Як можна ацаніць заклік памочніка прэзыдэнта Кірыла Рудага да грамадзян — траціць менш? Наколькі ён адэкватны і своечасовы?
Удзельнікі: Алег Грузьдзіловіч, Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: Памочнік прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях Кірыл Руды лічыць, што як дзяржаве, так і насельніцтву варта прытрымлівацца фінансавай дыеты. Такое меркаваньне ён выказаў на прэзэнтацыі англамоўнага выданьня сваёй кнігі «Фінансавая дыета».
Ён адзначыў, што насельніцтва, нягледзячы на зьніжэньне даходаў, спрабуе падтрымліваць ранейшы ўзровень жыцьця за кошт назапашаных раней зьберажэньняў.
«Мы цяпер назіраем, што людзі адклікаюць дэпазыты, спрабуюць жыць як раней. Аднак сёньня надыходзіць іншая рэальнасьць — мы павінны зьмяняць свой лад жыцьця. Дыета — гэта іншы лад жыцьця», — сказаў Руды.
На яго думку, фінансавай дыеты варта прытрымлівацца і на дзяржаўным узроўні:
«Мы можам напоўніць эканоміку грашыма, атрымаць кароткатэрміновы эфэкт, але неабходна думаць пра доўгатэрміновую пэрспэктыву. Калі ня будзем думаць пра будучыню, сутыкнёмся з дэфіцытам гандлёвага балянсу. Ідэя фінансавай дыеты — давайце траціць менш, каб грошы заставаліся нашым будучым пакаленьням, нашым дзецям».
З пункту гледжаньня прапагандысцкага эфэкту такія заявы выклікаюць толькі раздражненьне ў большасьці грамадзянаў.
У словах памочніка прэзыдэнта я б выдзеліў два аспэкты — эканамічны і ідэйна-прапагандысцкі. Дык вось, з пункту гледжаньня прапагандысцкага эфэкту такія заявы відавочна выклікаюць толькі раздражненьне ў большасьці грамадзянаў.
Увогуле, можна заўважыць, што апошнім часам беларускія чыноўнікі ўсё часьцей дапускаюць выказваньні, якія выклікаюць абурэньне ў многіх грамадзянаў.
Напрыклад, віцэ-прэм’ер Натальля Качанава ня так даўно выказалася: «Вось прыходзіць малады трэнэр на заробак 1,3 мільёна. Ну што зробіш, такі заробак...» і далей у тым сэнсе, што трэба на большае пакуль не разьлічваць.
Былая старшыня Нацбанку Надзея Ермакова казала, што ва ўмовах крызісу не абавязкова купляць новыя чаравікі, а пасьцельную бялізну можна і перашыць.
Усё гэта гучыць трошкі недарэчы на фоне таго, што самі чыноўнікі маюць катэджы ў Драздах, якія каштуюць пад мільён даляраў і не заўсёды адпавядаюць афіцыйнаму заробку. Ну, а другое — усе гэтыя пасылы пра эканомію перш за ўсё трэба накіроўваць дзяржаве. Яна павінна прыдумаць, дзе падціснуцца.
Можна зафіксаваць неадчувальнасьць беларускіх чыноўнікаў да рэакцыі грамадзянаў, а таксама перанясеньне цяжару крызісу на грамадзян.
Ва ўмовах дэмакратыі цяжка ўявіць, каб палітык казаў сваім грамадзянам менш траціць. Гэта будзе палітычнае самагубства. Такім чынам, можна зафіксаваць неадчувальнасьць беларускіх чыноўнікаў да рэакцыі грамадзянаў, да іх успрыманьня такіх слоў, а таксама перанясеньне цяжару крызісу на грамадзян. Гэта мы назіраем ва ўсіх сфэрах.
Кірыл Руды лічыцца больш прагрэсіўным чыноўнікам на фоне іншых, і ягоныя словы пацьвярджаюць, што і ён не пазьбег спакусы зьвяртацца не да выканаўчых рашэньняў, а да таго, каб зацягнуць паясы і паводзіць сябе сьціплей.
Здаецца, гэтыя заклікі ніякага ўплыву на эканамічныя паводзіны ня выклічуць, а толькі раздражненьне. Большасьць людзей цяпер трацяць больш, чым зарабляюць. Заробкі зьменшыліся, а выдаткі — не. То бок людзі дастаюць свае запасы з-пад падушак.
Глод: Віталь Цыганкоў назваў прозьвішчы некалькіх чыноўнікаў, якія час ад часу выступаюць зь нестандартнымі заявамі. І ў кожнага можна знайсьці нешта, што тлумачыць іхную здольнасьць да неадэкватных заяваў.
Давайце вернемся да фігуры Кірыла Рудага. Яго па звычцы яшчэ і дагэтуль называюць новым памочнікам прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях. Але ён не такі ўжо і новы. Прызначэньне адбылося летам 2013 году. Да таго часу ён быў выключна тэарэтыкам. Руды вядомы сваімі падручнікамі па грашова-крэдытным абарачэньні, займаўся эканамічнай тэорыяй, выкладаў студэнтам. Пасьля працаваў у беларускай амбасадзе ў Кітаі эканамічным дарадцам.
Спробы Рудага, як адказнага за эканоміку ў прэзыдэнцкай Адміністрацыі, неяк рэфармаваць беларускую эканоміку посьпеху не прынесьлі.
Я ўсё гэта згадаў невыпадкова. Спробы спадара Рудага, як адказнага за эканоміку ў прэзыдэнцкай Адміністрацыі, неяк рэфармаваць беларускую эканоміку на сучасны лад посьпеху не прынесьлі. І зразумела, чаму — кіраўнік беларускай дзяржавы, мякка кажучы, без энтузіязму ставіўся да ініцыятываў маладога памочніка.
Таму і пачаліся гэтыя даволі дзіўныя выступы, якія нечым нагадваюць нечаканыя ініцыятывы іншага былога начальніка спадара Рудага — амбасадара ў Кітаі і віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка. То Кірыл Руды прапануе клікаць у кіраўнікі беларусаў-эмігрантаў, то выступае за скарачэньне дэкрэтнага адпачынку, то публічна сумняецца, што прыватнік можа прапанаваць нешта лепшае за дзяржаву. І вось апошняя заява пра тое, што мы павінны траціць меней, каб больш засталося дзецям.
Я мог бы яшчэ зразумець гэтую заяву, калі б яна тычылася не Беларусі, а нейкай іншай, багацейшай краіны. Адкуль беларусы бяруць цяпер грошы? З заначак. Статыстыка сьведчыць: ужо тры месяцы запар насельніцтва здае ў банкі больш валюты, чым купляе. І, зразумела, не таму, што ў беларусаў зьявілася болей грошай. Наадварот, трацяць таму, што інакш не пражывеш.
І не пра будучыню дзяцей яны цяпер думаюць, а пра тое, як пражыць далей.
Заклік Кірыла Рудага, верагодна, стане апошнім. Наколькі я ведаю, МЗСі шукае для яго дыпляматычную пасаду па-за межамі краіны.
Я ведаю, што некаторыя адмаўляюцца ад замежнага адпачынку і зьбіраюцца праводзіць лета ў вёсцы ці на лецішчы. Не ад добрага жыцьця гэта робіцца. А тут памочнік прэзыдэнта заяўляе пра нейкую фінансавую «дыету».
Адзінае сьветлае ва ўсім гэтым тое, што чарговы заклік Кірыла Рудага, верагодна, стане апошнім. Наколькі я ведаю, кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі шукае цяпер для яго новую дыпляматычную пасаду па-за межамі краіны.
Цыганкоў: Можа, гэтым і тлумачыцца сьмеласьць гэтага чыноўніка? Бо за эканоміку яму далей не давядзецца адказваць.
Цэлая эканамічная школа кажа, што словы Рудага і з эканамічнага пункту гледжаньня не зусім слушныя. У момант крызісу гэта, можа, і добра, калі грамадзяне трацяць грошы: яны купляюць тавары, даюць рост ВУП. Калі ўсе грамадзяне сядуць на такую фінансавую дыету, гэта відавочна будзе падзеньне ВУП і таваразвароту, а да таго ж самая вялікая ў крызіс праблема — нізкае спажываньне. Тое, што беларусы яшчэ падтрымліваюць свой узровень спажываньня, нават заначкі свае трацяць — гэта добрая прыкмета, навошта зь ёй змагацца?
Грузьдзіловіч: Я б больш абараняў Кірыла Рудага. Зьвярну ўвагу на ягоную фразу, што мы назіраем, што людзі адклікаюць дэпазыты. Я бачу тут ягоную трывогу як фінансіста за сытуацыю менавіта ў банкаўскім сэктары. Бо калі людзі забіраюць дэпазыты, не дачакаліся, што атрымаюць грошы па працэнтах, гэта небясьпечна для банкаў. Рана ці позна гэта прывядзе да вымываньня грашовай масы, а тут ужо блізка да фінансавага краху. Тут яго можна зразумець. Гэта сымптом таго, што людзі ня проста потым бягуць з гэтымі грашыма на рынак і купляюць каўбасу — не, гэта сымптом таго, што некаторыя, у каго быў крэдыт, хто будаваў кватэру ці купляў аўтамабіль, — яны або страцілі працу, або ў іх скараціліся заробкі. Чалавек ня можа сплаціць гэты крэдыт і бярэ дэпазыт, каб расплаціцца. Гэта паказчык дрэннай эканамічнай сытуацыі.
У заявеРудага асноўны мэсыдж адрасаваны ня простым людзям, якія забіраюць дэпазыты, не дзяржчыноўнікам — кіраўніцтву.
Кірыл Руды разумее, чым гэта можа скончыцца, і хоча гэта прадухіліць. Але ў ягонай заяве пра дыету асноўны мэсыдж адрасаваны зусім ня простым людзям, якія забіраюць дэпазыты, не дзяржчыноўнікам — кіраўніцтву. Чалавек, які шмат гадоў знаходзіцца побач з кіраўніком краіны, ведае, як трацяцца там грошы, і ўбачыў, што інакш дагрукацца са сваімі прапановамі немагчыма, акрамя як празь людзей. Магчыма, там зноў ідуць размовы пра будоўлю спартовых, лядовых палацаў ці рэзыдэнцыяў, якія і без таго зрабілі вялікую дзірку ў бюджэце.
Трэці адрасат — кіраўнікі буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, тыя спажыўцы дзяржаўнай падтрымкі. Ім, безумоўна, выносяцца папярэджаньні, што хутка гэта ўсё скончыцца, вам трэба разьлічваць на інвэстыцыі, круціцца і гэтак далей. Але тут Кірыл Руды апэлюе да таго, ад каго нічога не залежыць. Што значыць кіраўніка МАЗу ці МТЗ заклікаць шукаць інвэстыцыі, калі ён добра разумее, што ўсе інвэстыцыі ўпіраюцца ў палітычную сыстэму Беларусі? Яшчэ нейкі бізнэсмэн сярэдняй рукі знойдзе 10 тысяч у Польшчы ці дзе. А такія інвэстыцыі, як патрэбна БелАЗу, МАЗу, «Гродна Азоту»? Правалілася праграма інвэставаньня, ніхто не купляе «Азот». Вялікі інвэстар не ідзе сюды, бо разумее, што яго тут абкладуць, забяруць грошы. Тым больш, застаюцца дзяржаўныя чыноўнікі на ўладных пасадах у прадпрыемствах. Пакуль ня вырашана кардынальнае пытаньне, каму належыць гэтае прадпрыемства, ніякіх інвэстыцыяў сюды ня прыйдзе. Кірыл Руды грукае дзьвярыма, перад тым як сысьці.
Глод: А можа, ён робіць намёк — ня трацьце грошы цяпер, а прытрымайце, бо будзе яшчэ горшы час?