Як піша «Наша Ніва», у сына журналіста і блогера Зьмітра Галко Андрэя ўзьніклі праблемы з алькаголем, за шматлікія прыводы ў міліцыю ў Беларусі яго хацелі зьмясьціць у ЛПП.
Бацька вырашыў звазіць сына ва Ўкраіну, каб зьмяніць абстаноўку і неяк на яго паўплываць. Аднак празь нейкі час тыя самыя праблемы з алькаголем пачаліся і ва Ўкраіне. У ноч на 5 лютага Андрэй сышоў з рэабілітацыйнага цэнтру ў Жытомірскай вобласьці. З таго часу Зьміцер Галко шукаў сына і нічога ня ведаў пра яго лёс. Так было да мінулага тыдня.
У пошуках сына Зьміцер Галко распаўсюджваў абвесткі ў Кіеве і апытваў бамжоў. Адзін зь іх пазнаў Андрэя.
Высьветлілася, што з Андрэем разам яны былі ў вёсцы Вялікі Дальнік пад Адэсай. Гэты чалавек зьбег адтуль яшчэ ў красавіку, тады ён апошні раз там і бачыў Андрэя. Але гэты бяздомны папярэдзіў Зьмітра Галко: «Нават ня думайце сунуцца туды бяз зброі».
Журналіст стаў пісаць у Адэскую абласную адміністрацыю, пракуратуру, шмат у якія інстанцыі, але ніхто не даваў яму адказу. Адгукнуўся толькі ўчастковы гэтага сяла і паабяцаў дапамогу. У выніку Андрэя адпусьцілі.
Гэта было фактычна рабства. Людзей вэрбавалі на пятачку каля вакзалу ў Кіеве, абяцалі добрую працу і заробак, а потым завозілі ў Вялікі Дальнік і трымалі пад аховай.
«Гэта было фактычна рабства. Людзей вэрбавалі на пятачку каля вакзалу ў Кіеве, абяцалі добрую працу і заробак, а потым завозілі ў Вялікі Дальнік і трымалі пад аховай. Там трэба было працаваць на палях, плянтацыях, а таксама на гародніннай базе. Сартавалі буракі, цыбулю, палолі ўсё гэта, апрацоўвалі хімікатамі. У Андрэя цяпер усе рукі і ногі сінія ад гэтай „хіміі“. Увогуле выглядае ня дужа добра. Можа, траціна засталася ад яго ранейшага», — кажа Зьміцер Галко.
У Вялікім Дальніку Андрэю ніякіх грошай не плацілі. Толькі кармілі і давалі цыгарэты. Нехта час ад часу спрабаваў уцячы, камусьці ўдавалася, у Андрэя не атрымалася. Яго дагналі, пагражаючы пісталетам, прымусілі вяртацца назад. Гэтым «бізнэсам» валодае грузін Цімур, «наглядчыкамі» ў яго працуюць цыганы. Калі пачаўся шум з пошукамі, то Цімур паклікаў да сябе Андрэя, даў яму адзеньне і грошы і адпусьціў. Сказаў, што ня хоча лішніх праблем.
5 ліпеня Андрэй на цягніку з Кіева прыехаў да Зьмітра Галко ў Марыюпаль, дзе той жыве з жонкай і двума малодшымі сынамі.