Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фатограф-валянтэр: Шкадаваньне — самая вялікая сьвіньня, якую можна падкласьці інвалідам


Фота Дзьмітрыя Маркава.
Фота Дзьмітрыя Маркава.

Маркаў летась атрымаў прэмію, створаную фотаагенцтвам Getty Images і сацыяльнай сеткай Instagram. Фатаграфіі Маркава ў Instagram — танаваныя, быццам выцьвілыя, на іх шмат дзяцей, старых, няшчасных людзей і пацёрты сьвет, які стварае часам адчуваньне разрухі.

Дзьмітрый Маркаў
Дзьмітрый Маркаў

Маркаў кажа, што тануе фатаграфіі, каб зрабіць іх аднастайнымі, і наогул хацеў бы працаваць з чорна-белымі. Самі фатаграфіі яму не здаюцца змрочнымі: «Я бачу часьцей гэтыя сюжэты, яны не выклікаюць у мяне тых эмоцый, што ў людзей, якія бачаць іх упершыню».

Ён нарадзіўся ў падмаскоўным горадзе Пушкіна, беспасьпяхова спрабаваў вучыцца ў машынабудаўнічым тэхнікуме, адкуль быў выгнаны за непасьпяховасьць, як і з інстытуту: «Я зразумеў, што лепш пакінуць гэтыя спробы».

Журналістыка, як апісвае Маркаў, зьявілася так: яму са школы падабалася пісаць, і яшчэ яго цікавілі сацыяльныя тэмы: «Першы артыкул пісаў пра сваіх сяброў-наркаманаў, якія падлеткамі „спажывалі“».

Зрэшты, хутка журналістыку выціснулі фатаграфія і валянтэрства: «Мяне ня вельмі журналістыка задаволіла у тым сэнсе, што, калі займацца адной тэмай доўга і ўдумліва, немагчыма зарабляць сабе на жыцьцё. У фатаграфіі можна здымаць адну тэму, вывучаць яе гадамі». Тое ж і пра валянтэрства, працу зь дзецьмі-сіротамі: «Маё дзяцінства ў некаторай ступені было падобнае на дзяцінства гэтых хлопцаў. Потым, калі ты доўга займаесься адной тэмай, ты ў яе апускаесься, пачынаеш разумець усё больш і больш — гэта зацягвае».

У сярэдзіне 2000-х, здымаючы валянтэрскі праект, апынуўся ў Пскоўскай вобласьці: «Я неяк патрапіў з валянтэрамі ў інтэрнат і пачаў здымаць, гэта мяне вельмі зачапіла. Потым працаваў важатым у лягеры, інтэрнаце для разумова адсталых дзяцей, потым падумаў, што можна застацца яшчэ трошачку, папрацаваць там памочнікам, у выніку завіс там на некалькі гадоў».

У адказ на пытаньне аб мяжы паміж пэўнай аддаленасьцю журналістыкі або фатографа ад ангажаванасьці валянтэра Маркаў кажа: «Я проста рухаўся інтуіцыйна. Напэўна, калі казаць пра ідэальную журналістыку, трэба глядзець трохі звысоку або з боку. А ў мяне неяк так выйшла».

З блогу Маркава: Руслан

Упершыню я сустрэў іх у раёне цэнтральнага рынку Пскову: Руслан, нібы паралімпіец, газаваў на сваёй калысцы, а на каленях у яго сядзеў запэцканы ў шакалядзе хлапчук. Выглядала гэта даволі сакавіта: я вырашыў адшукаць гэты тандэм і пафатаграфаваць. Даведаўся хатні адрас, і ўжо неўзабаве лез у іх стары дом, абмінаючы здалёк злоснага дваровага сабаку каля суседзкага плота. Як і трэба было чакаць, сямейства аказалася незвычайнае: бацька — інвалід фізычны, сын — інвалід мэнтальны, карэкцыёншчык. Мама ў гэтым сямействе калісьці была, але потым сплыла.

Я пачаў катацца зь сямействам па горадзе і фатаграфаваць. Паралельна назіраў за тым, як зьмяняецца прастора вакол інваліднага вазка. Адна рэч мець абстрактнае ўяўленьне, што ў горадзе складана вазочнікам, іншая рэч — падымаць канкрэтную каляску з канкрэтным мужыком на канкрэтнай яме. У гэты момант побач няма абыякавых: ёсьць тыя, хто дапамагае, і тыя, хто асуджае: «Куды ён зь дзіцем папёр?», «П’яны напэўна...» і г. д. Я бачыў сымпатычную дзяўчынку на Мазьдзе, якая, вырачыўшы вочы, патрабавала, каб вазок аб’яжджаў яе тачку па кустах. Але я таксама бачыў хлопца ў касьцюме (офісным, а не спартовым), які сваімі рукамі падымаў засцанага мужыка зь зямлі. Так — інваліды, аказваецца, часам ходзяць пад сябе, ня маючы фізычнай магчымасьці схадзіць куды-небудзь у іншае месца.

Катацца з Русланам і Віцем было прыкольна толькі першы раз. Ды й то толькі першы кілямэтар... Катацца сумна. Холадна. Каб неяк разнастаіць баўленьне часу, я бухаю. Напрыклад, калі Русланчык зварочвае з Кастрычніцкага праспэкту на вуліцу Леніна, я раблю важны выгляд, зграбаю бровы ў кучу і кажу, што мне трэба зрабіць Важны Званок. А потым заходжу ў шалман і сёрбаю каньяк. Адзін такі «званок» ненадоўга расфарбоўвае восеньскія будні ў цёплыя тоны, пасьля чаго працэдуру неабходна паўтарыць.

РС: Ваша гісторыя пра вазочнікаў і дзіця — здаецца, вы не адчуваеце шкадаваньня, ці гэта далёка не адзінае пачуцьцё ў адносінах да гэтых людзей?

Маркаў: Шкадаваньне, мне здаецца, ня вельмі прадуктыўнае пачуцьцё. На выпадак з Русланам і яго сынам мы, сацыяльныя работнікі, глядзім як на нейкую праблему, якую трэба вырашыць, каб ад гэтага рашэньня быў толк, а ня проста задавальненьне, што мы сабралі грошай і купілі іншую каляску, нешта яшчэ. Большая частка працы была прысьвечаная камунікацыі паміж сацыяльнымі службамі гораду для таго, каб гэты складаны выпадак неяк годна і цывілізавана вырашыць. У пачатку прапаноў было ўсяго дзьве: дзіця адправіць у дзіцячы дом, бацьку адправіць у дом інвалідаў. Хоць гэта зусім ня выйсьце. Шкадаваньне ў тым сэнсе, у якім вы разумееце значэньне гэтага слова, было, напэўна, у спробе гэтую заганную практыку зьмяніць на нейкую цывілізаваную і больш чалавечую, не разлучаць бацькі з сынам, дапамагчы ім убудавацца ў грамадзтва, замест таго каб хаваць па інтэрнатах.

РС: Нават у такім цяжкім стане ім лепш разам, чым паасобку ў інтэрнатах?

Маркаў: Вы так ня лічыце?

РС: Я лічу так сама, як вы, але выглядала гэта месцамі жудасна, вы самі апісваеце, што няпроста вам было зь імі хадзіць. У іх у канцы дарогі ёсьць сьвятло, яны рэальна могуць уладкавацца ў жыцьці?

Маркаў: Тое, што вы ўкладаеце ў слова «ўладкавацца» — мабыць, гэта хэпі-энд, і такога практычна не бывае з нашай катэгорыяй кліентаў, пачынаючы ад крызысных сем’яў і канчаючы цяжкімі выпадкамі зь дзецьмі-сіротамі. Зразумела, што для такіх людзей неабходна суправаджэньне, патрэбна нейкая пэрыядычная падтрымка. Гэта цалкам нармальная практыка ў цывілізаваным сьвеце. Прынамсі, цяпер хлопчык ходзіць у школу, дзяржаўныя органы дапамаглі аформіць усе выплаты, па магчымасьці за імі глядзяць, дапамагаюць, нешта для іх робяць. У прынцыпе, ёсьць пэўны вынік. Так, каб сказаць, што гэтая праблема вырашылася прынцыпова і ўсё выдатна — гэта вельмі складана. Так бывае вельмі рэдка. Праца з такімі людзьмі больш на доўгую пэрспэктыву. Калі хлапчук ня трапіў у інтэрнат, у яго нейкія мэханізмы для сацыялізацыі будуць вышэйшыя, калі ён вырасьце, магчыма, яго становішча будзе крыху лягчэйшае, чым было б, калі б ён правёў усё дзяцінства ў інтэрнаце.

З блогу Маркава: Руслан

Самая вялікая сьвіньня, якую можна падкласьці людзям з інваліднасьцю — гэта шкадаваньне. У пэўным сэнсе, гэта бяда куды болей сур’ёзная, чым крывыя заездаў для калясак: пандусы, урэшце, можна проста паправіць, а вытруціць з грамадзкай сьвядомасьці паблажліва-жаласьлівае стаўленьне да 8% насельніцтва РФ куды больш складана. І мяркуючы па тым, як кінуліся спагадныя людзі будаваць дом і купляць самотнаму бацьку-калясачніку аўтамабіль, многія, падобна, наогул не дапускаюць думкі, што нашы менш здаровыя суграмадзяне здольныя працаваць.

РС: Калі глядзіш на Расею вашымі вачыма, прытым што ў вас бываюць розныя фатаграфіі, сьветлыя і змрочныя, усё роўна агульны тон — няпросты. У вас самога — адчуваньне, што вы паказваеце ўскраіну жыцьця, сьвет занядбаных? Гэты сьвет у адсотках якую частку ад усяго расейскага жыцьця складае, з вашага гледзішча?

Маркаў: Я ня ведаю. Гэтыя рэчы, якія вы цяпер кажаце і якія я часта чую, для мяне, шчыра кажучы, загадка. Я нічога не хачу данесьці, вылічваць адсоткавыя суадносіны розных катэгорый грамадзян у нашай краіне. Ня трэба ні ў якім разе, гледзячы на мой інстаграм, меркаваць, што гэта Расея. Я здымаю сюжэты, якія мне цікавыя, якія мне блізкія. Калі зайсьці ў інстаграм глямурнага фатографа, там на 90% будуць мадэльныя дзяўчыны ў дарагіх вопратках — гэта ж ня кажа, што ў нас усе навокал так жывуць, ходзяць, і гэта ёсьць Расея. Камусьці цікавымі пэйзажы, мне цікавая гэтая тэма, гэтыя людзі. Я ў пэўнай ступені лічу сябе часткай гэтага жыцьця. Я проста фатаграфую тое, што мне падабаецца, тое, што я лічу цікавым і прыгожым. Якія гэта выклікае адчуваньні, ня ведаю. Гэтыя сюжэты — гэта частка майго жыцьця, частка даволі вялікая. Я бачу іншае, але я проста не фатаграфую.

Я калі прыяжджаю ў нейкі аддалены горад ці райцэнтар, там у цэнтры ўсё можа быць нядрэнна. Але мне як фатографу гэта ня так цікава, я не фатаграфую прыгожы цэнтар не таму, што шукаю разруху, проста ў старым антуражы адчуваецца прысутнасьць чалавека, адчуваецца гісторыя. Вазьміце ў правінцыі новы адрамантаваны аўтавакзал і вазьміце стары дзе-небудзь на ўскраіне райцэнтру — вы ўбачыце, што ў старым вакзале захаваліся старыя таблічкі, якія майстар выпілоўваў лобзікам, шалёўка старая, нейкія такія падрабязнасьці. А новы аўтавакзал адрамантаваны, там усё абабіта гідкай плястыкавай панэльлю, наштампаваныя малюнкі. Я ў гэтым ня бачу ні чалавека, ні гісторыі, нічога, таму я гэта не здымаю. Натуральна, мне больш падабаецца стары аўтавакзал, але не таму, што там разруха.

З блогу Маркава

Тыя, хто ў тэме, ведаюць, што пасьля інтэрнату ў шматлікіх дзяцей здараецца пэрыяд, калі яны дарываюцца да ўсяго таго, што ў дзіцячым доме было забаронена або строга абмежавана. Жаруць вёдрамі маянэз, п’юць літрамі каву і гэтак далей. З гэтым бессэнсоўна змагацца: трэба назапасіць «Мезіму» і па-стаічнаму перажыць гэтую стадыю адаптацыі. Рана ці позна, на дзявятым дзясятку яек ці трэцяй скрынцы згушчонкі, сьвядомасьць насыціцца, спусьціць сыгнал у страўнік і наступіць гармонія.


Цалкам матэрыял можна прачытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG