У камэнтары да рэйтынгу Reuters піша, што на першы погляд, самыя інавацыйныя ўнівэрсытэты ў Эўропе маюць няшмат агульнага. Некаторыя з іх зьяўляюцца каталіцкімі ўстановамі, некаторыя — сьвецкія, некаторыя — дзяржаўныя, а іншыя — прыватныя. Некаторым зь іх больш за 920 гадоў, а іншыя сталі незалежнымі толькі 10 гадоў таму. Унівэрсытэты раскіданыя па ўсім кантынэнце — некаторыя ў буйных гарадах, а іншыя ў сельскай мясцовасьці.
Але ёсьць і адна агульная прыкмета, якая аб’ядноўвае іх ў рэйтынгу: амаль усе яны стаўку робяць на практычныя дасьледаваньні і прыкладную навуку, у адрозьненьне ад чыста акадэмічных колаў. ВНУ са сьпісу Reuters робяць найбольш для прасоўваньня навукі, адкрыцьця новых тэхналёгіяў і дапамагаюць кіраваць глябальнай эканомікай. У рэйтынгу, у выніку, дамінуюць тэхнічныя ўнівэрсытэты і каледжы.
Найстарэйшы каталіцкі ўнівэрсытэт Эўропы — Лювэнскі, які ўзначальвае рэйтынг, сёньня адкрыты для студэнтаў усіх веравызнаньняў, ён працуе аўтаномна ад Царквы і зьяўляецца адной з найбуйнейшых незалежных навукова-дасьледчых і канструктарскіх арганізацый на плянэце — у 2014-м фінансавым годзе выдаткі на навуковыя дасьледаваньні перавысілі 426 мільёнаў эўра.
Другое месца ў сьпісе заняў Імпэрскі каледж Лёндану, які да ліпеня 2017 году быў часткай Лёнданскага ўнівэрсытэту і называўся Імпэрскім каледжам навукі, тэхнікі і мэдыцыны. Сёньня ў каледжы вучацца больш за 16 000 студэнтаў з больш чым 125 краін. Каледж далёка перасягнуў свайго бацьку — Лёнданскі ўнівэрсытэт, які ня трапіў нават у першую трыццатку рэйтынгу.
У першую дзясятку рэйтынгу Reuters уваходзяць таксама такія тэхнічныя ВНУ як Фэдэральная політэхнічная школа Лязаны ў Швэйцарыі або Тэхнічны ўнівэрсытэт Мюнхена.
Калі браць рэгіёны Эўропы, дык Заходняя Эўропа дамінуе ў сьпісе з 60-цю ўнівэрсытэтамі са 100. Паўночная Эўропы мае ў сьпісе 24 ВНУ. Паўднёвая Эўропа — 15.
Усходняя Эўропа мае ў рэйтынгу толькі аднаго свайго прадстаўніка — гэта Ягелонскі ўнівэрсытэт у польскім горадзе Кракаў, які займае 92-е месца.
Толькі пяць унівэрсытэтаў са сьпісу знаходзяцца ў краінах, якія не зьяўляюцца членамі Эўрапейскага Зьвязу — чатыры ў Швэйцарыі і адзін у Нарвэгіі (Унівэрсітэт Осла, № 41).
У рэйтынг ня трапіў ніводзін унівэрсытэт з самых населеных краінаў Эўропы — Расеі і Турэччыны.
Таксама там няма ніводнай ВНУ зь невялікіх, але багатых Швэцыі і Фінляндыі.