Актывісты міжнароднай валянтэрскай групы InformNapalm, якая выяўляе сьляды расейскай вайсковай актыўнасьці за мяжой, апублікавалі на мінулым тыдні артыкул пад назвай «Выяўлены шлях перакіданьня прарасейскіх баевікоў у Беларусь». Там сьцьвярджаецца, што Фонд дапамогі «Наваросіі» ў Беларусі дапамагае ня толькі мірным жыхарам Данбасу, але і так званым «апалчэнцам» — у тым ліку садзейнічае іх перапраўцы ў Беларусь і дастаўляе на Данбас баевікам вайсковую амуніцыю.
Фонд дапамогі «Наваросіі»: Масква і Менск
Сам фонд дапамогі «Наваросіі» знаходзіцца ў Маскве, афіцыйна ён займаецца дастаўкай адраснай гуманітарнай дапамогі на Данбас. Праўда, ва Ўкраіне шмат хто сумняецца, што ўсё абмяжоўваецца гуманітаркай — ёсьць меркаваньне, што фонд таксама пастаўляе баевікам зброю і амуніцыю. У інтэрнэце можна знайсьці шмат фатаздымкаў кіраўніка фонду Глеба Карнілава на Данбасе ў камуфляжы і са зброяй. Вядома таксама, што ў канцы 2014 году ён атрымаў кулявое раненьне ў жывот. Акрамя таго, Карнілаў у Расеі актыўна займаецца папулярызацыяй «Наваросіі» і апявае гераізм «апалчэнцаў».
Ніякай афіцыйнай рэгістрацыі Фонд дапамогі «Наваросіі» ў Беларусі ня мае. Фактычна адзіная іх плятформа — гэта суполка «Ўкантакце» «Фонд Помощи Новороссии. Беларусь», у якой каля 500 падпісчыкаў. Як пазначана ў суполцы, яны ажыцьцяўляюць збор дапамогі для мірных жыхароў так званых «ДНР» і «ЛНР». Каардынуюць дзейнасьць беларускага філіялу мянчук Павал Альшэўскі і жыхар Гародні Аляксандар Базюкоў — працаваць яны пачалі зь лютага 2015 году.
Павал Альшэўскі нарадзіўся ў Сімфэропалі ў 1988 годзе. На сайце «Миротворец», дзе акумулюецца інфармацыя пра сэпаратыстаў, ён фігуруе як чалавек, які зьбірае і дастаўляе матэрыяльную дапамогу баевікам на Данбасе. Ягоны брат жыве ў Крыме і падчас анэксіі паўвострава Расеяй уваходзіў у так званую «крымскую самаабарону».
Аляксандар Базюкоў нарадзіўся ў 1972 годзе ў Тальяці (Расея), прызываўся ў 1990 годзе ў армію, служыў ва ўнутраных войсках. Удзельнічаў у Першай чачэнскай вайне. Цяпер жыве ў Гародні, працуе ў аўтасэрвісе, адзін з арганізатараў мясцовага мотафэстывалю.
У інтэрвію Свабодзе Аляксандар Базюкоў распавёў пра сваю дзейнасьць, абверг абвінавачаньні ў дапамозе баевікам, але некаторыя факты, апублікаваныя групай InformNapalm, усё ж пацьвердзіў.
«Гэта ў любым выпадку нашы людзі»
— Аляксандар, што сабой уяўляе Фонд дапамогі «Наваросіі» ў Беларусі?
— Фактычна гэта група валянтэраў. Некаторыя зь іх займаюцца перапраўкай грузаў (у тым ліку я), некаторыя займаюцца зьбіраньнем грузу.
— А як вы зьвязаныя з Фондам дапамогі «Наваросіі» ў Маскве?
— Ніяк не зьвязаныя. Мы проста патэлефанавалі Глебу Карнілаву, папрасілі дазволу выкарыстоўваць іх эмблему — ён не адмовіў. З тых часоў мы проста выкарыстоўваем іх эмблему.
— Як вы пачалі займацца гэтай дзейнасьцю?
— Ды вельмі проста. Убачылі ў інтэрнэце аб’яву, што шукаюць кіроўцу, які б пагадзіўся давезьці гуманітарны груз да Данецку. Я пагадзіўся давезьці яго на ўласным аўтамабілі. З гэтага ўсё і пачалося — так я пазнаёміўся з Паўлам Альшэўскім, ён мне распавёў пра саму ідэю, і мы вырашылі зь ім пачаць гэтым займацца.
— То бок вы так проста пагадзіліся ўзяць і асабіста паехаць у зону баявых дзеяньняў, каб даставіць гуманітарны груз?
— Па-першае, я мотападарожнік. Езджу далёка і шмат. Па-другое, гэта ж ня Сырыя і не Іран, гэтая вайна тычыцца нас наўпрост. Гэта ў любым выпадку нашы людзі.
«Расейскія памежнікі нас папярэдзілі, што ўсе зьвесткі пойдуць у наш камітэт»
— Калі вы хацелі проста дапамагчы людзям, то чаму вырашылі ўзяць назву з адназначнай палітычнай афарбоўкай? Чаму менавіта дапамогу «Наваросіі», а не Данбасу?
— Я расеец, і таму, напэўна, так усё і склалася. Мы думалі і праз Украіну паехаць, але не адважыліся. Не хацелі сустракацца з «Правым сэктарам». А ехаць праз тэрыторыю Расеі — там жа абсалютна ніякіх праблем.
— І ў вас не было праблем, калі вы першы раз заяжджалі на тэрыторыю, падкантрольную «ДНР»?
— Расейскія памежнікі нас адразу папярэдзілі, што ўсе дадзеныя пра нас (ну, што мы заяжджаем на тэрыторыю Данецкай вобласьці з боку Расеі) пойдуць у наш Камітэт (дзяржаўнай бясьпекі. — РС). Пасьля гэтага Альшэўскі сазваніўся з хлопцамі, якія абяцалі нас сустрэць (а ён зь імі дзесьці ў інтэрнэце пазнаёміўся) і праводзіць да Данецку. Гэтыя людзі прыехалі пад КП (кантрольны пункт. — РС) і сустрэлі нас.
— А ў КДБ на размовы вас потым не выклікалі?
— Гутаркі былі і ёсьць, але я б не хацеў пра гэта гаварыць. На ўсіх людзей, якія езьдзяць на той бок, заведзены тыя ці іншыя справы.
«У „ЛНР“ нас не пусьцілі і прамым тэкстам папрасілі хабар»
— Наколькі я разумею, вы працуеце толькі на тэрыторыі «ДНР», у «ЛНР» вы ня езьдзіце. Чаму?
— Былі неяк вялікія чэргі на мяжы, і я вырашыў паехаць праз «ЛНР». На іхні памежны пераход нас не пусьцілі. Не пусьцілі і прамым тэкстам папрасілі хабар. Калі б папрасілі грашыма, то яшчэ добра. А яны папрасілі 10-ю частку грузу аддаць ім. Я наагул стараюся не даваць хабару, а тут у такой сытуацыі, і яны ведалі, каму ідзе груз... Карацей, я адмовіўся і вярнуўся назад. А наагул людзям з «ЛНР» я дапамагаю, адзінае, што я не заяжджаю туды.
— Вы з Альшэўскім атрымлівалі падзячную грамату ад аднаго з кіраўнікоў «ДНР» Андрэя Пургіна. Што там была за гісторыя?
— Гэта мы атрымалі за дастаўку грузу ў Горлаўку. Горлаўку тады моцна абстрэльвалі, а ў нас было 16 пасылак, і хлопцы з аднаго падразьдзяленьня наважыліся дапамагчы. Мы туды паехалі, а ў той момант Горлаўку інспэктавалі лідэры «ДНР» — і Захарчанка, і Пургін, і іншыя. Нас прадставілі, нам падзякавалі. А калі прыехалі наступным разам, нас запрасілі на размову і ўручылі грамату.
— InformNapalm зьвярнуў увагу на ваш пост у сацсетках, дзе вы віншавалі зь юбілеем палявога камандзіра Ігара Безьлера (Беса) «ад усіх, хто пад яго началам ваяваў». Дык вы ваявалі разам?
— У мяне ёсьць сябар Валодзя Карташоў, які служыў пад кіраўніцтвам Безьлера і які мяне зь ім пазнаёміў. Калі я езьдзіў у Горлаўку, там якраз быў Безьлер. Так, я віншаваў. Але гэта ня значыць, што я служыў там. Я ні разу нідзе не ўжываў зброі, ня браў яе ў рукі.
— І ўсё ж якога кшталту дапамогу вы аказваеце?
— Прадукты харчаваньня. Рэчы, сродкі гігіены. Часам будматэрыялы, калі людзі просяць, але невялікія, я ж вязу на ўласным аўтамабілі — у мяне джып. Нам жа ніхто з транспартам не дапамагае — я важу толькі на ўласнай машыне з прычэпам.
— Дык гэта выключна адрасная дапамога?
— Не абавязкова. Ёсьць адрасныя пасылкі — ну, напрыклад, людзі, якія прыехалі сюды ад вайны, яны зьбіраюць пасылкі для сваякоў і адпраўляюць праз нас. Ну, і нашы дзяўчаткі шукаюць, хто мае патрэбу, па інтэрнэце, і зыходзячы з гэтага складаем маршрут. Ёсьць канкрэтныя пасёлкі ў раёне перадавой, ёсьць маленькія дзіцячыя дамы на пэрыфэрыі, куды ўлада нават не зазірае.
У Беларусі больш ляяльна ставяцца да былых баевікоў
— Вы кажаце, што дапамагаеце выключна мірным жыхарам Данбасу. Але ў лютым 2015 году ў вас у суполцы «Ўкантакце» быў пост, што для «воінаў на перадавой» ідзе збор амуніцыі, у тым ліку бінокляў, аптычных прыцэлаў для вінтовак і аўтаматаў, вайсковай формы. Значыць, дапамагалі вы яшчэ і «апалчэнцам»?
— Не, я магу гарантаваць, што за ўвесь час толькі адна адрасная пасылка была дастаўлена «апалчэнцам» — у ёй былі мэдыкамэнты. Чалавек ляжаў у шпіталі тады з адарванай нагой, а сам ён беларус, і мама яму сабрала пасылку. Больш ні разу «апалчэнцам» мы не дапамагалі. Гэта прынцыповая ўмова была. Я сам служыў у арміі, я ледзь-ледзь засьпеў вайну, і я лічу, што людзі, якія пайшлі ваяваць, яны павінны адказваць за свае дзеяньні. А людзі, якія пакутуюць па віне людзей, якія ваююць, — гэта зусім іншае.
А што тычыцца таго паста... У нас у суполцы раней было вельмі шмат палявых камандзіраў — быў Валодзя Новікаў, камандзір падразьдзяленьня «Троя», быў камандзір брыгады «Пятнашка» «Абхаз». Магчыма, гэта каго-небудзь зь іх быў пост, і мы проста яго разьмясьцілі ў суполцы. Але гэта пэўна ня мой асабісты пост.
— InformNapalm таксама піша, што вы дапамагаеце перапраўляць баевікоў і зь Беларусі на Данбас, і з Данбасу ў Беларусь. Такое было?
— Там была адна сытуацыя зь Ігарам Калядой (21-гадовы баявік з гораду Тарэз. — РС). Я быў у Данецку, мне тэлефануе хлопец — маўляў, мяне выбухам аглушыла, я амаль інвалід, мяне трэба вывезьці. Я кажу — ніякіх праблем, давай. Я забраў яго, я забраў яшчэ дзьвюх дзяўчатак, якія хацелі зьехаць у Беларусь. Каляду выгрузіў у Менску (яго сваякі сустрэлі), а дзяўчатак — адну ў Баранавічах, адну ў Салігорску. Я ж шмат сюды людзей прывёз, у іх тут або сваякі, або знаёмыя, або яны проста ўцякалі ад вайны, але нічога супрацьзаконнага я не зьдзяйсьняў. У людзей былі на руках пашпарты, а як яны далей тут жылі — гэтага я ўжо ня ведаю. Вось гэты Ігар Каляда аказаўся «апалчэнцам», але гэта быў адзіны «апалчэнец», каго я вывез у Беларусь. Туды з мужчын я вёз толькі аднаго музыку данецкага. А ў асноўным гэта жанчыны або сем’і — я іх перавозіў у той ці іншы бок і не хаваю гэтага.
— Наагул кажуць, што ў Беларусь шмат прыяжджае былых баевікоў...
— Прыяжджаюць, вядома. Вельмі шмат. Гэта на самой справе. Людзі ішлі ваяваць за ідэю, а потым расчараваліся ў гэтай ідэі. Заставацца на тэрыторыі Данецку — не з рукі. Жыць у Расеі — праблематычна. Вось і зьяжджаюць у Беларусь — у Беларусі больш ляяльна да іх ставяцца, напэўна.
«Беларусы ня надта імкнуцца дапамагчы»
— А колькі ўсяго актывістаў бярэ ўдзел у працы фонду ў Беларусі?
— У нас у Беларусі ёсьць 10 дзяўчатак у розных гарадах і нас двое — я і Альшэўскі. Гэта значыць, усяго 12.
— А зь якімі цяжкасьцямі вы сутыкаецеся ў сваёй працы?
— Фінансавыя цяжкасьці самыя складаныя. Мы ж зьбіраем грошы, хто колькі зможа, і, як правіла, грошай не хапае.
— А грошы вы зьбіраеце ўласнымі сіламі ці хтосьці ахвяруе сродкі з боку?
— Бывае, што і з боку. У нас быў раней спонсар. Ня буду называць яго імя, але дапамог ён нам вельмі моцна з красавіка па ліпень мінулага году — ён 4 ходкі нашы цалкам праспансіраваў. Сам ён адтуль родам, але жыве і працуе ў Беларусі ўжо даўно. А так у асноўным гэта тое, што мы самі знаходзім, плюс дапамагаюць людзі з Расеі. Беларусы так ня надта імкнуцца дапамагчы.
— Я бачыў вашы пасты ў сацсетках — вы распавядалі там, што быццам зазнавалі «нападкі нацыяналістаў». Пра што ідзе гаворка?
— Ну як... Невядомыя мне білі шкло ў машыне пад домам, запіскі пад дворнікамі пакідалі, мне пагражалі ў інтэрнэце. Хоць наўпрост да мяне ніхто не прыяжджаў.
А ў мяне ж у машыне пад лабавым шклом сьцяжкі: адзін — «ДНР», другі — эмблема брыгады «Пятнашка». Я ж не хаваю сваіх поглядаў. Я расеец і прытрымліваюся больш Расеі, чым Захаду, хоць у Захадзе мне таксама шмат што падабаецца.
— Як вы ўсё ж лічыце, хто вінаваты ў гэтай вайне?
— Вінаватыя тыя людзі, якія ўзялі ў рукі зброю. Але канкрэтна сказаць не магу. Вы ж разумееце, што калі я расеец і езджу я з таго боку, то я па ўсіх сваіх паняцьцях павінен вінаваціць украінцаў і Парашэнку. Але я гэтага не скажу. На самой справе, калі на пачатку вайны я глядзеў на гэта з аднаго боку, то цяпер... Па лёгіцы, менавіта тыя людзі, у каго ў руках зброя, яны і вінаватыя. Карацей, сапраўды ня ведаю... Гэта складанае пытаньне.
Ведаеце, я неяк вывозіў сям’ю, якая жыве на ўкраінскім баку. Але воляю лёсаў — у іх там два дарослыя хлопцы, якіх павінны былі забраць у войска — яны прабраліся на тэрыторыю «ДНР». Яны прайшлі праз МДБ, іх адпусьцілі, і вось яны папрасілі іх вывезьці ў Беларусь — то бок жонка і муж, і двое хлопцаў. І вось я іх вёз да нейкіх сваякоў пад Менскам. І я вам скажу, што ў іх зусім іншы погляд на тое, што адбываецца, яны, наадварот, кажуць, як дрэнна на баку «ДНР»... Таму я кагосьці вінаваціць не магу.