Добрускі раённы суд на будучым тыдні пачне разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да 50-гадовага жыхара райцэнтру, які абвінавачваецца па артыкулах 166 і 167 КК — гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару і замах на згвалтаваньне.
Пацярпелыя ад дзеяньняў абвінавачанага — дзяўчаткі 2003 і 2010 гадоў нараджэньня, выхаванкі дзіцячага дома сямейнага тыпу, у якім жонка абвінавачанага была выхавацелькай, а сам ён нейкі час лічыўся памочнікам выхавацеля.
Гэты дом сямейнага тыпу ў Добрушы здалі ў эксплюатацыю ў студзені 2013 году. У ім два паверхі, агульная плошча — дзьвесьце квадратных мэтраў. У кожнага з васьмі выхаванцаў быў свой пакой, ды яшчэ агульная гасьцёўня, сталоўка, кухня.
Сямʼя бацькоў-выхавацеляў таксама не выклікала нейкіх падазрэньняў. У іх двое ўласных дзяцей, гаспадар раней працаваў у органах унутраных спраў. Гэты дом яны атрымалі, бо аддзел адукацыі Добрускага райвыканкаму прызнаў іх «пераможцамі раённага конкурсу на пасаду бацькоў-выхавацеляў». Амаль праз год, у траўні 2014-га, яны сталі прызэрамі абласнога конкурсу «Сямʼя году».
Адкрывалі дом сямейнага тыпу ў Добрушы пампэзна, запрасіўшы афіцыйнае тэлебачаньне, кіраўніцтва раёну, намесьніка старшыні па ідэалёгіі Гомельскага аблвыканкаму.
Гаспадар пры адкрыцьці дома казаў: «Дзецям прасторна: ёсьць дзе пагуляць, ёсьць дзе займацца. Усё добра. Мне падабаецца, гаспадыні падабаецца. Мы задаволеныя».
Цяпер добрускія арганізатары навучаньня ды выхаваньня адмаўляюцца камэнтаваць, якім чынам «лепшы сямейны дом» апынуўся сярод «горшых». Чыноўнікі ад адукацыі спасылаюцца то на суд, які «ўсё высьветліць», то на службовыя абавязкі, паводле якіх нібыта «нічога нельга казаць».
Пасьля інцыдэнту аддзел адукацыі скасаваў дамову з добрускай выхавацелькай, чый муж абвінавачаны ў гвалце над малалетнімі дзяўчаткамі. «Лепшы сямейны дом» цяпер пустуе, прыёмных дзяцей перадалі іншым выхавацелям.
У абласной управе адукацыі кажуць, што факты гвалту ў Добрушы выявілі псыхолягі-пэдагогі, і пэдагогі ж заявілі ў органы правапарадку.
Пасьля гэтага здарэньня ў рэгіёне правераны практычна ўсе 42 дамы сямейнага тыпу, дзе гадуюцца амаль трыста дзяцей.
Зрэшты, добруская справа — ня першы выпадак гвалту на Гомельшчыне ў дамах сямейнага тыпу.
Два гады таму Сьветлагорскі раённы суд на закрытым паседжаньні вынес прысуд 44-гадоваму памочніку выхавацеля з дому ў вёсцы Казлоўка, які неаднаразова гвалціў сваіх прыёмных малалетніх дзяўчатак.
Суд пакараў гвалтаўніка 15 гадамі пазбаўленьня волі з выплатай 50 мільёнаў кожнай пацярпелай. Перад гэтым на 9 гадоў зьняволеньня быў асуджаны 16-гадовы сын выхавацеля, які таксама гвалціў малалетак.
«У душу ж чалавеку не зазірнеш, — зь непрыхаваным жалем кажа пэдагог са стажам, якая даўно займаецца ў абласным цэнтры арганізацыяй навучаньня і выхаваньня дзяцей. — Патрэбны сумесныя высілкі органаў адукацыі і аховы здароўя. Кандыдаты ў выхавацелі павінны праходзіць сурʼёзную псыхалягічную і псыхіятрычную экспэртызу — з выдачай разгорнутай характарыстыкі, а ня проста шмат у чым фармальнага запісу ў мэдычнай даведцы — «прыдатны».
Ня меншая адказнасьць за маральны клімат і стан дзяцей у дамах сямейнага тыпу ўскладаецца і на органы апекі, празь якія ідзе фінансавая падтрымка такіх дамоў і якія павінны іх пільна кантраляваць.