Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі заступілася за «начных ваўкоў»


Міністэрства замежных спраў Расейскай Фэдэрацыі выказала польскаму боку «рашучы пратэст» у сувязі з адмовай упусьціць на тэрыторыю краіны ўдзельнікаў гурту «Расейскія матацыклісты» (вядомых як «начныя ваўкі»).

У МЗС Расеі была выкліканая амбасадар Польшчы, якой выказаны «рашучы пратэст».

На сайце расейскага зьнешнепалітычнага ведамства зьявілася заява, у якой гаворыцца, што МЗС расцэньвае адмову Варшавы пусьціць на тэрыторыю Польшчы расейскіх матацыклістаў як адмову у магчымасьці «аддаць даніну павагі савецкім воінам, якія загінулі пры вызваленьні Эўропы ад фашызму». Гэты крок Польшчы ацэнены як «асабліва цынічны і зламысны жэст, накіраваны на сьвядомае пагаршэньне расейска-польскіх адносінаў».

«Асаблівае абурэньне выклікае той факт, — гаворыцца далей ў заяве МЗС РФ, — што згаданае рашэньне было прынятае пасьля таго, як у красавіку гэтага году расейскія ўлады аказалі максымальна магчымае спрыяньне польскаму боку ў правядзеньні на тэрыторыі Смаленскай вобласьці мэмарыяльных мерапрыемстваў, зьвязаных з гадавінай катынскай трагедыі і катастрофы польскага прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам 10 красавіка 2010 году».

Раней семярых чалавек з арганізацыі «Начныя ваўкі» не прапусьцілі праз польскую мяжу. Матацыклісты зьявіліся на памежным пераходзе ў Тэрэспалі ў нядзелю каля 13-ай гадзіны. Пасьля кантролю, які працягваўся каля дваццаці хвілін, іх завярнулі назад, паведамляе польскі тэлеканал TVN24.

«Мы не дазволілі ўезд сямі падарожнікам, якія заяўляюць пра сваю прыналежнасьць да мотаклюбу „Начныя ваўкі“», — заявіў прэсавы сакратар Надбужанскага аддзелу памежнай аховы. «Прычынай забароны ўезду на тэрыторыю Польшчы была пагроза дзяржаўнаму ладу і грамадзкай бясьпецы», — патлумачыў прэсавы сакратар. Ён дадаў, што падарожнікам уручылі дакумэнты з рашэньнем, на якія яны могуць падаць апэляцыю.

У суботу ўвечары мяжу ў Тэрэспалі перасекла група да дваццаці «Начных ваўкоў» з пашпартамі краінаў Эўразьвязу. Яны пераначавалі ў Тэрэспалі і ў нядзелю раніцай чакалі на польскім баку мяжы рэшту групы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG