1–9 траўня ў Менску пройдзе тыдзень «Рухі да міру» («ДвижениЯ к Миру»), які ладзіць моладзевая праваабарончая група «Беларусь».
Мэта — паказаць, якім чынам збройны канфлікт на Данбасе закранае беларусаў, і прапанаваць адмовіцца ад цацак і вопраткі, якія зьвязаныя з вайсковай тэматыкай.
Каардынатарка тыдня «Рухі да міру» Анастасія Жаўрыд кажа, што праваабарончая група «Беларусь» ладзіць асьветніцкія праграмы ў галіне правоў чалавека і гуманітарнага антыфашызму.
«Мы сур’ёзна задумаліся пра прасоўваньне ідэяў міратворчасьці пасьля таго, як распачаўся расейска-ўкраінскі канфлікт. У нас шмат сяброў, якія жывуць па розныя бакі гэтага канфлікту — і ў Расеі, і ва Ўкраіне. У Беларусі няма актыўнага міратворчага руху, наадварот, вайна ў нашай краіне рамантызуецца і праслаўляецца — гэта асабліва заўважна падчас так званых травеньскіх сьвятаў. Мы хочам прасоўваць ідэі негвалтоўнасьці і бяззбройнасьці», — кажа Анастасія.
Актывістка адзначае, што вайна разумеецца па-рознаму, і мэта арганізатараў акцыі — паказаць, што ваенныя дзеяньні могуць адбывацца ў сьвядомасьці чалавека:
«У беларускай моладзі ёсьць уяўленьне, што вайна адбываецца на тэрыторыі суседніх краін, ня ў нас. Мы хочам гаварыць пра тое, што ня трэба ў гэтай сытуацыі займаць пазыцыю „мая хата з краю“. Трэба разумець, што вайна — гэта ня толькі тое, што мы бачым у фільмах. Ёсьць некалькі разуменьняў ваенных канфліктаў. Мы хочам разглядаць іх на глыбокім узроўні і падымаць тэму таго, што вайна пачынаецца ў сьвядомасьці людзей і можа акаляць нас нават у мірны час. У Менску вельмі шмат плякатаў, якія ўтрымліваюць ваенную тэматыку, у крамах прадаюцца цацкі, якія імітуюць зброю. Насамрэч, вайна вакол нас. На пачатку траўня абвастраецца рамантызацыя вайны. Менавіта таму мы абралі часам для правядзеньня міратворчых імпрэзаў 1–9 траўня», — тлумачыць актывістка.
У межах тыдня «Рухі да міру» — лекцыі і абмеркаваньні ваеннай тэматыкі і нават асваеньне мэдытатыўных практык, якія супрацьпастаўляюцца канфліктам.
«Мы будзем ладзіць манстрацыю „Мір! Тру! Мы!“. Што такое манстрацыя? Гэта даведзеная на абсурду дэманстрацыя. У нашым выпадку гэта будзе нейкая пародыя на першамайскую дэманстрацыю. Сярод іншага мы хочам зьвярнуць увагу на тое, што ў Беларусі праблемы са свабодай сходаў і мы ня можам выказваць сваю пазыцыю адкрыта. Таксама будзе цікавая акцыя, у межах якой мы заклікаем разьвітацца з цацкамі і адзеньнем на вайсковую тэматыку. Кожны ахвотны зможа прынесьці іх у вызначанае месца і ўзамен атрымаць міратворчы значок», — кажа Анастасія Жаўрыд.
Падрабязная праграма тыдня «Рухі да міру» — тут.