Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагноз ураду на 2017 год: «Лепш стаяць за высокія тэмпы, чым сядзець за нізкія»


Пра што сьведчыць прапанаваны ўрадам прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2017 год.

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.


Карбалевіч: Беларускі ўрад рыхтуе дакумэнты аб асноўных парамэтрах эканамічнага разьвіцьця краіны на наступны год, падрыхтаваны праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2017 год, бюджэт.

Улады папярэдне вызначылі два магчымыя варыянты, прычым жорстка ўвязалі іх з сусьветнымі цэнамі на нафту. Гэта штрых да пытаньня, да дыскусіі пра тое, наколькі беларуская эканоміка зьяўляецца рэнтнай.

Першы сцэнар прадугледжвае, што эканоміка ў наступным годзе вырасьце, як і запісана ў пяцігадовай праграме, на 1,5%. Другі сцэнар прадугледжвае эканамічны рост толькі на 0,2%. Дарэчы, МВФ прагназуе, што эканоміка Беларусі скароціцца на 0,5%.

Незалежныя эканамісты хутчэй схіляюцца да прагнозу МВФ. І яны, у адрозьненьне ад ўраду, ацэньваюць пэрспэктывы разьвіцьця беларускай эканомікі ў залежнасьці не ад цэнаў на нафту, а ад рэформаў. Маўляў, калі будуць рэформы, то і будуць пэрспэктывы росту, а калі не, то не.

Маю ўвагу прыцягнула адно патрабаваньне ці рэкамэндацыя МФ беларускаму ўраду: правесьці поўнамаштабную дыягностыку банкаўскай сыстэмы і сэктару дзяржпрадпрыемстваў. То бок, фонд хоча мець рэальную карціну, наколькі закрэдытаваны дзяржсэктар, якія даўгі вісяць на ім, і наколькі гэта пагражае банкаўскай сыстэме. Цяпер такой карціны няма. Беларускія ўлады яе хаваюць, бо, мусіць, сытуацыя жахлівая. Інакш навошта хаваць? А можа, і самі ня ведаюць.

Адставаньне ад сусьветных тэмпаў эканамічнага разьвіцьця ў любым выпадку запраграмаванае.

Але насамрэч, ня так ужо і важна, ці будзе рост на 0,2%, ці скарачэньне на 0,5%. У 2015-2016 гадах адбылося значнае падзеньне. Магчыма, эканоміка ўжо і дасягнула дна. Таму нельга выключаць невялікі рост ад нізкай базы, асабліва, калі сусьветныя цэны на нафту і калій пойдуць уверх.

Але рост нават па аптымістычным сцэнары — на 1,5% — гэта вельмі мала. Прагноз росту сусьветнага ВУП на 2017 год — 3,5%, а ў краінах разьвіцьця (да якіх адносіцца Беларусь) — 4,6%. То бок, адставаньне ад сусьветных тэмпаў эканамічнага разьвіцьця ў любым выпадку запраграмаванае.

Як гэта адаб’ецца да заробках? Нагадаю лічбы. Праграма на пяцігодку, прынятая Ўсебеларускім народным сходам, прадугледжвае, што да 2020 году сярэдні заробак вырасьце на 9,5-11,6%. У студзені 2015 году (пачатак пяцігодкі) яна складала $ 315. Дадамо 11% і атрымаем дзесьці $ 347. І гэта толькі ў 2020 годзе.

Нагадаю, што ў сьнежні 2010 году сярэдняя зарплата ў Беларусі складала $ 530. Палічыце самі, колькі трэба пяцігодак, каб выйсьці на ўзровень 2010 году.

Цыганкоў: Ёсьць дастаткова вялікае разыходжаньне паміж праграмамі і прагнозамі МВФ наконт таго, якія эканамічныя паказчыкі чакаюць Беларусь у бліжэйшыя гады, і праектамі беларускага ўраду. І незалежныя эканамісты, і экспэрты даволі жорстка прайшліся па тых праектах, якія прагучалі на Ўсебеларускім сходзе.

Там былі заяўленыя фантастычныя лічбы росту да 2020 году, і наступны год, паводле праграмы, прынятай на сходзе, таксама павінен быць зь вялікім плюсам.

