Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Таджыкістане рыхтуюцца да перадачы ўлады сыну прэзыдэнта. У Беларусі такое таксама магчыма, — экспэрт


Падчас галасаваньня на рэфэрэндуме ў Таджыкістане
Падчас галасаваньня на рэфэрэндуме ў Таджыкістане

Большасьць жыхароў Таджыкістану прагаласавалі за дапаўненьні і зьмены ў Канстытуцыю краіны, якія пашыраюць паўнамоцтвы дзейнага прэзыдэнта Эмамалі Рахмона і аблягчаюць магчымасьць перадачы ўлады ягонаму сыну Рустамі.

«За папраўкі прагаласавала 3 мільёны 814 чалавек, або 94,5% тых, хто галасуе, супраць — 134 тысячы 171 чалавек, або 3,3%», — паведаміў кіраўнік ЦВК Таджыкістану Бахтыер Худаерзода.

Улады краіны вынесьлі на разгляд больш за 40 паправак. У прыватнасьці, прапаноўвалася скараціць узроставы цэнз для кандыдатаў у прэзыдэнты і дэпутаты, забараніць стварэньне партыяў рэлігійнага і нацыяналістычнага характару, а таксама фінансаваньне палітычных сіл з-за мяжы.

Міжнародныя экспэрты зьвяртаюць увагу на ўзмацненьне ўлады прэзыдэнта краіны Эмамалі Рахмона — паводле новых правілаў ён зможа вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах безь якіх-колечы абмежаваньняў.

У Беларусі рэфэрэндум, які скасаваў колькаснае абмежаваньне для вылучэньня адной асобы на пасаду прэзыдэнта, адбыўся ў 2004 годзе. На думку палітоляга Паўла Вусава, нельга сказаць, што азіяцкія краіны паўтараюць нешта з таго, што адбылося ў Беларусі:

Павал Вусаў
Павал Вусаў

«Усё наадварот. У Беларусі адбываюцца тыя працэсы, якія ўжо даўно мелі месца ў Азіі. Фактычна, у Беларусі склалася азіяцкая мадэль кіраваньня. У нас ёсьць элемэнты клясычнага аўтарытарызму, але мэнтальнасьць і пэўныя спосабы рэалізацыі ўлады даволі моцна нагадваюць тое, што адбываецца ў Сярэдняй Азіі, дзе, за выключэньнем Кіргізіі, ня склалася нават прыступкі да дэмакратыі. Асаблівасьць такіх рэжымаў у тым, што асоба не зьяўляецца там каштоўнасьцю, успрымаецца як прадмет, нявольнік, які павінен абслугоўваць інтарэсы ўладнай эліты».

Прэзыдэнт Таджыкістану, зьмяніўшы Канстытуцыю, падрыхтаваў умовы для рэалізацыі пляну «пераемнік», лічыць палітоляг:

«Якія будуць вынікі рэфэрэндуму ў Таджыкістане? Тут няма ніякага сакрэту. З улікам асноўных пытаньняў, якія выносіліся на галасаваньне, будзе неабмежаваны тэрмін для прэзыдэнцтва і зьмяншэньне ўзросту для кандыдата ў прэзыдэнты. Гэтыя папраўкі зьвязаныя з тым, што прэзыдэнт Рахмон рыхтуе ўмовы для перадачы ўлады свайму сыну, які, як і Віктар Лукашэнка, працуе ў сілавых структурах. Далей будзе працягвацца зьнішчэньне любых магчымасьцяў для апазыцыі і мабілізацыя ўнутраных рэсурсаў вакол прэзыдэнта і магчымага пераемніка. Там ужо склалася моцная кланава-сямейная сыстэма, у межах якой сваякі Эмамалі Рахмона займаюць самыя важныя дзяржаўныя пасады».

Патэнцыйнаму пераемніку Эмамалі Рахмона — ягонаму сыну Рустамі цяпер 29 гадоў. Узроставы цэнз для кандыдатаў у прэзыдэнты Таджыкістану зьменшаны з 35 да 30 гадоў.

Рэалізацыя такога ж пляну ў Беларусі, на думку Паўла Вусава, будзе залежаць не ад згоды ці нязгоды грамадзтва, а ад таго, ці падтрымае пераемніка Лукашэнкі Масква:

«У Беларусі падобны рэфэрэндум адбыўся ў 2004 годзе — тады Лукашэнка атрымаў магчымасьць балятавацца неабмежаваную колькасьць разоў. І хоць мэханізм зьмены Канстытуцыі і мабілізацыі ўлады вакол адной пэрсоны традыцыйны для ўсіх постсавецкіх краін, у Беларусі ёсьць свая спэцыфіка. Калі Лукашэнку спатрэбіцца плян перадачы ўлады камусьці з сыноў, то ніякіх фармальных перашкодаў для гэтага не паўстане. Бо права, закон і Канстытуцыя ў Беларусі не працуюць. Я не выключаю, што ў Беларусі адбудзецца перадача ўлады ад бацькі да сына — а ў гэтым і заключаецца азіяцкая мадэль палітычнага кіраваньня. Адзінае пытаньне, калі гэта адбудзецца і ці падтрымае такі плян Расея. Справа ў тым, што думка грамадзтва не цікавіць уладу, а вось ці задаволіць такі плян Маскву — будзе мець вырашальнае значэньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG