Сёньня, 23 чэрвеня, у Менск для ўдзелу ў парадзе на Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня прыбыў парадны разьлік 104-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога палка 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі Узброеных сіл Расеі.
Пра гэта паведамляе сайт Мінабароны Беларусі.
Расейская 76-я гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізія — так званыя пскоўскія дэсантнікі — адно з найстарэйшых дэсантных падразьдзяленьняў у Расеі. Дывізія брала ўдзел у абедзьвюх чачэнскіх войнах, у вайне з Грузіяй у жніўні 2008-га, у анэксіі Крыму, а таксама, паводле інфармацыі незалежнай расейскай прэсы, — у канфлікце на Данбасе. У жніўні 2014 году (у разгар баявых дзеяньняў на Данбасе) Уладзімер Пуцін узнагародзіў дывізію ордэнам Суворава «за пасьпяховае выкананьне баявых заданьняў».
Пскоўскія дэсантнікі ня першы раз наведалі беларускую зямлю. Так у 2015 годзе яны ўдзельнічалі ў менскім парадзе на 9 траўня. У красавіку 2016-га пскоўскія дэсантнікі знаходзіліся ў Берасьці на агульных вучэньнях зь беларускімі вайскоўцамі.