Выглядае, што ў чыноўнікаў дзейнічае такая лёгіка, пра якую казаў адзін экспэрт у маёй перадачы: што трэба браць такія высокія лічбы, бо гэта дысцыплінуе падначаленых. Урэшце ёсьць такая адметнасьць псыхалёгіі — ставіць нерэалістычныя задачы, маўляў, яны павінны цягнуць уверх.

Што тычыцца рэальнасьці, тут лепш выглядае прагноз Міжнароднага валютнага фонду, які адназначна заяўляе, што па выніках 2016 году будзе яшчэ падзеньне каля 3%, але ў 2017 годзе чакаецца ўжо магчымы рост на ўзроўні 1%.

Магчыма тое, што ў 2017 годзе будзе пэўны рост, сьведчыць, што чуткі аб сьмерці гэтай сыстэмы аказаліся моцна перабольшаныя.

Калі мы некалькі разоў абмяркоўвалі непазьбежнасьць рэформаў і казалі пра плян беларускага кіраўніцтва, то ён выглядаў так: перачакаць цяжкія часы, дачакацца, калі перастануць падаць цэны на нафту, калі Расея трошкі ачуняе, і ўсё стане па-старому.

У нейкай плашчыні якраз такі плян і спрацоўвае. Да гэтага, хаця б сьціплага, але магчымага, росту ў 2017 годзе беларуская ўлада падыходзіць без радыкальных рэформаў. Гэта дазваляе паставіць пытаньне: ці быў гэта крызыс цяперашняй сацыяльна-эканамічнай сыстэмы, які зараз працягваецца, ці гэта яе каляпс і развал, як сьцьвярджаюць многія? Магчыма тое, што ў 2017 годзе будзе пэўны рост, сьведчыць, што чуткі аб сьмерці гэтай сыстэмы аказаліся моцна перабольшаныя.

Дракахруст: Наконт паводзінаў чыноўнікаў я прыгадваю жарт савецкіх эканамістаў 30-х гадоў: «Лепш стаяць за высокія тэмпы, чым сядзець за нізкія». Часы, зразумела, ня тыя, але думаю, прыкладна такая ж лёгіка ў беларускіх урадоўцаў, якія закладаюць высокія лічбы, як загадала начальства, а там бачна будзе. Можна будзе на сусьветны крызыс сьпісаць.

Я згодны з Валерам, што па вялікім рахунку не такое ўжо вялікае значэньне мае рост на 0,2% ці падзеньне 0,5% — эканамісты МВФ і эканамісты ўраду вызначаюць прыкладна адну і тую ж тэндэнцыю.

Але я хачу прыгадаць выказваньне беларускага эканаміста Дзьмітрыя Крука. Некалькі гадоў таму ў перадачы «Праскі акцэнт» ён казаў, што так, розныя крызысныя зьявы могуць уплываць на беларускую эканоміку мацней ці слабей, але яе структурнай асаблівасьцю будуць нізкія тэмпы росту.

Лукашэнка вельмі ганарыўся высокімі тэмпамі росту беларускай эканомікі ў 90-я гады, але гэта быў рост зь вельмі нізкага ўзроўню, пасьля шоку распаду СССР і краху камуністычнай сыстэмы.

Цяпер беларуская эканоміка ўпіраецца ў нейкую столь, якая абумоўленая яе структурай.

Беларуская эканоміка як бы прыходзіла ў сябе. Тэмпы сапраўды былі дастаткова высокімі, бо гэта быў варыянт экстэнсіўнага разьвіцьця, калі распарадчасьцю, загадамі кшталту «распранайцеся і працуйце» сапраўды можна было нечага дасягнуць.

Але прыйшлі іншыя часы. Аднаўляльны рост спыніўся. Для істотнага росту павінныя быць іншыя ўнутраныя крыніцы, а іх няма. Беларуская эканоміка не памрэ, я ня згодны з тым, што цяперашні стан — гэта агонія, каляпс. Цалкам магчыма, што ў 2018 годзе беларуская эканоміка будзе расьці на 1-1,5%. Але вось са стратэгічнага прагнозу вынікае, што росту ў 3- 5% ня будзе ў любым выпадку.

Цяпер беларуская эканоміка ўпіраецца ў нейкую столь, якая абумоўленая яе структурай. І тут справа не ў лібэралізьме. Ёсьць просты выбар: калі вы хочаце тэмпы, то вы павінныя нешта мяняць. Калі не — ну, выжывеце, а ўжо як — гэта іншае пытаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG