Візыт Аляксандра Лукашэнкі на саміт Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, яго сустрэчу з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам мы папрасілі пракамэнтаваць экспэрта ў справах Блізкага Ўсходу, аналітыка цэнтру імя Астрагорскага Сяргея Богдана.
Богдан: Гэта — працяг супрацоўніцтва з пэўным блёкам краінаў на Блізкім Усходзе, якія вызначаюцца сваім кансэрватызмам і сувязямі з Захадам: гэта Турэччына, гэта пэўныя арабскія манархіі Пэрсыдзкай затокі, гэта Пакістан. Ёсьць намер працягваць гэтую палітыку, у тым ліку і праз далучэньне да Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва (АІС), дзе гэты блёк краінаў і дамінуе. Калі Беларусь атрымае статус назіральніка ў АІС, гэта дазволіць беларускім дыпляматам мець на рэгулярнай аснове дадатковыя кантакты з краінамі гэтага блёку.
Я не перабольшваў бы значэньня сустрэчы з Эрдаганам. Эрдагану не было часу абмяркоўваць з Лукашэнкам стратэгічныя праекты. Гэта пратакольная сустрэча, якую мелі ўсе удзельнікі форуму.
РС: Сяргей, дык гэта тым больш дзіўна. Словы Пуціна пра кіраўніцтва Турэччыны, якія прагучалі на прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнта Расеі, сьведчылі пра тое, што стасункі паміж РФ і Турэччынай застаюцца вельмі кепскімі. Вы кажаце, што асаблівай карысьці ад сустрэчы з Эрдаганам для Беларусі не было і не магло быць. Дык нашто было дражніць саюзьніка?
Гэта лінія менавіта на нэўтралітэт, а не на зьмену боку.
Богдан: Я мяркую, што можна казаць пра сымбалічнае значэньне сустрэчы Лукашэнкі з Эрдаганам, але гэта хутчэй працяг палітыкі на пабудову квазінэўтралітэту. Гэта лінія менавіта на нэўтралітэт, а не на зьмену боку. У сытуацыі, калі канфрантацыя Расеі і Турэччыны не спадае, Лукашэнка выглядае ворагам у вачах расейскіх СМІ. Пры той напружанасьці, якая існуе ў рэгіёне, працягваць заставацца паміж бакамі — гэта патрабуе вялікіх высілкаў. Але Менск працягвае гэтую лінію, якая пачалася гадоў 10 таму.
Я мяркую, што ў Масквы цяпер ня так шмат варыянтаў, каб адказаць на пераход Лукашэнкам нейкіх «чырвоных лініяў». Адказ можа быць толькі ў форме, рызыкоўнай для самой Масквы. У Беларусі няма парлямэнцкай барацьбы, няма паўнацэннага партыйнага жыцьця, няма прарасейскай сілы. Таму магчымы варыянт дзеяньняў — палацавыя інтрыгі супраць Лукашэнкі.
РС: Падчас нядаўняга абвастрэньня канфлікту ў Карабаху МЗС Беларусі выступіў з заявай, у якой прыгадала прынцып тэрытарыяльнай цэласнасьці. Наступствам гэтага стаў выклік у МЗС Армэніі пасла Беларусі, якому было выказанае незадавальненьне Ерэвану.
Гэта інцыдэнт зьвязаны з візытам Лукашэнкі ў Стамбул? Ці можна казаць пра мусульманскі ўхіл зьнешняй палітыкі Беларусі? Ці канкрэтна ў карабаскім канфлікце Беларусь больш на баку Баку? Ці гэта проста непісьменнасьць нейкага клерка з МЗС РБ?
Богдан: Пазыцыя Беларусі па карабаскім канфлікце выдатна кладзецца ў шэраг з непрызнаньнем Косава, з пазыцыяй па Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, з пазыцыяй Беларусі па Крыме. Можна прыгадваць усялякія агаворкі, тое, што сказаў, а што не сказаў Уладзімер Макей, але наколькі Беларусь можа сабе дазволіць, яна кажа, што тое, што адбылося з Крымам, гэта ня ёсьць добра.
І ў гэтым шэрагу пазыцыя па Карабаху выглядае даволі пасьлядоўнай — мы грунтуемся на нормах міжнароднага права, таму паводле гэтых нормаў Армэнія па шэрагу пунктаў ня мае рацыю.
І візыт у Стамбул, і заява па Карабаху — гэта лінія на аслабленьне абмежаваньняў, якія на Беларусь накладае сяброўства ў АДКБ.
І візыт у Стамбул, і заява па Карабаху — гэта лінія на аслабленьне абмежаваньняў, якія на Беларусь накладае сяброўства ў АДКБ. Гэтае сяброўства пагражала тым, што Беларусь возьмуць у аброць і беларускія салдаты паедуць некуды ваяваць за нечыя інтарэсы. І зразумела за чые — за інтарэсы Масквы.
Менск сваімі паводзінамі гэтую арганізацыю расхістаў, праўда, ня толькі ён. І ў выніку Беларусь і Армэнія — чальцы АДКБ, але Менск не дэманструе ніякага жаданьня падтрымліваць Ерэван у канфлікце з Баку.
Менск зараз можа дазволіць сабе даволі шмат. АДКБ, Эўразійскі саюз, СНД — гэта ўсё назвы. Дэ-факта Беларусь нэўтральная. А тое, што гэтая пазыцыя падаецца варожай расейскім СМІ — гэта праблема іх неадэкватнага ўспрыняцьця сьвету.