Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высоцкі па-беларуску


Старонка з кнігі
Старонка з кнігі

Уладзімер Высоцкі. «Пра жыцьцё, пра волю, пра сябе...» Укладаньне, прадмова і пераклад Міхася Булавацкага. Менск, «Кнігазбор», 2015.

Адшукаўшы на старонках кнігі чутыя з дзяцінства «Два лісты», «Коні наравістыя», «Пра стукача», я ўсьцешылася. Памяць імгненна вярнула мяне ў той шчасьлівы час, калі жыцьцё раптам набыло новыя колеры і адценьні, бо мой бацька набыў прайгравальнік. Кружэлак займелі багата: дзіцячыя казкі, тагачасныя шлягеры пра мяцель-завіруху, бусла на даху, яблыкі на сьнезе. Але я і мае сябры, што завітвалі пасьля школы ў госьці, ратуючыся ад гіпэрапекі ўласных бацькоў і бабуляў-дамаседак, найчасьцей выбіралі песьні Высоцкага. Чаму? Да мы і самі спачатку не зразумелі. На ўроках музыкі і сьпеваў такое не вывучалі. Пасьля трапным адказам на гэтае пытаньне прагучалі неспадзяваныя словы маёй аднаклясьніцы: «Як гэтыя песьні слухаеш, дык думаць трэба». Вядома, у дзесяць гадоў адчуць і цалкам усьвядоміць глыбіню зьместу, суаднесьці адчайнае імкненьне да волі з тым, што наўкола пануе, немагчыма. Але пакрысе нават мы пачалі здагадвацца, што ў «Паляваньні на ваўкоў» і «Песьні пра жырафа» сьпяваецца ня толькі пра зьвярыныя звычкі.

Вось і Міхась Булавацкі ў прадмове сьцьвярджае прыкладна тое самае, што казала тая маленькая школьніца сярэдзіны 80-х, толькі, зразумела, робіць гэта з пункту гледжаньня сталага адукаванага чалавека пераканаўча і вобразна: «Песьні Высоцкага не атрымаецца слухаць бяздумна. Пад іх не будзеш выгінацца і курчыцца на дыскатэках, пад іх не будзеш выпіваць у рэстаранах (хаця такое дзе-нідзе і практыкуецца). Яны ня стануць музычна-шумавым фонам для чалавека, які заняўся нейкай справай. Бо яны прыцягваюць, прымушаюць услухоўвацца ў сэнс слоў, падзей, чакаць разьвязкі. Бо там гісторыі, драмы, там пачуцьці і вобразы, нечаканыя павароты і эфэктныя фіналы. Там жыцьцё...»

Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

Для мяне сёньняшняй, ды і ня толькі для мяне, творчасьць Уладзімера Высоцкага прывабная яшчэ й тым, што не прымае падзелу на масавае і элітарнае мастацтва. Паслухаць, зацікавіцца і зразумець хаця нешта можа кожны, а вось пачуць барда па-сапраўднаму! Гэта, як даказвае перакладчык, прыводзячы рэальныя прыклады, не заўсёды атрымліваецца нават у ягоных камэнтатараў.

Шлях Міхася Булавацкага да асэнсаваньня вершаў і песень Уладзімера Высоцкага быў даволі пакручастым, але плённым: ад скептыцызму да захапленьня і ўпартай працы над перакладамі на беларускую мову. На сёньняшні час ён мае два зборнікі перакладаў — «Я не падману...» і «Пра жыцьцё, пра волю, пра сябе...». «Выявілася, што людзей, якія прыязна ставяцца да беларускамоўных варыянтаў тэкстаў Высоцкага, ня так ужо й мала» — дзеліцца ён сваімі ўражаньнямі ад выступаў і водгукаў на публікацыі. Цяжка не пагадзіцца. Нехта робіць тое, нягледзячы на нелюбоў улады да Высоцкага, нехта насуперак гэтай нелюбові, але і першыя, і другія адчуваюць тое самае, што лірычныя героі знакамітага барда, бо голас свабоднага чалавека несвабоднай краіны няздольны хлусіць, даводзіць пра тое што іх хвалюе:

Дайце сабакам мяса —
Хай яны пагрызуцца!
П’яніцам —хмельнага квасу:
Можа, яны абыдуцца.
Зерне ў зямлю пасеем —
Можа, мы з хлебам будзем.
Каб вараньнё не сыцела,
Болей стаўляйце пудзіл.
Час пакахаць — каханым
Дайце хоць кут для абоіх!
Добра, я стану рахманым —
Дайце ж вы мне свабоду!...

Але нават прагны да волі вязень усё адно застаецца вязьнем, незалежна ад часу і месца зьняволеньня:

...Зь зерня ня выйшлі ўсходы!
Што за такія цуды?!
Далі мне ўчора свабоду...
Што я рабіць зь ёй буду?

(«Дайце свабоду»).

Для тых жа, хто лічыць пераклады на беларускую мову немэтазгодным заняткам, маўляў, па-расейску і так усё зразумела, Міхась Булавацкі прыводзіць аргумэнты, зь якімі цяжка не пагадзіцца. Прачытайце — і пераканайцеся. Адзін зь іх — выказваньне Мікалая Гумілёва: «Каб спасьцігнуць паэта, трэба прачытаць яго перакладзеным на ўсе мовы.»

Дарэчы, паспрабаваць ацаніць майстэрства перакладу і талент творцы можа кожны чытач зборніка, бо тэксты вершаў пададзены побач з іх перакладамі. Варта адзначыць, Міхась Булавацкі даволі ахайна ставіцца да арыгіналу твора, імкнучыся па магчымасьці захаваць і рыфмы і рытм, адшукаць мэтафары, каб чытацкае вока не чаплялася за стылёвыя неадпаведнасьці.

Разам з тым перакладчык не застаецца безаблічным. Што, як ні дзіўна, ідзе не на шкоду, а на карысьць кнізе. Ён не імкнецца нешта перарабляць дзеля выяўленьня ўласнай грамадзянскай пазыцыі, прыдумляць тое, чаго ў арыгінале і блізка няма, не ставіць сабе на мэту супернічаць з аўтарам у літаратурным майстэрстве, а крочыць іншым шляхам. Напрыклад, перакладае верш «Выбар» блізка да тэксту, амаль слова ў слова, адшукаўшы дакладныя беларускія адпаведнікі, і прысьвячае свой пераклад Міхаілу Жызьнеўскаму:

«Шлях ці труна? Ізгой ці небыцьцё?
Так выбар небагаты перад намі.
Нам прапануюць марнае жыцьцё.
Мы зь ім скаваны моцна кайданамі.

І нехта ж выбірае наўздагад
З бязглуздай верай, як зачараваны.
Але ж хіба жыцьцё — што ў ланцугах?
Які ж то выбар — калі ты скаваны?...»

Для сваіх перакладаў Міхась Булавацкі абірае разнастайныя творы, і лірычныя і гумарыстычныя, тыя, што заўжды на слыху, і малавядомыя. У прадмовах да разьдзелаў імкнецца наладзіць адваротную сувязь з чытачамі, дзеліцца сваімі думкамі, уражаньнямі, раіцца, спрачаецца, спрабуе растлумачыць.

Думаецца, што гэтае выданьне ўжо знайшло багата прыхільнікаў. А колькі яшчэ знойдзе! Немалую ролю ў гэтым адыграў не толькі зьмест, але і аздоба: невялікі памер, цьвёрдая вокладка, густоўныя здымкі робяць кнігу зручным чытвом у дарозе і выдатным падарункам сябру — аматару творчасьці Ўладзімера Высоцкага. А такія знойдуцца ў любой кампаніі незалежна ад інтэлектуальнага ўзроўню і прафэсійнага складу. Нават нараканьні перакладчыка на недакладнае веданьне тэкстаў песень Высоцкага нашымі сучасьнікамі можна лічыць камплімэнтам слыннаму барду. Бо цяперака нават імёны колішніх ягоных дарадцаў, прызнаных у свой час славутасьцяў у асяродку, далёкім ад навукі і літаратуры, збольшага пазабываліся, а пра іхнія вершы наогул што й казаць: ня ведалі і ведаць ня хочуць!

Для кагосьці пашана да спадчыны Высоцкага — глыток вольнага паветра, для кагосьці ўспамін пра яскравую маладосьць. Але варта толькі азірнуцца навокал і вы абавязкова пабачыце іх — шараговага пэнсіянэра, каторы калісьці так упадабаў «Я не люблю», «Нуль сем» і «Дыялёг ля тэлевізара», што дасюль не прызнае ані іншых сьпевакоў, ані іхніх сьпеваў, ці жанчыну, якая, нягледзячы на свой сьціплы заробак лябаранта, штогод сьвяткуе дзень народзінаў любімага барда, шыкуючы не абы-які стол.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG