Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На каго раўняецца Беларусь


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Ня самая пасьпяховая ў сьвеце краіна, ня самая камфортная для самарэалізацыі чалавека. Гэта ж так, здавалася б, натуральна – глядзець, як зладжана ў іншых, і пераймаць.

У Беларусі закрылі ўсе радыёхвалі, апроч ФМ. Кажуць, ніхто ня слухае кароткія, сярэднія і даўгія. І вось, ад’ехаўшы 50 км ад Менску ў бок Вільні, я лаўлю сваім прыймачом амаль усё суквецьце літоўскіх ФМ. Ну ня будзеш жа мучыць сябе Русскім радіо і ўбогімі «хітамі» Біэй зь Юністарам. Яшчэ сто км па Беларусі я слухаю Літву: проста навіны, адкрытыя дыскусіі, джаз, альтэрнатыву, клясыку і, само сабой, актуальную музыку, якой у нас не пачуеш (бо яе трэба купляць). «Нашы» каналы з навінамі Арэнбургу і Цьмутаракані паступова прападаюць, і бліжэй да Астраўца застаецца адна Літва.

Беларускія ФМ засталіся ў мінулым тысячагодзьдзі, нават без уліку іхнае несвабоды. Яны наскрозь правінцыйныя і спрэс расейскія. Цікава, што фору ўсяму гэтаму «эфіру» даюць якраз каналы дзяржаўныя. Зьяўляецца мова, прападае правінцыйнасьць.

І тут я хачу зьмяніць тэму, перайшоўшы да зьместу радыёперадач. Дакладней, да адной тэмы, якая радыкальна адрозьнівае нас і літоўцаў.

Маленькая Літва, што ўступіла ў НАТО і Эўразьвяз, мае валюту эўра і мінімалку 350 эўраў, 650 км мяжы з РБ і 650 гадоў жыцьця з намі ў адной дзяржаве, апынуўшыся пасьля СССР у сьвеце іншых цывілізацыйных стандартаў, увесь час прыглядаецца да сваёй новай кампаніі. Пра гэта і дыскутуюць на літоўскіх ФМ. На каго раўняцца, што ў каго падгледзець для сябе, а ў чым нават паказаць сваю перавагу. За прыклад не бяруцца краіны-монстры, кшталту Нямеччыны. А вось Ірляндыя ці Ісляндыя – самае тое. Як там у іх арганізаванае жыцьцё – ад глябальнага да самых дробязяў быту?

Ну гэта ж нармальна. Калі беларусы на зямлі будуюць свой дом, яны ня толькі каталёгі гартаюць, але і абходзяць тэрыторыю, прыглядаюцца, як у іншых зробленыя стрэхі, адмосткі, платы, як арганізаваная тэрыторыя. Тысяча дробязяў, фабрыка ідэй, спаборніцтва густаў. Найлепшае пераймаецца, агульны ўзровень жыцьця падвышаецца.

У жыцьці мы заўсёды на кагосьці раўняемся, аж пакуль самі не дасягаем таго ўзроўню, калі становімся прыкладам для іншых. І гэтым актыўна займаюцца нашы суседзі па колішнім СССР, цяпер самыя пасьпяховыя з былых савецкіх рэспублік – латышы, літоўцы, эстонцы. Яны абавязкова з кагосьці бяруць прыклад. Інакш не бывае.

Адкрыю сакрэт: мы таксама гэтым займаемся – пераймаем усё лепшае з заходняе цывілізацыі. Але мы робім гэта кантрафактна, «по умолчанію», як «само сабой зразумелае». Без публічнай дыскусіі, бо сама тэма – на каго раўняецца Беларусь – табу. У нас «свой шлях»… Сорамна? Крыху сорамна.

Далёка ня самая пасьпяховая ў сьвеце краіна, ня самая камфортная для самарэалізацыі чалавека. Гэта ж так, здавалася б, натуральна – глядзець, як у іншых зладжаныя страха, адмосткі, плот. І пераймаць. І гаварыць пра гэта. Але – цыц.

Я ня надта веру ў «свой шлях», бо найбольш выразны ўзор такога шляху – КНДР. На маю думку, шлях для ўсіх адзін, гэта праходзім мы яго кожны па-свойму. Нехта вырашае горда бамжаваць, а нехта стараецца быць ня горшым за суседзяў. Ясна, што беларусам, большасьці бліжэй другое.

Ясна таксама, што тэма перайманьня найлепшых узораў кволіцца недзе ў кабінэтах улады, але не пускаецца на прапагандысцкія каналы, якія прадпісваць беларусам яшчэ трохі пацярпець, перацярпець, прыцярпецца, а зусім не заклікаюць проста жыць – як тыя ж ірляндцы з ісляндцамі.

Ну не на Расею ж раўняцца і, пагатоў, не на краіны СНД.

Беларусь перажывае крызіс аўтарытарнай мадэлі ўлады. Мы рэальна раўняемся на Захад у побыце і працы, нават у заканадаўстве. Адзіная сфэра, дзе мы на яго не раўняемся – аўтарытарызм. Ён забараняе нам дыскутаваць, з каго нам браць прыклад, які мы і так бярэм дэ факта, а змушыныя казаць пра «свой шлях», які толькі і выяўляецца ў гэтым самым аўтарытарызме. Інакш кажучы, змушаныя самі сабе казаць няпраўду і ў гэтую няпраўду верыць. Штохвіліны, штодня, 20 гадоў.

Я нават не пра дэмакратычныя каштоўнасьці кажу, не пра патас гуманізму і не пра лёгіку. Дастаткова голых лічбаў – ВВП, рэальныя даходы насельніцтва, бюджэтныя расходы на сілавы блёк і на культуру, адукацыю, мэдыцыну…

Параўнаньне настолькі красамоўнае, трэба толькі яго зрабіць. А не рабіць выгляд, што мы і сапраўды раўняемся толькі на саміх сябе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG