Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узьлёт і падзеньне сьвядомых змагароў (канец)


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Адчуваю, што ў сэрыі думак пра сьвядомых змагароў прыйшоў час паставіць кропку, зрабіць высновы і зазірнуць у будучыню – як мы цяпер будзем жыць бязь іх.

Прырода нацыянальнага – наша неадлучная дадзенасьць. Яе не падманеш, ня купіш і не прадасі (толькі разам з сабою), яна не арыентаваная на змаганьне ці выжываньне. Натуральна, яна будзе супраціўляцца гвалту ці спрабаваць супраціўляцца ці бедаваць ад гвалту. Але, здавалася б, вынішчаная дашчэнту, да голага каменя, яна ўсё адно ўзыдзе новымі парасткамі – і вунь там, і там, дзе ніяк не чакалі, паўсюль.

Вось абураюцца новым ролікам пра «Мыйню». А зрабіце намаганьне ўявіць сабе, што гэты ролік не для вас. Ці вы лічыце, што ўкраінскія папсовыя каналы разьлічаныя на Жадана з Андруховічам, а дыска-пола глядзяць дзень напралёт вэтэраны «Салідарнасьці»? Актыўная рэакцыя на падобную прадукцыю – сьцёб зь яе аўдыторыі, як гэта робіць Альгіс Раманаўскас у сваім праекце «Літофцай». Але там нікому ў галаву ня прыйдзе, што ўсё літоўскае – стэрыльнае і адрасаванае толькі гуртку аднаверцаў-саюдзістаў.

Унутры жывое прыроды свае працэсы. І не чалавеку іх ламаць, у чым тысячу разоў чалавек пераканаўся. Галоўная каштоўнасьць прыроды ў тым, што яна жывая.

Тое самае з прыродай нацыянальнага – як і любая іншая, яна бярэ сваё, зусім ня дбаючы, падабаецца нам гэта ці не. Можа камусьці іншаму падабаецца. Сваю нацыянальную прыроду можна толькі любіць або не любіць – жыць у згодзе зь ёю – як Лукашэнка, які надзеў вышыванку, або ламаць яе – як Лукашэнка, які «адмяніў» мову. Вось жа мову не перамог, а вышыванку надзеў. Толькі не нагадвайце мне, што гэта кан’юнктура, бо што ў палітыцы не кан’юнктура…

На нашых вачах прыходзіць канец прыватызацыі нацыянальнай ідэі пэўнай групай асобаў. «Сьвядомыя змагары» затрымалі краіну ў ейным нацыянальным разьвіцьці на дваццаць гадоў. Цяпер гэты цяжкі, пакутлівы як трызьненьне пэрыяд сканчаецца, і мы зноў адчуваем, што беларушчына – жывая, што яна належыць усім і што ў згодзе зь ёю – ключ да нашага супольнага выжываньня.

Я ўжо цалкам уяўляю сабе сытуацыю недалёкае будучыні, калі кожны другі мінак, пабачыўшы на вуліцы Пушкіна з партрэтам Моніча, адчуе ў сабе высокую чалавечую годнасьць ад таго, што гэта Пушкін і гэта Моніч.

Паважаная каляжанка надоечы сказала мне, што цікавыя артыкулы я пішу, але што цяпер «нам усім канец». Меліся на ўвазе беларускамоўныя інтэлектуалы – разумныя, жывыя, адказныя людзі. Сустрэча з каляжанкай была выпадковая, і таму я не пасьпеў ёй нічога адказаць. Разьвіталіся похапкам і як на пахаваньні.

Напэўна, нешта ў гэтым ёсьць. За дваццаць гадоў мы неяк абжыліся ў тым стане комы, у якой апынуліся беларуская апазыцыя, беларуская адукацыя, беларуская кніга. Калі ж прыдушаная прырода нацыянальнага пачынае вызваляцца, зьяўляецца і апазыцыя – новая, зусім не такая, як мы прывыклі, ажывае адукацыя, прычым інтэнцыі ідуць ад бацькоў, а не ад настаўнікаў. Літаральна ўчора я быў сьведкам, як жанчына у форме МНС шчыра абуралася тым, што беларуская гімназія, у якой вучыцца яе дачка, насамрэч не беларуская. Аддаючы сюды дзіця, жанчына вельмі спадзявалася, што і сама нарэшце загаворыць па-беларуску.

Мы пачынаем казаць праўду. Ня кожны палітуцякач – такі. І ня кожны палітвязень – такі. І ня кожны, каго асудзілі за штраф – дэмакратычны актывіст. Мы пачынаем называць белае белым. Калі ты супраць Лукі – гэта ня значыць, што ты за нешта добрае.

Хто там марыў, каб па-беларуску загаварылі прастытуткі і бамжы? Ну вось, загаварылі. А вы што на тое? Ня можаце зьмірыцца, што мова «выйшла за межы гета»? А вы задумваліся калі-небудзь, хто і для каго круціць папсу ў маршрутках? Некаму ж гэта – самая лепшая музыка. Так і тут. Не пасьпеў тэрмін «прафэсійная беларушчына» набыць канчаткова адмоўнае гучаньне, аж зьявілася беларушчына для непрафэсіяналаў. Як па мне, гэта і ёсьць прыродны працэс. Можна ставіцца да папсы ў маршрутках з разуменьнем, можна проста яе ня слухаць, прыняўшы за шум, можна ўрэшце ня езьдзіць у маршрутках, але змагацца з гэтым – як мінімум, камічна. Таму адзіная адэкватная рэакцыя беларускага інтэлектуала і мусіць быць у адпаведным жанры камэдыі, якая будзе высьмейваць гэтую зьяву.

Не магу прамінуць закідаў камэнтатараў, якія інкрымінуюць мне «падтрымку Караткевіч» – проста за тое, што я сказаў: будзьце карэктнымі з жанчынай, яна ні вам, нікому не зрабіла нічога дрэннага. «Яна агент КГБ!» Ок. Адкуль мне ведаць, хто не агент, і што КГБ не стаіць на варце бясьпекі маёй краіны? Думаць я магу шмат чаго, але меркаваньні і факты – розныя рэчы. Асуджэньня варты толькі той, які прычыніў шкоду іншаму. І гэты імпэратыў не батут, на ім не паскачаш. «Яна прыўладная» – добра, калі ўлада будзе відазьмяняцца такім чынам, асабіста я «за», бо не хачу вайны, бунту таксама, а падставаў для рэвалюцыі ня бачу. «Яна фальсыфікавала подпісы!» Сёньня гэта ўвогуле пытаньне веры. Я, напрыклад, веру, што апошні ў Беларусі несфальсыфікаваны збор подпісаў адбыўся за рэфэрэндум аб адстаўцы ВС (1992). Але яго закуралесілі, не знайшлося таго, хто б сказаў «маё слова – слова эстонца» ці «маё слова – слова чачэнца», нацыянальная сьвядомасьць зацьміла нацыянальную годнасьць, і ўсё прапала. З таго часу можна толькі верыць у подпісы ўсіх кандыдатаў на ўсіх наступных выбарах. Або ня верыць. «Яна дыскрэдытуе апазыцыю», «яна адпрацоўвае грошы», «яна…» Яна займаецца той дзейнасьцю, якую лічыць патрэбнай, дакладна як і вы. Проста ў яе нешта атрымліваецца, і ў гэтым яе злачынства. Але паўтаруся, абурыла мяне ня гэта, а тое, што пачалі зьневажаць жанчыну – зусім як тую бэнгальскую дзяўчынку, якую выдралі цэлым аўтобусам мужыкоў за тое, што яна пасьмела нешта сказаць пра свае правы.

Як па мне, адзіная адэкватная рэакцыя адэкватнага чалавека, які хоча, каб у краіне адбыліся зьмены да лепшага, – пажадаць Караткевіч посьпеху. Бо гэта – як пажадаць посьпеху сабе. Тое, што яна робіць у якасьці апазыцыі – упершыню за шмат гадоў выглядае не змагарна-карыкатурна, а рыал-палітычна.

Але скончу я – пра кнігу. Проста паўтару сваю прапанову да кожнага беларускага чалавека. З кнігай у нас бяда. Мы жывем бяз кніжнага рынку. Вядома, прырода нацыянальнага бярэ сваё і ў гэтай сфэры – кнігі выходзяць. Я яшчэ не прыдумаў, як назваць сваю ідэю і як яе пашырыць. Але сутнасьць у тым, каб кожны месяц набываць адну беларускую кнігу. І ня проста набываць, а прачытваць і пісаць кароткую справаздачу ў сацсетках. Гэта зусім няшмат. Сярэднестатыстычны чэх прачытвае 10 кніжак за год. Чым мы горшыя? Дапускаю, што кніжка трапіцца вам нецікавая, нудная, пустая, дурацкая, графаманская. Не бяда, вы запомніце імя аўтара і больш ягоных кніжак не набудзеце. Але ніколі ня будзеце плявацца, калі нехта скажа вам пра гэтую кніжку, што яна захапляльная, зьмястоўная і вельмі таленавітая. Проста падумаеце сабе: прырода ў нас адна, беларуская, але ўрэшце кожнаму сваё.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG