Паводле экспэртаў Freedom House, летась горай са свабодай прэсы, чым у Беларусі, было толькі ў Паўночнай Карэі, Туркмэністане, Узбэкістане, Крыме і Эрытрэі. Куба і Экватарыяльная Гвінэя атрымалі такую самую ацэнку, што і Беларусь — 91 бал. Дзясятку найгоршых перасьледнікаў свабоды прэсы дапаўняюць Іран і Сырыя.
Як могуць сказаць некаторыя, за краіну крыўдна. Ня ў тым сэнсе, што Freedom House ня мае рацыі або што ў Беларусі свабода прэсы ня горшая, чым у Літве (33-е месца — 23 балы), Польшчы (51-е месца — 28 балаў) або Ўкраіне (112-месца — 53 балы). Але чаму Беларусь, як ні глядзі, горш за Расею, якая апынулася на 176-м месцы з 83 баламі?
На маё суб’ектыўнае адчуваньне сытуацыя са свабодай прэсы ў 2015 годзе ну ніяк не пагоршылася, калі параўноўваць з тым жа 2014 годам
Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што ацэнка Беларусі ў сёлетнім дакладзе Freedom House (91 бал) — крыху лепшая, чым у леташнім (93 балы). Але яна не настолькі лепшая, каб выпіхнуць Беларусь зь дзясяткі найгоршых прыгнятальнікаў свабоды прэсы.
Я пазваніў чалавеку, які пра факты ўціску свабоды прэсы ў Беларусі ведае ўсё, бо пасада ў яго такая: Андрэю Бастунцу, кіраўніку Беларускай асацыяцыі журналістаў. І запытаўся ў яго, чаму ацэнка Беларусі ў дакладзе Freedom House такая нізкая. На маё суб’ектыўнае адчуваньне сытуацыя са свабодай прэсы ў 2015 годзе ну ніяк не пагоршылася, калі параўноўваць з тым жа 2014 годам.
«Як мы бачым, у рэйтынгу Freedom House ёсьць тры паказальнікі: узровень палітычных свабодаў, узровень прававых свабодаў і ўзровень эканамічных свабодаў — сказаў Андрэй Бастунец. — Паводле гэтага індэксу, сытуацыя ў Беларусі крыху палепшылася толькі ў палітычнай сфэры. А што тычыцца прававой і эканамічнай сфэры, Беларусь атрымала тыя самыя балы, што і раней. Я думаю, што гэта прыкладна так і ёсьць, бо сытуацыя са СМІ ў Беларусі ва ўсякім разе не палепшылася. Я нагадаю, што зь мінулага году ў нас дзейнічаюць зьмены ў законах аб СМІ, які ўскладнілі сытуацыю з традыцыйнымі мэдыямі і ўзялі пад кантроль інтэрнэт-рэсурсы».
Адносна фактаў канкрэтнага ўціску незалежных СМІ ў Беларусі апошнім часам Андрэй Бастунец сказаў:
«Што тычыцца 2015 году, то ў цэнтры ўвагі быў перасьлед журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі мэдыямі без акрэдытацыі. Было 28 выпадкаў штрафаў для журналістаў. Гэта працягваецца і ў 2016 годзе — маем ужо 10 штрафаў. Ну і сярод гучных справаў, якія знаходзіліся пад увагай грамадзкасьці ўжо сёлета, была справа, зьвязаная са зьбіцьцём журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага. Дарэчы, Сьледчы камітэт працягвае разьбіральніцтва гэтай справы».
Ацэнку робяць людзі, якія цяжка працуюць, каб ведаць пра той рэжым як найбольш
Што тычыцца паказальнікаў са сфэры палітычных свабодаў, дык Freedom House у сваёй ацэнцы свабоды прэсы бярэ пад увагу такія чыньнікі, як уплыў уладаў на інфармацыйны зьмест СМІ; доступ журналістаў да крыніц афіцыйнай інфармацыі; свабода выконваньня прафэсійных абавязкаў айчыннымі і замежнымі карэспандэнтамі; маштаб цэнзуры і самацэнзуры; факты запалохваньня журналістаў і небясьпеку фізычнай расправы над імі.
У сфэры эканамічных свабодаў разглядаюцца такія чыньнікі, як дзяржаўны кантроль над СМІ; кошты дзейнасьці дзяржаўных і недзяржаўных СМІ; уплыў агульнай эканамічнай сытуацыі на дзейнасьць СМІ.
У сфэры прававых свабодаў, зьвязаных зь дзейнасьцю СМІ, Freedom House разглядае заканадаўства (законы, распараджэньні, крымінальны кодэкс), якое вызначае межы дазволенага для журналістаў і накладае кары за тое, што лічыцца недазволеным; судовую практыку ў справах, зьвязаных з выконваньнем журналісцкай прафэсіі.
У суме, на агульную ацэнку свабоды прэсы ў паасобнай краіне складаюцца 23 частковыя ацэнкі, разьдзеленыя на тры згаданыя вышэй сфэры.
У сувязі з гэтым мне прыгадваецца, што гадоў 10-12 таму, калі я яшчэ працаваў у аналітычным аддзеле Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, Freedom House зьвярнуўся да мяне з просьбай паўдзельнічаць у ацэнцы свабоды прэсы ў Беларусі як экспэрту-ацэншчыку. Наколькі помню, паасобную краіну на той час ацэньвалі тры экспэрты. Калі я прачытаў умовы гэтай ацэнкі — у якой, акрамя балаў па канкрэтных паказальніках, трэба было пісаць тлумачэньні гэтых балаў і падаваць канкрэтныя прыклады ўціску СМІ — я адмовіўся, хоць яны і прапанавалі за гэта нейкі ганарар. Зашмат працы. То бок што я хачу гэтым сказаць? А тое, што ацэнку сытуацыі са СМІ, на аснове якой потым вызначаецца рэйтынг Freedom House, ня робіцца «ад балды», людзьмі, якім, скажам, не падабаецца беларускі рэжым і яго адносіны да журналістыкі. Ацэнку робяць людзі, якія цяжка працуюць, каб ведаць пра той рэжым як найбольш...