Свой зварот у выканкам Сяржук Бахун накіраваў 10 сьнежня 2015 году. І адразу атрымаў адпіску ў стылі «у нас дзьве дзяржаўныя мовы». Адзінае, яму паабяцалі разгледзець зварот на паседжаньні гарвыканкаму.
«Я больш нічога не пісаў, — сказаў Бахун Свабодзе. — Ідэю даў, а пераконваць іх, нейкія аргумэнты прыводзіць, калі ў іх няма жаданьня, я ня стаў».
На мінулым тыдні, 15 красавіка, Сяржук Бахун атрымаў адказ зь Берасьцейскага гарвыканкаму. «У выніку праведзенай працы на сайце гарвыканкаму створаны неабходны інструмэнт перакладу інфармацыі на беларускую мову», — напісана ў лісьце.
Выявілася, аднак, што неабходны інструмэнт — гэта аўтаматычны онлайн-перакладчык translate.google.com. Імёны асабовыя ён не адрозьнівае ад агульных, і імя дэпутаткі Любові Казлоўскай, напрыклад, пераклаў як «Каханне Казлоўскі».
20 красавіка гэтую беларускую вэрсію сайта выдалілі. Але засталася аналягічная ангельская, дзе беларускія прозьвішчы гэтаксама літаральна перакладзеныя на ангельскую. У сьпісе дэпутатаў цяпер можна пабачыць наступныя кур’ёзы: Казлоўская Любоў — E. Kozlovskaya Love, Старык Алена — OLD Elena, Карабо Юры — Karabakh Yury, Пух Валянціна — Pooh Valentina.
Камэнтароў зь Берасьцейскага гарвыканкаму на гэты конт пакуль не паступала. Бахун спрабуе датэлефанавацца да выканаўцы, пазначанага ў лісьце, але пакуль безвынікова.
«Бачны почырк нашых чыноўнікаў, — сказаў ён. — Галоўнае — адмазацца. Вось мы, маўляў, зрабілі — да пабачэньня. Я ж лічу, што беларуская вэрсія павінна быць стартавай на любым сайце. У нас у Канстытуцыі беларуская мова запісана першай. Але галоўнае, што беларуская мова — нацыянальная».