Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі арыштавалі меркаваных членаў групоўкі Misanthropic Division, якую ўзначальвае грамадзянін Беларусі


Сьледчы камітэт Расеі паведаміў аб затрыманьні трох членаў неанацысцкай групоўкі Misanthropic Division, дзейнасьць якой на тэрыторыі краіны забароненая судом. У трох гарадах затрыманыя «два ўдзельнікі і адзін з кіраўнікоў» ячэйкі гэтай групоўкі.

Затрыманьні праводзіліся ў рамках справы супраць лідэра забароненай арганізацыі Дзьмітрыя Паўлава, які абвінавачваецца ў стварэньні экстрэмісцкай групоўкі, апраўданьні тэрарызму, рэабілітацыі нацызму і іншых злачынствах.

Як паведамілі сьледчыя, затрыманьні прайшлі ў Маскве, Растове-на-Доне і Архангельску. Паўлаў, па дадзеных сьледзтва, цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне або ва Ўкраіне.

Мяркуецца, што ячэйкі групоўкі існуюць у 19 дзяржавах, у ліку якіх ня толькі Расея, Беларусь і Ўкраіна, але і Нямеччына, Францыя, Польшча і Вялікабрытанія.

Дзьмітры Паўлаў, якому прыпісваюць стварэньне міжнароднай нэанацысцкай суполкі Misanthropic Division, па дадзеных сьледзтва, знаходзіцца ва Ўкраіне ці Нямеччыне. Сьледчыя хадайнічаюць аб яго экстрадыцыі ў Расею.

Фота, як сьцьвярджаецца ў сацсетках, Дзьмітрыя Паўлава
Фота, як сьцьвярджаецца ў сацсетках, Дзьмітрыя Паўлава

Справа супраць меркаванага лідэра групоўкі Дзьмітрыя Паўлава была заведзена 12 ліпеня сёлета. Сьледчы камітэт Расеі лічыць, што сябры арганізацыі прымалі ўдзел у канфлікце на Данбасе ў шэрагах групоўкі «Правы сэктар» і батальёну «Азоў».

Лідэр групоўкі Дзьмітры Паўлаў зьяўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Радыё Свабода спрабавала сабраць зьвесткі пра Паўлава.

Па беларускім нумары тэлефона, які ў сацсетках прыпісваецца Паўлаву, адказвае чалавек, які прадстаўляецца як знаёмы Паўлава па працы ў кампаніі EPAM. Ён кажа, што Паўлаў даўно зьехаў зь Беларусі, меркавана, ва Ўкраіну, і пакінуў яму свой нумар. Мужчына кажа, што ня ведае іншых дэталяў. Нумар тэлефона скончваецца лічбамі 14-88 — закадаваным нэанацысцкім лёзунгам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG