Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі актывісты «наехалі» на гарвыканкам і ДАІ


«Наезд» актывістаў
«Наезд» актывістаў

На кардонных макетах аўтамабіляў, расфарбаваных у яркія колеры, — прозьвішчы чыноўнікаў, якія выступаюць за тое, каб збудаваць на плошчы Леніна тры падземныя пераходы: першага намесьніка старшыні Гомельскага гарвыканкаму Паўла Паўлава; начальніцы ўправы архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкаму, галоўнага архітэктара гораду Алены Лук’яненкі; дырэктара КУДП «Управа капітальнага будаўніцтва горада Гомеля» Ўладзімера Сенажэнскага; начальніка ўправы ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкаму Ігара Макушэнкі.

«Наша акцыя, — тлумачыць актывіст кампаніі „Наш дом“ Андрэй Аксёнаў, — гэта адказ неабыякавых гараджанаў на дзеяньні прадстаўнікоў мясцовай улады, якія, ні ў кога нічога не пытаючыся, распачынаюць сумнеўныя праекты. Гэтым разам улады надумалі пабудаваць тры падземныя пераходы па пэрымэтры плошчы Леніна.

Калі такое будзе зроблена, то, каб трапіць у парк па-над Сожам, гараджанам трэба будзе спускацца ў падземныя пераходы — усім, мацяркам з каляскамі, інвалідам з кульбакамі ды ў вазках, маладым і старым. Плошчу мяркуюць аддаць машынам, каб такім чынам павялічыць яе прапускную здатнасьць.

Ступаць на плошчу гараджанам можна будзе некалькі разоў на год — на травеньскія ды кастрычніцкія сьвяты, на дзень гораду ды падчас сельскагаспадарчых кірмашоў. Гэта як вырашыць гарвыканкам».

Галоўная плошча Гомеля
Галоўная плошча Гомеля

Прадстаўнік стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» спадар Шарыпаў зьвяртае ўвагу на тое, што гарадзкія ўлады замарозілі будаўніцтва і заходняга, і ўсходняга транспартных абходаў з прычыны адсутнасьці фінансаў.

«Гараджане маюць ужо сумны досьвед рэканструкцыі вуліцы Кірава, — кажа Аляксандар Шарыпаў. — Без грамадзкага абмеркаваньня гарадзкія ўлады зьнішчылі паабапал вуліцы ўсе дрэвы, нарабілі кругавых разьвязак, якія двойчы перараблялі. На дадатак наставілі агароджы. Каб перайсьці на другі бок вуліцы, пешаходам трэба крочыць сотні мэтраў.

Цяпер зьбіраюцца выдаткоўваць мільёны даляраў на падземныя пераходы на галоўнай плошчы ды пашырыць вуліцы Інтэрнацыянальную і Пралетарскую, дзе нямала гістарычных будынкаў».

Актывісты лічыць, што гарвыканкам павінен патлумачыць грамадзкасьці, чаму ў горадзе аддаецца перавага аўтамабілям, а не людзям, што гараджане выйграюць і зь якімі праблемамі сутыкнуцца ў выніку такой рэканструкцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG