Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Бярозаўшчыне вяскоўцы адстаялі сваё балота ад асушэньня


Ад балота праклалі трубу, па якой праз дарогу ў канал сьцякае вада
Ад балота праклалі трубу, па якой праз дарогу ў канал сьцякае вада

Жыхары вёскі Жычын Бярозаўскага раёну абурыліся плянамі ўладаў асушыць невялікае балота побач зь вёскай. Вяскоўцы паскардзіліся нават у міністэрства, пасьля чаго чыноўнікі заявілі, што балота асушаць ня будуць.

Невялікае балота каля вёскі Жычын сяляне называюць «Мох». Гэта, бадай, адзінае балота, якое засталося ў гэтай мясцовасьці пасьля праведзенай у савецкі час мэліярацыі. Жыхары кажуць, што тут гняздуюцца вадаплаўныя птушкі, сярод якіх нават занесеныя ў Чырвоную кнігу.

У канцы траўня вяскоўцы заўважылі экскаватар, які расчышчаў канал, па якім вада пачала сыходзіць з балота. Як кажа Валер Білібуха, сябра аргкамітэту БХД, дэпутат сельсавету, які балятаваўся ад вёскі Жычын, сяляне распавялі, што іх непакоіць лёс балота:

Валер Білібуха
Валер Білібуха

«Тут жывуць многія віды птушак — жураўлі, белая чапля, якая занесеная ў Чырвоную Кнігу. Дзе яшчэ нашыя дзеці змогуць пабачыць балота, гэтых птушак, калі ўсё асушым? Акрамя таго, у Жычыне існуе праблема малой колькасьці вады ў калодзежах. Таму людзі баяцца яшчэ і таго, што і калодзежы могуць перасохнуць. Да мэліярацыі каля Жычына, кажуць старыя людзі, было вялікае балота — тады і вады шмат было, а цяпер многія калодзежы пусьцеюць у сьпякотнае лета. Дый няўжо асушэньне гэтага балотца на плошчы гектар-паўтара дасьць такую ўжо вялікую плошчу пад пасевы?»

Аляксей Жоўцікаў, намесьнік старшыні Бярозаўскага райвыканкаму па сельскай гаспадарцы распавёў журналістам, што «там трэба навесьці парадак, каб расьлі зерневыя».

Сьляды экскаватара каля балота «Мох»
Сьляды экскаватара каля балота «Мох»

Хаця балота «Мох» не зьяўляецца заказьнікам, жыхары Бярозаўшчыны зьвярнуліся ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Памочнік міністра Міхаіл Сіманюкоў даручыў разабрацца ў сытуацыі бярозаўскаму інспэктару, які прыяжджаў аглядаць балота.

У выніку цэлая дэлегацыя мясцовых чыноўнікаў сустрэлася каля балота з журналістамі і дэпутатам Валерам Білібухай. Нягледзячы на ранейшую заяву намесьніка старшыні райвыканкаму, чыноўнікі даводзілі, што балота асушаць ня будуць:

«Тут праведзеная рэканструкцыя. Канал, які існуе, расчышчаны. І на гэтым усё скончылася. Ніхто тут далей рабіць нічога ня будзе,» — кажа інспэктар бярозаўскай раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксандр Курыловіч.

ыноўнікі запэўнілі, што балота асушаць ня будуць
ыноўнікі запэўнілі, што балота асушаць ня будуць

«Але глядзіце, уласьнік гэтага ўсяго на землях калгасу, калі захоча асушыць, то пусьцяць помпы, мэліярацыю правядуць і асушаць. Могуць яны гэта зрабіць?» — кажа іншы чыноўнік.

Тым ня меней, чыноўнікі запэўнілі, што цяпер асушэньне балота каля вёскі Жычын праводзіцца ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG