Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыка Ягор Забелаў пра новае гучаньне акардэону, агучку нямога кіно і самы беларускі інструмэнт ВІДЭА


Госьць Свабоды — Ягор Забелаў, адзін з найбольш вядомых акардэаністаў беларускага музычнага андэрграўнда, кампазытар, аўтар тэатральнай музыкі і музыкі да кіно, заснавальнік гурту Gurzuf і «Ягор Забелаў трыё».

Днямі ягонае трыё выступіла на праскім музычным фэстывалі «United islands of Prague», і Ягор Забелаў наведаў праскі офіс «Свабоды».

Соўсь: Ягор, я назірала за вельмі пазытыўнай і актыўнай рэакцыяй людзей на ваш выступ на фэстывалі ў Празе. Чэскія мэдыі напісалі, што на завяршэньні фэстывалю трыюмфальна выступілі беларускія музыкі. Вы падчас канцэрту казалі, што чакалі ўдзелу ў гэтым фэстывалі тры гады. Чым была адметны праскі выступ?



Забелаў: Я некалькі гадоў дасылаў заяўкі на ўдзел у гэтым фэстывалі, і ўрэшце атрымаў запрашэньне. Мы ўпершыню выступалі ў Празе. Я магу ўявіць, якой будзе рэакцыя на нашу, на маю музыку. Яна заўсёды вельмі цёплая. Я вельмі шчыры ў сваёй творчасьці, таму чакаць нейкай сквапнасьці не прыходзіцца ніколі.


Соўсь: Вы — сур’ёзны музыка, з клясычнай адукацыяй, адзін з найлепшых у гэтым жанры сярод беларусаў. У Празе жыве і працуе яшчэ адзін вядомы акардэаніст Алесь Ясінскі, які таксама вучыўся ў Беларускай акадэміі музыкі. Ці можна казаць пра адмысловую беларускую школу акардэону, якая вылучаецца і вядомая ў сьвеце?

Забелаў: Можна казаць. Але калі браць кансэрваторыю, клясычную адукацыю, то я бы сказаў, што гэта расейская школа ў прынцыпе. Самыя моцныя акардэаністы, баяністы — у Расеі. Яны перамагаюць на мностве конкурсаў ва ўсім сьвеце менавіта ў клясыцы. Можна, канечне, казаць і пра беларускую школу... Памятаю, што калі я пачынаў з гуртом Gurzuf, і мы ўпершыню прыехалі выступаць у Эўропу, у Францыю, аднойчы мне зрабілі такі камплімэнт, што акардэон — гэта мілагучны інструмэнт. Усе чакаюць пэўнага гучаньня ад акардэону — шансон, фольк. Але неяк так атрымалася, што цяпер у беларускай музыцы зьявілася некалькі своеасаблівых праектаў, якія ў аснове сваёй выкарыстоўваюць акардэон. Яны раскрываюць акардэон, дастаюць яго новае гучаньне, ствараюць новы погляд, новы ракурс на акардэонную музыку. Гэта Алесь Ясінскі, мой брат з ягоным праектам Zabelov Group, маё трыё і трыё «Партманэ». Усе мы робім вельмі цікавую, незвычайную для акардэону музыку.


Соўсь: Вы родам з Магілёўшчыны. А што паўплывала на ваш выбар музычнага інструмэнту?

Забелаў: Сямʼя. Бацька быў маім пэдагогам. Як усе дзеці, я ня вельмі хацеў займацца музыкай, хаця было зразумела, што ў мяне нешта атрымліваецца. Я хацеў дзяцінства. Але потым быў момант, калі я ўсьвядоміў, што гэта — маё, што я хачу і буду гэтым займацца. Гэта адбылося, калі я прыехаў паступаць у Магілёўскую музычную вучэльню. Я адчуў цягу да гэтага і вельмі шмат займаўся. Далей была Акадэмія музыкі...

Соўсь: Вы даволі шмат гастралюеце, удзельнічаеце ў сур’ёзных міжнародных фэстывалях. Што да канцэртаў на радзіме, ці можна зь іх пражыць музыку? Ці можна займацца выключна творчасьцю і з гэтага жыць у Беларусі?

Забелаў: Я займаюся цяпер толькі музыкай, але былі розныя часы. Для мяне Беларусь — гэта месца, дзе я ствараю музыку, але я яе тут не магу прадаць. Я арыентаваны ў большай ступені на Эўропу. Каб зарабляць музыкай, прыходзіцца рабіць розныя рэчы ў музыцы. Адзінае, на які кампраміс я не іду — гэта выступы ў рэстаранах. Я магу граць і на карпаратывах, але сваю музыку. Гэта здараецца вельмі рэдка. Мая праца розная — тэатральная музыка, музыка да кіно, гэта зьвязана з сачыненьнем музыкі, з аранжыроўкамі. Часам я граю і чужую музыку, як напрыклад у праекце зь нямецкім дуэтам «Bobo und Herzfeld», мы працуем ужо другі год, граем музыку гэтага калектыву, але я дадаю туды і нешта сваё. Ва ўсіх праектах стараюся не згубіць сябе. У мяне ёсьць свой стыль і як выканаўцы, і як кампазытара, таму мяне і запрашаюць граць з рознымі камандамі, бо ім цікава і тое, што я раблю.


Соўсь: Вы пісалі музыку для спэктакляў Лялечнага тэатру ў Менску, стваралі музыку для кіно, пісалі музыку для розных гуртоў...

Забелаў: Я працаваў у сямі спэктаклях з рэжысёрам Аляксеем Леляўскім, і гэта быў выключны досьвед. Ён мяне «вычапіў», калі я яшчэ вучыўся ў Акадэміі музыкі. Я тады яшчэ не ўяўляў, што я на гэта здольны. Ён мне сказаў: «Хопіць зьвяртацца да замежных кампазытараў, давай мы з табой папрацуем». У мяне заўсёды ёсьць страх перад новымі праектамі, але мяне гэта ніколі не спыняе. Я пагадзіўся. Першым быў спэктакль «Сіняя пушка». Праца была ўдалай. Пазьней я езьдзіў зь Аляксеем Анатольевічам у Славенію, Нямеччыну, Польшчу ставіць спэктаклі. Я пісаў музыку і для дакумэнтальнага кіно. Вельмі цікавая цяпер праца з нямым кіно, а дакладней агучка старога нямога кіно. Цяпер я працую над фільмам для Адэскага фэстывалю «Нямыя ночы», агучваю фільм кітайскага рэжысёра 1934 году. Цяпер гэта вельмі модная тэндэнцыя.



Соўсь: Ці ёсьць якая-небудзь эмоцыя ці пачуцьце, якія немагчыма выказаць музыкай?

Забелаў: Музыка можа ўсё.

Соўсь: Які музычны інструмэнт самы беларускі, на ваш погляд?

Забелаў: Голас. Калі бабулі сьпяваюць стары фальклор, гэта гучыць моцна, гэта гучыць па-беларуску.



Ягор Забелаў скончыў Магілёўскую музычную вучэльню, Беларускую Дзяржаўную Акадэмію музыкі. У 2002 годзе стаў ляўрэатам міжнароднага конкурсу выканаўцаў на народных інструмэнтах імя Жыновіча. Працаваў зь беларускімі гуртамі «Нагуаль», «Серебряная Свадьба», зь якімі канцэртаваў па Беларусі, Расеі, Украіне, Польшчы і Францыі. У 2005 годзе разам з барабаншчыкам Арцёмам Залескім стварыў групу Gurzuf, у складзе якой адыграў больш за 300 канцэртаў па ўсёй Эўропе, браў удзел у вялікай колькасьці этна- і джаз-фэстаў, фэстываляў акардэоннай і альтэрнатыўнай музыкі, сярод якіх Le Grand Soufflet (Францыя), фэстываль Сяргея Курохіна «СКІФ» (Расея), Jazz Bez ( Польшча / Украіна), B-Sides (Швайцарыя), «Этна-механіка» (Расея), Fusion (Нямеччына), Міжнародны фэстываль акардэоннай музыкі (Аўстрыя), Airbag ( Бэльгія), Міжнародны фэстываль акардэоннай музыкі (Партугалія) і інш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG