыта ідэнтыфікавала сябе як фэміністку, і з таго часу амаль штодзень вымушана чытаць і слухаць, якой павінна быць я і якой павінны быць мае ідэйныя паплечніцы.
Павел Севярынец нас нават пашкадаваў.
Па-першае, мы павінны быць мяккімі і ветлівымі (чытай: зручнымі). Нават на непрыхаваную агрэсію трэба рэагаваць цярпліва і пажадана з усьмешкай. Злавацца ні ў якім выпадку нельга, бо гэта дыскрэдытуе фэміністычны рух і пацьвярджае ідэю аб тым, што фэміністкамі становяцца злыя і незадаволеныя жыцьцём жанчыны. Павел Севярынец нас вунь нават пашкадаваў. Гэта было вельмі велікадушна, дзякуй.
Па-другое, мы павінны займацца асьветніцтвам. Навошта самастойна шукаць інфармацыю і чытаць артыкулы па тэме? Кожная фэміністка абавязана па першым жа запыце правесьці гісторыка-культурны аналіз патрыярхату ў заходнім сьвеце, выдаць статыстыку па розьніцах у зарплатах мужчын і жанчын у розных краінах і падрабязна распавесьці біяграфію Розы Люксэмбург. Мы павінны быць гэткімі бясконцымі жывымі энцыкляпэдыямі.
Далей — цікавей.
Мы павінны быць гетэрасэксуальнымі і пры кожным зручным моманце дадаваць «не падумайце, што я лесбіянка», бо лесбіянкі зноўку ж дыскрэдытуюць фэміністычны рух, адварочваючы ад яго «шырокія масы». Зь іншага боку, мы павінны быць лесбіянкамі і ў ідэале сэпаратысткамі, завочна ненавідзець усіх мужчын і плянаваць пабудову выключна жаночай цывілізацыі.
Грамадзтва патрабуе ад нас адначасовага адпавяданьня супрацьлеглым крытэрам.
І тут перад намі раскрываецца мэханізм «даблбайнду» — падвойнай пасткі, падвойных пасылаў. Вобраза ідэальнай фэміністкі не існуе, бо грамадзтва патрабуе ад нас адначасовага адпавяданьня супрацьлеглым крытэрам.
Трэба насіць абцасы, каб быць сапраўднай жанчынай, і нельга насіць абцасы, бо гэта прыгнёт патрыярхату. Трэба нараджаць дзяцей, каб рэалізаваць сябе як жанчына, і нельга нараджаць дзяцей, бо гэта супярэчыць «сапраўдным фэмінісцкім каштоўнасьцям». Трэба гучна казаць пра розныя формы прыгнёту і гвалту, каб іншыя «ўбачылі матрыцу», і нельга ні пра што такое казаць, бо гэта ўсё брудная бялізна і сьмецьце з хаты.
Пару тыдняў таму інтэрнэт-супольнасьць была ўзрушана акцыяй «ЯнеБаюсяСказаць». Тысячы гісторый людзей, якія перажылі сэксуальны гвалт ці/і мелі вопыт непрыемных заляцаньняў. У мяне асабіста было адчуваньне апакаліпсісу і таго, што «сьвет ніколі не будзе ранейшым». Нібыта раней існавала велізарная маўклівая сьцяна, і вось яна зруйнавалася. Мы яе зруйнавалі.
Але нам актыўна пачалі тлумачыць, што мы такі павінны маўчаць. Што гэта ўсё дурноцьце, і ўвогуле мужчын таксама гвалтуюць, а мы пра гэта маўчым.
Мужчыны лепш за саміх фэміністак ведаюць, чым нам варта займацца.
А яшчэ мужчыны лепш за саміх фэміністак ведаюць, чым нам варта займацца: змагацца за агульны прызыў у войска, за прымяненьне сьмяротнага пакараньня ў адносінах да жанчын, за роўны пэнсійны ўзрост. А мы займаемся зусім ня тым. Віталь Цыганкоў, напрыклад, упэўнены, што сёньняшнія фэміністкі не змагаюцца за юрыдычныя правы жанчын. Магчыма, ён проста ня ведае пра ўвесьчасную барацьбу за законы, якія б абаранялі жанчын ад сямейнага гвалту, і супраць законаў, якія забараняюць аборты. Магчыма, ён ніколі не чуў пра патрабаваньне «роўная плата за роўную працу». Але мне падаецца, што ён сьвядома маніпулюе, бо мы на самой справе займаемся нязручнымі для яго і ягоных паплечнікаў пытаньнямі.
Насамрэч мы нікому нічога не павінныя.
Насамрэч мы нікому нічога не павінныя. У фэміністычным руху існуе шмат плыняў, і прадстаўніцы розных плыняў прытрымліваюцца вельмі розных ідэалёгій. Мы шмат спрачаемся паміж сабой, і не заўжды гэтыя спрэчкі адпавядаюць агульнапрынятым нормам культурнай камунікацыі. Мы маем розныя меркаваньні адносна фэмінітываў, легалізацыі прастытуцыі, публічнага кармленьня грудзьмі і падзелу грамадзкіх прыбіральняў на мужчынскія і жаночыя. Але ў аснове ўсяго фэмінізму стаіць вельмі простая і радыкальная, як пісалі мае папярэдніцы, ідэя аб тым, што жанчыны — таксама людзі. Хай гэта шмат каму і нязручна.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.