Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: Беларусь не атрымала за Чарнобыль ніякіх кампэнсацыяў


Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай з нагоды 30-годзьдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У тэксьце, зьмешчаным на старонцы Рады ў Фэйсбуку, канстатуецца, што «Беларусь больш за ўсе краіны пацярпела ад Чарнобылю і што наступствы гэтай катастрофы будуць адчувацца ў Беларусі многія стагодзьдзі. Траціна тэрыторыі Беларусі была забруджаная радыяцыяй, вялікія абшары зрабіліся непрыдатнымі да жыцьця чалавека. Рэзка вырасьлі паказьнікі захворваньня беларусаў на хваробы, выкліканыя наступствамі Чарнобыльскай аварыі — у першую чаргу, анкалягічныя».

У заяве Рады БНР адзначаецца, што «прамую адказнасьць за Чарнобыльскую катастрофу і яе наступствы для Беларусі нясе таталітарны камуністычны рэжым — як цэнтральныя агульнасаюзныя ўлады, так і акупацыйныя „рэспубліканскія“ ўлады БССР:

— Сама Чарнобыльская катастрофа сталася вынікам неэфэктыўнага савецкага гаспадараньня, неэфэктыўных савецкіх тэхналёгій і хібаў пры выкананьні праектных і будаўнічых працаў;

— Пасьля аварыі камуністычныя ўлады імкнуліся замоўчваць ці заніжаць маштабы таго, што адбылося, ажно да таго моманту, калі радыяцыйныя выкіды з Чарнобылю дайшлі да краінаў Заходняй Эўропы;

— Камуністычныя кіраўнікі праявілі злачынную бязьдзейнасьць
у найбольш крытычныя першыя дні пасьля аварыі, праводзячы
ў звычайным рэжыме першамайскія масавыя мерапрыемствы замест таго, каб папярэдзіць пра неабходныя меры бясьпекі;

— Паводле наяўнай інфармацыі, савецкая авіяцыя наўмысна саджала радыяактыўныя хмары на тэрыторыі Магілёўшчыны і Гомельшчыны, каб яны не пайшлі далей у бок Расеі і Масквы».

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі зьвяртае ўвагу, што «Беларусь не атрымала ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай ніякіх кампэнсацый ані ад цэнтральных савецкіх уладаў, ані ад юрыдычнага пераемніка СССР — Расейскай Фэдэрацыі».

У заяве таксама гаворыцца, што «рэжым А. Лукашэнкі яшчэ зь 90-х гадоў праводзіць палітыку па рэкультывацыі чарнобыльскіх тэрыторый і адзначыўся рэпрэсіямі супраць навукоўцаў, якія папярэджваюць пра небясьпеку гэткае палітыкі. Забруджаныя тэрыторыі выкарыстоўваюцца для сельскагаспадарчай вытворчасьці. Удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС пазбаўленыя ільготаў. Акрамя гэтага, рэжым А. Лукашэнкі без належнага грамадзкага абмеркаваньня і ня маючы дэмакратычнага мандату ад народу Беларусі будуе атамную электрастанцыю ў Астраўцы, на мяжы зь Літоўскай Рэспублікай, выкарыстоўваючы расейскіх кантрактнікаў і савецкія тэхналёгіі».

Таксама Рада БНР заклікала «да адказнай палітыкі ў энэргетыцы, сельскай гаспадарцы і разьвіцьці тэрыторый, каб не дапусьціць рызыкі паўтарэньня аналягічнай аварыі і каб найбольш эфэктыўна пераадольваць наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС».

«Рада БНР патрабуе прыпыненьня будаўніцтва Астравецкай атамнай электрастанцыі да моманту паўнавартаснага, адкрытага і справядлівага абмеркаваньня гэтага пытаньня ў беларускім грамадзтве», — гаворыцца ў заяве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG