Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў, якіх падазраюць у закідваньні фарбай БТ, адпусьцілі пад абавязацельства аб яўцы


Дваіх актывістаў анархісцкага руху адпусьцілі з-пад варты пад абавязацельства аб яўцы. Іх падазраюць у закідваньні фарбай будынка Белтэлерадыёкампаніі.

Па факце інцыдэнту ўсчатая крымінальная справа за «хуліганства, учыненае паўторна альбо групай асобаў».

Адзін з актывістаў, які прасіў не называць імя, апавёў сайту spring96.org, што яго затрымалі каля станцыі мэтро супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Яму прадʼявілі ордэр на ператрус, і ўсе разам паехалі на кватэру актывіста. Там падчас ператрусу канфіскавалі розную літаратуру, забралі некалькі параў абутку, чорную куртку для экспэртызы.

Пасьля ператрусу затрыманага адвезьлі ў пастарнак, а потым у ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён правёў двое сутак. Яго выкліка́лі на допыты, цікавіліся пра сувязь з раварыстам Зьмітром Паліенкам, які цяпер знаходзіцца пад сьледзтвам.

Даваць паказаньні, падпісваць паперы і здаваць генэтычны матэрыял актывіст адмовіўся. Аднак у яго ўсё ж узялі ўзоры пазногцяў, па якіх будуць праводзіць экспэртызу адразу па дзьвюх справах — акцыі супраць БТ і акцыі супраць міліцэйскага гвалту, якая адбылася ў траўні.

Актывіст мяркуе, што неўзабаве могуць прайсьці затрыманьні іншых людзей па гэтай справе.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Наста Лойка лічыць, што дзеяньні актывістаў не парушалі грамадзкі парадак і ня могуць падпадаць пад крымінальны перасьлед.

9 чэрвеня анархісты закідалі лямпачкамі «прамога дзеяньня» будынак Белтэлерадыёкампаніі. Гэтай акцыяй яны выступілі «супраць прапаганды з боку дзяржавы, якая штодня трансьлюецца з экранаў тэлевізараў, выліваецца на грамадзтва праз радыёпрыёмнікі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG