Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прадзед майго прадзеда жыў у ВКЛ»


Анатоль Санаценка
Анатоль Санаценка

Пасьля пяці кніг па-расейску ён прынцыпова перайшоў на беларускую мову, назваўшы свой моўны ўчынак «Вяртаньнем на радзіму». Анатоль Санаценка, пісьменьнік і рэдактар «Бабруйскага кур’ера» — госьцем перадачы.

— Анатоль, віншую вас з выхадам знакавай для вас кнігі «Вяртаньне на радзіму». Я мог бы назваць зь дзясятак пісьменьнікаў, якія, падладжваючыся пад тую моўную сытуацыю, што цягам двух апошніх дзесяцігодзьдзяў склалася ў Беларусі, перайшлі цалкам ці часткова зь беларускай мовы на расейскую. Вы ж зрабілі наадварот. Чаму?

— Гэта адбылося не адразу. Пачалося з таго, што зацікавіўся сваім радаводам, даведаўся пра сваіх дзядоў-прадзедаў. Яны, дарэчы, былі ліцьвінамі, людзьмі заходняй культуры. Даведаўшыся, я адчуў свае карані. Спрыяла гэтаму і тое, што я захапіўся паэзіяй Максіма Багдановіча, потым быў раньні Янка Купала, потым — сучасныя паэты Леанід Дранько-Майсюк і Віталь Рыжкоў. Гэта ўсё было для мяне нейкім адкрыцьцём. І апошнім штуршком сталіся падзеі, якія адбыліся 19 сьнежня 2010 году і пасьля, яны закранулі мяне вельмі моцна. Усё гэта на мяне паўплывала, і з сакавіка 2011 году я стаў пісаць па-беларуску і перакладаць свае ранейшыя расейскамоўныя вершы на родную мову.

— Вы ў Бабруйску чалавек вядомы, ужо шмат гадоў рэдагуеце «Бабруйскі кур’ер», пяць кніг выдалі па-расейску. Як зрэагавалі вашы знаёмыя, вашы чытачы на такі моўны ўчынак?

Калі я размаўляю па-беларуску, у мае жылы ўваходзіць сама Гісторыя, я раблюся шляхетным.

— Было зьдзіўленьне, знаёмыя і сваякі не разумелі. Трэба было тлумачыць. І я напісаў — як тлумачэньне — такі тэкст: «Калі я размаўляю па-беларуску, у мае жылы ўваходзіць сама Гісторыя, я раблюся шляхетным, у шляхетным адзеньні, як таму і трэба быць, як і наканавана лёсам... 600 гадоў альбо 700, усе соймы, гербы, сьцягі і штандары, усе надзеі і летуценьні, уся старадаўняя Літва, што сёньня завецца Беларусьсю; Сінія Воды, Грунвальд, Ворша і Ула, Гусоўскі, Скарына, Купала і Багдановіч, — усё гэта праходзіць перада мной і празь мяне і робіцца маёй беларускай душою... Калі я размаўляю па-беларуску...» На жаль, трэба прызнаць, у маім цяперашнім асяродзьдзі няма людзей, якія пасьлядоўна карысталіся б беларускай мовай. У мяне малавата моўнай практыкі — гэта відно па маім вымаўленьні.

— Ваша кніга пачынаецца вершам, які прысьвечаны колішняму палітвязьню Яўгену Васьковічу. Што значыць гэты чалавек у вашым жыцьці?

Вырашыў — Яўген Васьковіч мой супрацоўнік, і ён ім застанецца, пакуль ня выйдзе з турмы. Так і атрымалася. Выйшаўшы з турмы, ён вярнуўся да мяне і працуе ў «Бабруйскім кур’еры» як журналіст.

— Яўген — адзіны чалавек, зь якім мы на працы размаўляем па-беларуску. Ён мой супрацоўнік яшчэ з 2008 году. Ён таксама паспрыяў майму пераходу на беларускую мову. Калі Яўген быў у турме (амаль пяць гадоў), я не звальняў яго. Мяне, прызнаюся, юрысты не разумелі, але я прынцыпова рашыў не звальняць. Вырашыў — Яўген Васьковіч мой супрацоўнік, і ён ім застанецца, пакуль ня выйдзе з турмы. Так і атрымалася. Выйшаўшы з турмы, ён вярнуўся да мяне і працуе ў «Бабруйскім кур’еры» як журналіст.

— «Прадзед майго прадзеда жыў у ВКЛ», — пішаце вы ў адным з эсэ. Шэсьць пакаленьняў для вас — гэта блізка?

— У маім цяперашнім разуменьні гэта вельмі блізка, амаль побач, працягні руку — і яно тут. Калі браць па бацьку, па ягонай маці, то мае продкі былі з роду Статкевічаў. Мой прадзед Фёдар (меў, між іншым, пяцёра братоў) нарадзіўся ў 1869 годзе, а ягоны прадзед падлеткам жыў у ВКЛ. Статкевічы былі, відавочна, арыентаваныя не на Пецярбург, не на ўсход, а на захад — на Вільню і Варшаву. Потым усе браты зьехалі на захад, а вярнуўся толькі адзін — Фёдар, які меў пад Бабруйскам сваю смалярню. Ён у 1924 годзе спрабаваў выехаць з савецкай Беларусі — не ўдалося. Ад тых Статкевічаў мне засталіся імя па бацьку — Казіміравіч — і «ганарлівая кроў», што вядзе мяне па жыцьці.

— Асобны разьдзел у кнізе — пераклады з Гіёма Апалінэра. Цэлую кнігу ягоных вершаў калісьці пераклала Эдзі Агняцьвет. Вам захацелася яе пераўзысьці?

— Не, пераклады Агняцьвет добрыя. Але, па-першае, у той кнізе толькі 55 вершаў, а Апалінэр за свае 38 гадоў напісаў іх каля 350. Па-другое, я вельмі люблю гэтага паэта. Маёй любові да Апалінэра ўжо 25 гадоў. Чвэрць стагодзьдзя таму я ў вольны час узяўся перакладаць Апалінэра, і да гэтай пары перакладаю. Дарэчы, першым быў перакладзены знакаміты «Мост Мірабо». Хацелася б перакласьці ўсю паэзію Апалінэра, гэта мой улюбёны паэт.

— Ён жа ўнук паўстанца 1863 году.

— Гэта таксама істотна. Скажам, у расейскай паэзіі мне вельмі даўно падабаўся Ўладзіслаў Хадасевіч, аказалася — ягоны дзед таксама быў удзельнікам паўстаньня Каліноўскага! У Апалінэра вельмі падобны лёс. Ягоны дзед, Міхал Апалінары Кастравіцкі, капітан расейскага войска, удзельнічаў у паўстаньні. А калі паўстаньне было здушана, ён зьехаў у Італію разам са сваёй дачкой, у якой потым нарадзіўся Ўладзімер Вільгельм Кастравіцкі, вядомы ў сьвеце як Гіём Апалінэр.

— Бабруйск — своеасаблівы горад. З даўніх часоў у ім разьмяшчаўся вялікі расейскі гарнізон. Потым стаяла другое войска — савецкае па форме, але тое ж расейскае па сутнасьці. Многа вайскоўцаў асела ў горадзе. Зыходзячы з гэтага, «русский мир» для сёньняшніх бабруйчанаў прымальны ці чужы?

Пэўная частка бабруйчанаў, на жаль, прыхільнікі «русского мира».

— Я не праводзіў адмысловых дасьледаваньняў, але, па маіх асабістых назіраньнях, пэўная частка бабруйчанаў, на жаль, прыхільнікі «русского мира». Я нарадзіўся ў 1969 годзе і ў дзяцінстве ня чуў ніводнага слова па-беларуску. Вакол нас жылі габрэі, цыганы, расейцы. Ніхто зь іх, зразумела, па-беларуску не размаўляў. Цяпер у Бабруйску ёсьць тэатар, дамы культуры, але нават там практычна не гучыць беларуская мова. Спэктаклі ў тэатры праходзяць па-расейску. Хачу спадзявацца, што мой моўны ўчынак хоць трохі падтрымае беларушчыну.

— У Бабруйску ёсьць цэлы квартал, трапіўшы куды, я згадаў радок паэта «там русский дух, там Русью пахнет». Гэта вайсковыя рэдуты і казармы, якія засталіся пасьля Расейскай імпэрыі. Іх варта зруйнаваць ці магчыма неяк прыстасаваць да сучаснага жыцьця?

— Адзін мой знаёмы краязнавец у гэтым сэнсе катэгарычны — іх трэба зруйнаваць. Гэтыя расейскія рэдуты і казармы былі пабудаваныя на месцы сярэднявечнага Бабруйску, на месцы замка ХVI стагодзьдзя, старажытных храмаў і г.д. Усё гэта было зруйнавана. Тое ж самае, дарэчы, здарылася і зь Берасьцем. Там трохі пазьней пабудавалі больш знакамітую, чым Бабруйская, крэпасьць. Узьвядзеньне вайсковых пабудоваў прывяло да таго, што мы сёньня ня маем старога Бабруйску, тых будынкаў, той атмасфэры, якая захавалася ў Вільні, у Горадні, у Магілёве. Тым мурам ужо больш за 200 гадоў, і зь імі трэба нешта рабіць. Ідэі ёсьць, але няма грошай. Трэба было б падключыць ЮНЭСКО, калі б, зразумела, у Беларусі былі лепшыя стасункі з Эўропай. За кошт гарадзкога бюджэту тыя пабудовы не адновіш. Яны сталі часткай нашай гісторыі, нічога тут не паробіш.

— Сёньня любы выдавец скажа, што кідкая назва кнігі — палова посьпеху. І гэта сусьветная тэндэнцыя. Вось назвы кніг, якія сустрэліся мне на кніжных сайтах: «Навучы сваю жонку быць удавой», «Засушка кветак у мікрахвалёўцы», «Аральны садызм і вэгетарыянства»... З гэтага гледзішча ваша кніга «Вяртаньне на радзіму» неяк не гучыць. Ці для вас гэта не галоўнае?

— Так, не галоўнае. «Вяртаньне на радзіму» — ня вельмі арыгінальная назва, але для мяне яна прынцыповая. Таму што гэта насамрэч маё вяртаньне на радзіму. Як можна вярнуцца туды, адкуль не зьяжджаў? Можна. Я, цягам доўгіх гадоў расейскамоўны, нарэшце вярнуўся на радзіму сваіх продкаў зь іх 700-гадовым родавым гербам «Касьцеша», на радзіму мовы. У Айчыну, у Беларусь, у Вялікае Княства Літоўскае. Доказам вяртаньня — мая кніга.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG