Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарнобыльскі шлях»: жалобны мітынг дазволілі, але перанесьлі месца збору


Менгарвыканкам дазволіў «Чарнобыльскі шлях» у аўторак 26 красавіка, але зьмяніў умовы яго правядзеньня.

Пра гэта Свабодзе паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі Юрась Меляшкевіч:

«Сёньня адбылася сустрэча ў Менгарвыканкаме, дзе заяўнікам паведамілі, што зьмяняюцца ўмовы правядзеньня акцыі. Мы плянавалі збор на пляцоўцы каля Акадэміі навук а 18 гадзіне, з 19-й плянавалі распачаць шэсьце па вуліцы Сурганава да царквы ў гонар абраза Маці Божай „Адшуканьне згінулых“, што побач з паркам Дружбы народаў. Там жа — жалобны мітынг і ўскладаньне кветак.

Нам зьмянілі месца збору, дазволіўшы сабрацца каля кінатэатру „Кастрычнік“. Скарацілі час збору — з 18 да 18:30, і за кошт гэтага падоўжылі час шэсьця — з 18:30 да 20:00. Агулам акцыя мае прайсьці цягам трох гадзін. Вядома, мы незадаволеныя такімі ўмовамі, але падпарадкоўваемся, каб правесьці акцыю».

У адказе Менгарвыканкаму напісана, што мітынг з ускладаньнем кветак мае адбыцца на пляцоўцы каля памятнага знаку "Ахвярам Чарнобыля" з 20.00 да 21.00.

Пасьля шэсьця каля капліцы ў парку Дружбы народаў адбудзецца жалобны мітынг.

Паводле арганізатараў «Чарнобыльскага шляху», асноўныя лёзунгі акцыі: «Чарнобыль не завяршыўся — катастрофа працягваецца», «Не — Астравецкай АЭС» і «Чарнобыль — 30 гадоў хлусьні Крамля і ўлады Аляксандра Лукашэнкі».

Арганізатарамі «Чарнобыльскага шляху» выступіла Партыя БНФ, рух «За свабоду», рух салідарнасьці «Разам», Беларуская партыя «Зялёныя», Абʼяднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Ганаровай старшынёй аргкамітэту стала ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG